Ілья КУРГАН: “Жыць было так цікава!..”

- 14:32Моя школа

Сёння ў гасцях праекта “Мая школа” — адзін з карыфееў дыктарскай групы, легендарны голас Беларускага радыё, майстар мастацкага слова, педагог, прафесар, заслужаны артыст Беларусі Ілья Львовіч КУРГАН.

Сын беларускай зямлі

У пачатку гутаркі чалавек сталага веку, Ілья Львовіч, на маю просьбу расказаць пра свае школьныя гады адказаў:

— Эх, дзе ты, маладосць! Адыходзяць людзі — сябры, калегі, а вось я ніяк не збяруся. Мне ж ужо 93-ці год ідзе… Ды і забываецца многае. Відаць, памяць сама рэгулюе, што пакідаць, а ад чаго пазбаўляцца. Яна адсейвае непатрэбныя рэчы, пакідаючы самае важнае.

Род бацькі Ільі Кургана, Льва Ільіча Эйдэльмана, пахо­дзіць з Плешчаніц. У яго было пяць братоў і чатыры сястры, якія ўсе вывучыліся і выйшлі ў людзі. Маці, Хася Аро­наўна, была родам з Лагойшчыны, працавала выхавальніцай у дзіцячым садку, а потым інспектарам аддзела адукацыі. Не маючы спецыяльнай адукацыі, яна валодала педагагічным чуццём. Шмат чытала сама і дзецям прывіла любоў да гэтага занятку. Дзякуючы ёй, у сям’і падтрымлівалася высокая ­культура маўлення і паводзін.

Старэйшы сын Эйдэльманаў нарадзіўся 26 мая 1926 года яшчэ да пераезду ў Мінск. Імя Ілья дасталася яму ў спадчыну ад дзеда. Хлопчык нічым не адрозніваўся ад сваіх аднагодкаў: дваровыя кампаніі і бойкі, улетку — футбол, а ўзімку — санкі.

— У той час мы жылі ў бараку на Чырвонаармейскай. “Кватэра” знаходзілася на другім паверсе, а на першым была невялікая, амаль сялянская, гаспадарка: куры і парсючок. ­Аднойчы парсючок прыхварэў, і мы з маці на вяровачцы павялі яго да ветэрынара. Але парсюк аказаўся вяртлявы і збег. Лавіць яго прыйшлося аж на праезнай частцы.

Сямейнымі сцежкамі

Чым адрозніваліся ўсе дзеці Льва Ільіча і Хасі Аронаўны, дык гэта здольнасцю да навук. Школьная праграма ім давалася лёгка.

— Я пачаў вучыцца ў Мінску, у сярэдняй школе № 5, што знаходзілася на вуліцы Леніна, у самым цэнтры Мінска. ­У памяці засталіся ўспаміны пра школу як пра незвычайны час, бо настаўнікі былі ў нас “ненармальныя” — апантаныя імкненнем даць нам веды і, нібы акцёры, маглі пераўвасабляцца, каб данесці патрэбную інфармацыю.

У мінскай школе, дзе вучыўся Ілья, працавала шмат педагогаў, якія выкладалі яшчэ ў дарэвалюцыйны час, калі гэта была гімназія. Узровень выкладання быў такі высокі, што вучыцца дрэнна было проста абразліва. У трэцім класе настаўніца Сцепаніда Іванаўна стала давяраць Ільі чытанне новых твораў уголас перад класам (у яго ўжо тады быў добры голас і цудоўная дыкцыя). З гэтай прычыны ён атрымаў мянушку Патэфон. Менавіта ў школе, па сцвярджэнні Ільі Львовіча, яго навучылі правільнаму рускаму і беларускаму маўленню.

Апаленае дзяцінства

— Калі пачалася вайна, мне было 15. Я быў старэйшым дзіцем. Нас у бацькоў было чацвёра: я, Іосіф, Данік і Аркадзь. Браты пасля вайны дасягнулі поспеху ў жыцці: Іосіф за шматгадовую працу атрымаў званне заслужанага будаўніка Беларусі, Аркадзь — заслужаны трэнер Беларусі, сярод выхаванцаў якога Максім Мірны і шмат вядомых прадстаўнікоў беларускай тэніснай школы. На жаль, сярэдні з братоў, Данік, трагічна загінуў
у час вайны.

У першыя дні вайны сям’я была вымушана пехатой адпраўляцца на ўсход. Пасля першых бамбёжак Мінска іх дом быў разбураны — не засталося ні рэчаў, ні дакументаў. Адзіным магчымым ва­рыянтам была эвакуацыя. Так і ішлі ў калоне разам з іншымі бежанцамі па Ма­скоўскай шашы, а нямецкія самалёты зблізку расстрэльвалі людзей. Калі атрымлівалася, падчас налётаў хаваліся ў прыдарожным лесе, а калі ішлі полем, каб неяк уратаваць дзяцей, маці сваім целам закрывала іх ад варожых куль.

Малодшага брата, шасцігадовага Да­ніка, з імі не было: на той момант разам з іншымі дзецьмі з дзіцячага садка ён адпачываў на загараднай дачы ў Фа­ніпалі. Усе былі ўпэўнены, што дзяцей паспелі эвакуіраваць, але праз некаторы час сям’я даведалася, што адыходзячыя войскі вярнулі дзяцей у Мінск. Родная цётка, сястра маці, знайшла малога і пэўны час даглядала яго. Але потым, як сказалі знаёмыя, Данік разам з цёткай загінуў у засценках Мінскага гета.

— Мы паспелі эвакуіравацца: спачатку пехатой да Барысава, потым цягніком да Масквы, далей — у далёкі Самар­канд. Там бацька ўладкаваўся грузчыкам, ­а маці — прыбіральшчыцай. Неўзабаве ­бацьку, якому было ўжо 45 гадоў, мабілізавалі на фронт, пад Сталінград. На шчасце, тата прайшоў усю вайну і вярнуўся ў Мінск…

Галерэя памяці

Падыходзячы да вялікай, пад самую столь, кніжнай паліцы, разглядаем кнігі, сярод якіх мастацкія творы беларускай і сусветнай класікі, шмат спецыяльнай літаратуры па сцэнічным маўленні.

— Усе кнігі набываў сам, — расказвае Ілья Львовіч. — Найперш тое, што падабалася. Акрамя гэтага, пастаянна папаўняў рэпертуарны запас мастацкіх тэкстаў, якія прапаноўваў студэнтам на занятках. Большасць з іх дрэнна ведала беларускую літаратуру — нават школьную праграму. Яны часта былі ўражаны тымі творамі, якія я прыносіў.

Я стаў займацца педагагічнай дзейнасцю яшчэ студэнтам: заняткі ў студыях, прыватныя ўрокі, а потым, калі скончыў інстытут, пачаў выкладаць і ў альма-матар, даводзілася займацца нават з дзеячамі беларускай культуры, якія дрэнна валодалі беларускай мовай.

Ілья Львовіч звяртае маю ўвагу на галерэю фотаздымкаў, выстаўленых за шклом:

— Жыць было так цікава… Мяне акружалі цікавыя лю­дзі. Чалавекі. Кожны са сваёй годнасцю і недахопамі. Мне пашанцавала на людзей, і яны да мяне вельмі добра ставіліся.

Пачэсныя месца сярод фотаздымкаў займаюць выявы знакамітых тэатральных педагогаў.

— У мяне былі фантастычныя педагогі, — расказвае Ілья Львовіч. — Сярод іх самымі важкімі асобамі былі легенды тэатра і кіно Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў і Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч. Менавіта яны зрабілі з мяне чалавека, заклаўшы асновы акцёрскай прафесіі. Якія цікавыя гэта былі людзі!..

Пазней, калі Ілья Курган ужо выкладаў у тэатральным інстытуце, на адным з пасяджэнняў кафедры, якой загадваў Д.Арлоў, калегі разбіралі падрыхтаваны маладым выкладчыкам экзамен па сцэнічным маўленні. Усе члены кафедры хвалілі І.Кургана. Калі заключнае слова ўзяў Дзмітрый Аляксеевіч, ён сказаў, што, сапраўды, студэнты падчас заняткаў Ільі Львовіча становяцца больш інтэлігентнымі і тонкімі, але… ператвараюцца ў пятнаццаць “Курганчыкаў” — заўвага аказалася вельмі слушнай ды і пададзена была, як заўсёды, вельмі карэктна і з гумарам.

— Ведаю, што студэнты мяне любілі. Інакш не пісалі б пра мяне артыкулы і кнігі. Сярод іх — кніга “Залаты голас Беларусі, Ілья Курган”, якую напісала Алена Мінчукова, больш вядомая чытачам пад імем Del’fina. І я любіў студэнтаў. Мне з імі было вельмі добра, бо я бачыў, як яны растуць прафесійна і па-чалавечы. Я не быў традыцыйным выкладчыкам: мы шмат размаўлялі і разважалі, і ў нас складваліся вельмі добрыя асабістыя адносіны з кожным.

Шлях у прафесію

Як успамінае Аркадзь Эйдэльман, родны брат Ільі Львовіча, бацькі напачатку былі катэгарычна супраць мастацтва і спорту. Яны лічылі, што трэба займацца больш практычнымі справамі. Знаходзячыся ў эвакуацыі ў Самаркандзе, Ільі, каб неяк забяспечваць сям’ю (ён быў старэйшым мужчынам у доме), прыйшлося паспрабаваць сябе ў незвычайных для творчага чалавека сферах. Нават асенізатарам давялося працаваць — чысціць прыбіральні. Потым разам з сябрам за год экстэрнам здаў экзамены за сёмы клас, паступіў у чыгуначны тэхнікум і трапіў на практыку ў Ташкент, дзе падпрацоўваў рэзчыкам металу на паравозарамонтным заводзе.

Яго, як і іншых маладых хлопцаў, ставілі ў начныя змены. Адна з іх ледзь не скончылася трагічна. Валячыся з ног ад стамлення, Ілья ўладкаваўся спаць у адным з паравозных катлоў. І трэба ж было так здарыцца, што менавіта гэты кацёл рабочыя вырашылі рамантаваць. Хлопец прачнуўся ад гарачыні: катловыя трубы, між якімі ён спаў, нагрэліся ад ­аўтагену, якім пачалі рэзаць метал. Выратавала тое, што побач была кувалда. Ён стаў калаціць знутры, каб рабочыя пачулі, што там нехта ёсць. Дапамагла і ватоўка, якая засце­рагла ад апёкаў.

Восенню 1945 года Ілья даведаўся, што ў Мінску адкрываецца тэатральны інстытут, і паехаў з Самарканда на Ра­дзіму. Грошай не было, але маці сабрала скрынку ўзбек­скіх ­яблыкаў і загадала прадаць іх у Маскве, каб у сына былі хоць якія сродкі на першыя часы. Ілья Львовіч дагэтуль памятае, як саромеўся прадаваць тыя яблыкі, але іншага выйсця не было…

Нягледзячы на тое, што ўступныя экзамены ў тэатральны інстытут на той час ужо скончыліся, яго і яшчэ некалькіх хлопцаў праслухалі і прынялі. Успамінаючы сваё з’яўленне ў Мінску, Ілья Львовіч адзначае:

— Я быў вельмі худы. На мне былі трафейныя ваенная ­куртка і штаны, якія бацька нейкім дзівосным чынам пера­слаў з фронту, а на нагах — прывязаныя вяроўкамі да ног ­тапкі ­і галошы. Але тады на гэта не звярталі ніякай увагі: толькі скончылася вайна, апраналіся ў тое, што было.

Вучыцца было складана, але вельмі цікава і захапляльна. Гэта быў першы пасляваенны набор акцёраў. Першыя часы інстытут займаў два пакоі ў політэхнічным інстытуце. Крыху пазней, на вялікую радасць студэнтаў, ім далі рэпетыцыйную пляцоўку ў оперным тэатры.

Жыць аднаму ў пасляваенным Мінску было цяжка. І.Курган начаваў спачатку на вакзале, а потым на лаўцы каля Купалаўскага тэатра.

Але неўзабаве наваспечанага студэнта чакаў сюрпрыз. Аднойчы, ідучы ноччу па вуліцы Карла Маркса, ён раптам сустрэў… свайго бацьку. Леў Ільіч, дэмабілізаваўшыся, не­калькі дзён да гэтага таксама прыехаў у Мінск, каб крыху ўладкавацца і потым перавезці дадому з Самарканда жонку і дзяцей.

Шкадуючы бацькоў, Ілья пэўны час не казаў ім, што вучыцца ў тэатральным інстытуце — для адводу вачэй паступіў на завочнае аддзяленне на журналістыку. Калі тыя даведаліся пра сапраўдны выбар сына, гэта для іх стала нечаканасцю, але тату і маме хапіла мудрасці “адпусціць” сына і дазволіць яму займацца тым, да чаго ляжала душа.

Пазашлюбная любоў

Скончыўшы інстытут, у 1949 годзе Ілья Львовіч атрымаў накіраванне ў Віцебскі тэатр імя Якуба Коласа, але шлюб з тэатрам, як кажа Ілья Курган, не адбыўся. Справа ў тым, што яго жонка, будучая актрыса Тэатра юнага гледача і рэжысёр музычнай рэдакцыі Беларускага радыё Ірына Андрэева ву­чылася яшчэ толькі на першым курсе тэатральнага інстытута.

— Я вельмі любіў тэатр і фанатычна любіў літаратуру, асабліва паэзію. Яшчэ не з’яўляючыся прафесіяналам, вучачыся ў школе, я ўжо шмат дзе выступаў. Мне падабалася сцэна, падабалася дэкламаваць са сцэны, і рабіў я гэта даволі прыстойна.

Пасля інстытута, безумоўна, вельмі хацелася працаваць у тэатры. Калі ў студэнцкія гады мы ўдзельнічалі ў вучэбных пастаноўках, я атрымліваў асалоду ад працы на сцэне. Асабліва запомнілася дыпломная работа — спектакль “Мяшчане” па п’есе М.Горкага,  якую нам дазволілі паставіць на сцэне Купалаўскага тэатра.

Час ад часу мяне запрашалі на агучванне праграм на радыё. Тагачасны загадчык аддзела літаратурна-драматычнага вяшчання Уладзі­-
мір Юрэвіч гатовы быў узяць мяне на работу, але я тады адмовіўся, аддаўшы перавагу хоць і вандроўнаму, але тэатру.

Адразу пасля экзаменаў мы з аднакурснікамі арганізавалі свае “падмосткі на калёсах” і ездзілі са спектаклямі па раённых цэнтрах — былі і акцёрамі, і білецёрамі, і дэкаратарамі…  Аднак вандроўнае жыццё доўга працягвацца не магло, бо надыходзілі халады.

Менавіта ў гэты час быў аб’яўлены набор дыктараў на Беларускае радыё. Я вырашыў паспрабаваць і прайшоў конкурсны адбор амаль з сотні прэтэндэнтаў. Так з лістапада 1949 года і працаваў дыктарам — шлюб з тэатрам не ўдаўся.

Я вельмі шмат чытаў і на радыё, і без радыё… Свае ­акцёрскія здольнасці змог праявіць падчас запісу радыё­спектакляў — была ў нас праграма “Тэатр ля мікрафона”. Гэта было нават цяжэй, чым на сцэне: па голасе слухач ­павінен быў “убачыць” дзеянне. Дзякуючы гэтай рабоце, мне давялося працаваць разам з такімі карыфеямі сцэны, як Пётр Глебаў, Павел Малчанаў, Барыс Платонаў, Леанід Рахленка, Лідзія Ржэцкая, Стэфанія Станюта…

Ад Эйдэльмана да Кургана

Першы эфірны блін выйшаў камяком: дыктар-практыкант не ўклаўся ў хранаметраж і не паспеў дачытаць патрэбны тэкст да пачатку маскоўскага эфіру, паміж праграмамі якога ў тыя часы вяшчала нацыянальнае радыё. Але гэта было не так страшна, хаця і вельмі непрыемна.

Баявым жа хрышчэннем стаў удзел у прамой трансляцыі парада ў гонар гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада 1949 года — дыктары перыядычна мяняліся каля мікрафона, і частка эфіру дасталася і Ільі Львовічу, які ў той дзень працаваў разам з Любоўю Бацвіннік.

А потым была штодзённая работа ў эфіры. Многія пакаленні радыёслухачоў памятаюць, як кожную раніцу гучала: “Гаворыць Мінск. Ля мікрафона — Ілья Курган”. Ілья Львовіч працаваў на радыё 40 гадоў.

Спачатку сам вучыўся ў мэтраў: Любові Бацвіннік, Ліліі Стасевіч, Мікалая Анціпава, Леаніда Абадоўскага, а потым, праз шмат гадоў, і сам стаў вучыць маладых акцёраў і дыктараў.

Сын Ільі Кургана Уладзімір са Стэфаніяй Станютай.

Праз год пасля дэбюту ў эфіры Ілья Эйдэльман стаў Ільёй Курганам. Здарылася гэта амаль выпадкова.

— Неяк каля раддома я ўбачыў кранальную карціну, як малады бацька жэстамі імкнуўся выказаць свае эмоцыі жонцы, што з немаўляткам стаяла па той бок акна. Я напісаў артыкул у газету “Советская Белоруссия”, які падпісаў дзявочым прозвішчам маці — Курган. Артыкул апублікавалі, а неўзабаве пасля гэтага кіраўніцтва радыё прапанавала мне афіцыйна памяняць прозвішча на больш натуральнае для беларускага дыктара (да таго ж не варта забывацца, што прозвішча не вельмі ўпісвалася ў каноны тагачаснай на­цыянальнай палітыкі). Бацька разумеў, што для беларускага радыё прозвішча Эйдэльман гучыць неяк па-замежнаму, і пагадзіўся. Я афіцыйна памяняў усе дакументы, і з таго часу ў эфіры стаў працаваць Ілья Курган.

Нам не трэба Левітан…

— З Юрыем Левітанам я быў знаёмы асабіста. Я называў яго ЮрБор, і ён не крыўдзіўся. Мы былі ў звычайных чалавечых адносінах.

У ранейшых інтэрв’ю Ілья Львовіч неаднаразова расказваў пра выпадак, што здарыўся ў снежні 1968 года падчас урачыстага пасяджэння з нагоды ўзнагароджання БССР ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, на якім прысутнічала партыйнае кіраўніцтва СССР і сам Леанід Ільіч Брэжнеў. А прычынай гэтага здарэння стаў збег па­дзей: мерапрыемства, гасцяванне ў Мінску Юрыя Левітана і, нарэшце, прысваенне Ільі Кургану звання заслужанага артыста БССР. Напярэдадні партыйнага сходу Ілья Львовіч даведаўся пра атрыманне звання. Трэба было, як належыць, адзначыць гэтую падзею з калегамі, але на наступны дзень у графіку значыўся важны рэпартаж, таму Ілья Львовіч папрасіў маскоўскага калегу падмяніць яго. Усё ўзгаднілі на найвышэйшым узроўні, тэкст пераклалі на рускую мову, але…

Прямо посреди двора стоял высокий широкоплечий мужчина в сером пальто. В правой руке он держал шляпу, левой прижимал к себе, чтобы не выронить, несколько кульков…

Стоило видеть, какой нежный, ласкающий взгляд устремил мужчина на окно второго этажа, за которым стояла та, которая принесла ему счастье. А “счастье”, завернутое в пеленки, невесомо покоилось на руках матери и смотрело на новый, светлый мир, в котором ему предстояло жить и расти. Мужчина надел шляпу и свободной рукой поприветствовал крохотного гражданина…

Женщина переводила взгляд с одного мужчины на другого — с большого на маленького — и улыбалась глубокими, лучистыми глазами. Я тоже не мог сдержать улыбку… И кто бы не улыбнулся, глядя на это маленькое и вместе с тем большое счастье?!

Выратавала тое, што Юрый Барысавіч папрасіў І.Кургана быць падчас эфіру побач з ім (на ўсялякі выпадак). У прызначаны час Ілья Львовіч чакаў калегу на працоўным месцы, але той спазняўся (як потым аказалася, Ю.Левітана затрымалі журналісты і ён не змог прайсці праз ахову па выпісаным часовым пропуску). Самым праблематычным было тое, што зацверджаны тэкст застаўся ў Ю.Левітана. Дзівосным чынам у некага з рэдактараў аказаўся шматразова перакрэслены чарнавік, па якім І.Курган і стаў працаваць.

Калі ўсё скончылася, у студыю ўляцеў Ю.Левітан, схапіў калегу за плечы: “Хто чытаў?” — “Я чытаў!” — “Як? Тэкст жа быў у мяне!” — “Знайшоўся чарнавік, па ім і працаваў!” Пасля гэтага Юрый Барысавіч вымавіў фразу, якая стала крылатай: “Вам не трэба Левітан, ёсць у вас Ілья Курган!”

— Калі прыязджаў на семінары ў Маскву, часта прапаноўвалі застацца, але ў мяне была сям’я, сыны, любімая работа. Я тады, сапраўды, быў вельмі запатрабаваны ў Беларусі — працаваў, як конь. (Смяецца.)

Хаджэнне па мінным полі

Тагачасныя праграмы ў асноўным выходзілі ў прамым эфіры, і трэба было быць вельмі ўважлівым: адна прапушчаная літара магла каштаваць жыцця не толькі дыктару, але і ўсяму калектыву. Як сапёру, памыліцца можна было толькі адзін раз. Але Ілья Львовіч увесь час хадзіў па краі ляза.

— Вы не паверыце: мне найбольшае задавальненне прыносіла чытанне з ліста, хаця па правілах трэба найперш азнаёміцца з тэкстам. Была ў мяне адна гісторыя, калі я літаральна выратаваў сваіх калег…

Напярэдадні 70-годдзя І.В.Сталіна, у снежні 1949 года, на адзін з эфіраў у студыю Ільі Кургану прынеслі тэкст, прачытаны і завераны ледзь не дзясяткам радыйных начальнікаў і цэнзараў. Чытаючы тэкст, Ілья Львовіч пільным вокам убачыў недарэчную памылку: адна прапушчаная літара шмат каму магла каштаваць галавы. У тэксце было напісана: “Сталін — прычына бяздольнасці (замест баяздольнасці) нашых салдат”. Ён выправіў памылку, але пасля эфіру паклікаў Марыю Рымар, рэдактара аддзела прапаганды, якая рыхтавала тэкст. “Нешта не так?” — запыталася яна. “Чытайце!” — сказаў ёй І.Курган і працягнуў паперку з тэкстам, дзе стаяў яе подпіс. Прачытаўшы, яна адразу нічога не заўважыла, а потым… Спалатнелая, яна звярнулася да І.Кургана: “Ільюшанька…” — “Не хвалюйцеся, Марыя Васільеўна, у эфіры прагучала правільна. Устаўце сваёй рукой прапушчаную літару”, — супакоіў жанчыну дыктар. “Дзякуй табе за маіх дзяцей”, — ледзь чутна па­дзякавала расчуленая жанчына.

Стасункі прафесійныя і сяброўскія

— Стасункаў было вельмі многа. Меў зносіны з Уладзімірам Сямёнавічам Караткевічам. Пачалося гэтае сяброўства з таго, што ў лечкамісіі да мяне падышоў чалавек (потым аказалался, што гэта быў У.Караткевіч) і прапанаваў прачытаць што-небудзь з яго кнігі…

Неяк разам з Ліліяй Давідовіч чыталі новыя вершы Арка­дзя Куляшова. Пасля эфіру ў рэдакцыю патэлефанаваў сам аўтар і, уражаны выкананнем вершаў, сказаў: “Я ж не думаў, што я такія добрыя вершы склаў”.

Але самым любімым паэтам Ільі Кургана быў і застаецца Янка Купала, яго даваенны сусед.

— Янка Купала быў вельмі простым і агульнадаступным, — расказвае Ілья Львовіч. — У ім не было напышлівасці і асаблівай элітарнасці. Ён карэнным чынам адрозніваўся ад многіх сучаснікаў і тым больш ад сённяшніх людзей. Да вайны мы жылі на адной вуліцы, амаль насупраць.

Потым, праз шмат гадоў, калі Янкі Купалы ўжо не стала, мы нават пасябравалі з яго жонкай, цёткай Уладзяй — Ула­дзіславай Францаўнай, якая была старэйшая за мяне, але мы знаходзілі агульныя тэмы для гутарак. Яна расказвала, што Купала нават чуў, як я чытаў яго паэму “Курган”.

Курган чытае мКургано

Працяглы час Ілья Курган працаваў літаратурным кансультантам Купалаўскага тэатра і Тэатра беларускай драматургіі. Выконваў функцыю “мытніка”, каб ніводнае фальшывае слова не прайшло на сцэну.

— Пасля рэпетыцый у тэатры я прыходзіў зусім засмучаны. Апошнім часам даводзілася выпраўляць у акцёраў вельмі шмат маўленчых памылак. Было крыўдна, што акцёры акадэмічнага тэатра дапускалі такія агрэхі… Да гэтага часу памятаю, нават чую, як гаварылі вялікія “купалаўцы” Г.Глебаў, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, З.Стома, У.Уладамірскі, П.Дубашынскі — сапраўдныя захавальнікі беларускай мовы. Я ведаў цудоўных акцёраў, і яны да мяне вельмі добра ставіліся. І я гэтым вельмі ганарыўся.

Да Ільі Кургана ў радыёэфіры купалаўскую паэму чытаў Барыс Платонаў. Але з лёгкай рукі Барыса Віктаравіча гэтае права перайшло да маладога калегі. На адной з вечарын Б.Платонава папрасілі прачытаць “Курган”. “Вось тут сядзіць Курган. Хай ён “Курган” і чытае”, — прапанаваў Барыс Віктаравіч. Так і павялося далей.


Сёння Ілья Кураган жыве адзін. Жонкі ўжо даўно няма. Сыны раз’ехаліся.

Старэйшы, Уладзімір, гэтак жа, як і бацькі, выбраў прафесію акцёра і зараз працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. Малодшы, ­Сяргей, звязаў сваё жыццё з мовай — скончыў тагачасны інстытут замежных моў, з’яўляецца аўтарам шэрага мастацкіх і публіцыстычных твораў.

Ілья Львовіч Круган пражыў доўгае шчаслівае жыццё, але адзінае, пра што ён зараз шкадуе, — гэта пра тое, што сыны не падарылі яму ўнукаў…

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара і з архіва Ільі Кургана.