Ім да ўсяго ёсць справа

- 11:31Сацыяльны ракурс

25—26 чэрвеня ў штаб-кватэры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў Мінску адбылося першае пасяджэнне Маладзёжнага савета ФПБ.

Маладзёжны савет створаны па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў 15 мая 2015 года. Ініцыятыва прымеркавана да Года моладзі і накіравана на актывізацыю работы з моладдзю. У склад маладзёжнага савета ўвайшлі 43 прадстаўнікі пярвічных прафсаюзных арганізацый буйных прадпрыемстваў, вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў. Яны прадстаўляюць працоўную і навучэнскую моладзь усіх галіновых прафсаюзаў, абласных і Мінскага гарадскога аб’яднанняў прафсаюзаў, а гэта каля 2 млн чалавек.
Звяртаючыся да членаў маладзёжнага савета, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда выказаў упэўненасць, што новае ўтварэнне стане штуршком для больш паспяховай работы з моладдзю.
— Неабходнасць у гэтым наспела даўно. Калі для пакалення 40+ прафсаюз у большасці — абавязковы атрыбут прафесійнай дзейнасці, то для маладых людзей наша работа часта не зусім зразумелая, а значыць, не заўсёды блізкая, — сказаў Міхаіл Сяргеевіч.
Маладзёжныя саветы сёння створаны ва ўсіх 28 галіновых прафсаюзах. Найбольш паспяхова яны дзейнічаюць пры рэспубліканскіх камітэтах Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя, Беларускага прафсаюза работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці і іншых рэспубліканскіх галіновых прафсаюзах. У той жа час, паводле слоў Міхаіла Орды, існуе праблема таго, што гэтая работа мае разрознены характар. “У кожнага маладзёжнага савета ёсць вельмі шмат цікавых, пазітыўных ідэй і прапаноў. Каб іх рэалізаваць на практыцы, трэба працаваць не ў адрыве, а разам, таму нам патрэбна гэтае аб’яднанне”, — сказаў ён.
— Моладзь — прыярытэтная катэгорыя для прафсаюзаў. Гэта абумоўлена тым, што маладыя людзі толькі ўступаюць на свой прафесійны шлях і, зразумела, недзе памыляюцца, спрабуюць, шукаюць сябе. Менавіта прафсаюз павінен падтрымаць, папярэдзіць, дапамагчы і падказаць на шляху іх прафесійнага станаўлення. Сімвалічна, што новы імпульс гэтаму кірунку мы даём менавіта ў Год моладзі, — сказаў Міхаіл Орда. — Для прафсаюзаў бясцэннымі з’яўляюцца ініцыятыўнасць і энтузіязм маладых людзей. Нам важна не растраціць упустую каласальную энергію. Неабходна засяродзіць яе ў правільным кірунку, і, я ўпэўнены, мы даб’ёмся многага, калі аб’яднаем нашы намаганні.
— Тое, што менавіта вы ўключаны ў склад Маладзёжнага савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, — гэта гонар і даніна павагі вашым дасягненням у вучобе, прафесіі і прафсаюзнай рабоце. Але гэта і вялікая адказнасць, бо вы прадстаўляеце інтарэсы мільёнаў маладых людзей краіны, — падкрэсліў Міхаіл Орда, звяртаючыся да членаў савета. — Самы горшы вораг у прафсаюзнай рабоце — гэта абыякавасць. У сваіх арганізацыях вы павінны быць тымі спецыялістамі, якія ведаюць усе пытанні, што хвалююць моладзь, шукаць шляхі іх вырашэння і на ўзбраенне ўзяць дэвіз “Нам да ўсяго ёсць справа”. А ў перспектыве ў маладзёжным савеце будзе створаны шэраг камісій па напрамках, найбольш важных для маладзёжнага асяроддзя.
Сярод прапаноў, якія прагучалі падчас пасяджэння, — траціць не менш як 15 працэнтаў бюджэту пярвічных прафсаюзных арганізацый на турпаездкі для членаў прафсаюза.
— Мы разумеем, што сёння ў моладзі ёсць патрэбнасць падарожнічаць, сустракацца з чымсьці новым. Давайце ёй будзем больш паказваць. Звяртаюся да прафсаюзных арганізацый нашых навучальных устаноў. Давайце не менш як 15 працэнтаў бюджэту прафсаюзных сродкаў будзем траціць на тое, каб арганізоўваць турыстычныя паездкі, — прапанаваў Міхаіл Орда. Паводле яго слоў, у Беларусі сёння больш за 1 тысячу арганізацый, якія займаюцца турызмам. Большасць з іх прапануюць выезд за мяжу. У той жа час ёсць шмат цікавых мясцін і ў Беларусі. У якасці арганізатара гэтых паездак можа выступіць найстарэйшы нацыянальны тураператар “Беларустурыст”, які не будзе рабіць вялікіх накрутак на кошце і ў хуткім часе падключыцца да прывядзення ў парадак айчынных месцаў адпачынку, многія з якіх прадугледжаны для адпачынку моладзі.
Падчас пасяджэння быў выбраны старшыня Маладзёжнага савета ФПБ — намеснік начальніка ўпраўлення па распрацоўцы і рэалізацыі спецыяльных праектаў галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце апарату Савета ФПБ Арцём Ігнаценка. У 2012 годзе ён з адзнакай скончыў Віцебскую ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Цяпер Арцём праходзіць навучанне ў аспірантуры. Малады чалавек быў арганізатарам некалькіх маладзёжных фестываляў, перамагаў у рэспубліканскіх конкурсах і маладзёжных праектах.
Паводле слоў Арцёма Ігнаценкі, Маладзёжны савет ФПБ выбраў для сябе ў якасці асноўнай мэты аб’яднанне навучэнскай і працоўнай моладзі.
— Мы хочам кансалідаваць усю прафсаюзную моладзь краіны і паказаць, што калі мы працуем на карысць кожнага з нас, то мы працуем на карысць усёй нашай краіны, — сказаў ён. — Маладзёжны савет будзе рэалізоўваць сваю дзейнасць праз шэраг мерапрыемстваў: правядзенне злётаў, канферэнцый, круглых сталоў па важных праблемных пытаннях моладзі. Ужо ў ліпені пройдзе міжнародны маладзёжны прафсаюзны адукацыйны форум “ТЕМП”.
— Кожны малады чалавек, які прыме ўдзел у гэтым форуме, а іх будзе больш за 100 чалавек з краін СНД, Еўрасаюза, Азіі, прынясе свой сацыяльны або сацыяльна-эканамічны праект. Форум будзе падзелены на тэматычныя дні, — паведаміў старшыня Маладзёжнага савета ФПБ. — На кожны з дзён запрошаны беларускія і замежныя аналітыкі, эксперты ў галіне палітыкі, права, інфармацыйных тэхналогій. На форуме будуць прысутнічаць таксама інвестары, таму ёсць усе шансы, што некаторыя з маладзёжных праектаў будуць рэалізаваны.

Марына ДЗМІТРЫЕВА.
Фота аўтара.