Ім сняцца чорна-белыя сны

- 10:43Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Вайна і дзеці… Як недарэчна гучыць гэтае словазлучэнне. Слова “дзеці” звычайна асацыіруецца са словамі “мір”, “яснае сонца”, “чыстае неба”, “зямля”, “вада”. Дзеці… З імі вайна абышлася бязлітасна. Трагічны лёс Хатыні і дзясяткаў іншых вёсак раздзялілі і нашы Мілевічы.

Нямецкія акупанты ніяк не маглі змірыцца з тым, што пасля разгрому партызанамі гарнізона ў Леніна ў верасні 1942 года ў раёне была адноўлена савецкая ўлада. 7 лютага 1943 года ў Мікашэвічы прыбыў карны атрад. Яго мэта — разграміць партызанскія атрады В.З.Каржа, групу Банава (Чорнага). Салдаты-палякі папярэджвалі мірных жыхароў, каб уцякалі ў лес, бо вёску будуць паліць. На працягу дня немцы зганялі жывёлу. Адначасова прыкладамі зганялі і падлеткаў, маладых людзей для адпраўкі ў Германію. Пашчасціла, напэўна, больш тым, каго прымусілі гнаць скаціну на Морач. З успамінаў Івана Маркавіча Ефімовіча (памёр у 2004 годзе):
“Маці сказала, што немцы паляць навакольныя вёскі і хутары, расстрэльваюць людзей. Раіла ісці ў лес мне аднаму: мае брацікі і сястрычкі маленькія. Стаяла суровая зіма, і тлела надзея, што фашысты не крануць дзяцей. Уначы разам са сваім сябрам Нікіфарам Тарцаном мы падаліся за Случ. На наступны дзень з боку вёскі пачуліся стрэлы, крыкі людзей. Я ўзабраўся на высокае дрэва, каб было лепш відаць, што там робіцца. Частку жыхароў Старых Мілевіч сагналі ў хлеў Агрыпіны Хаміцэвіч, астатніх — у хату Сачыловіча, непадалёк ракі. Тых, хто супраціўляўся, забівалі, кідалі ў будынкі нежывымі. Вакол стаялі салдаты з аўтаматамі. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі. Так працягвалася некалькі гадзін. Апоўдні хлеў і хата запалалі. На наступны дзень карнікі пакінулі вёску. Тыя, хто ўратаваўся, пачалі хаваць забітых, а іх аказалася больш за 400 чалавек”.
Былы выпускнік школы Мікалай Царыкевіч даведаўся ў архівах аб усіх загінуўшых вяскоўцах. На мармуровых дошках мемарыяльнага помніка дапісаны імёны тых, хто быў несправядліва забыты. Вельмі страшна, калі ўяўляем, што гінулі дзеці і падлеткі нашага ўзросту. Гэта немагчыма, жахліва, такога быць не павінна!
Памяць… Яна не дае спакойна жыць дзецям вайны. Па начах яны бачаць страшныя сны, без слёз не могуць успамінаць сваё ўкрадзенае дзяцінства. Час ідзе хутка. Усё менш застаецца сярод нас удзельнікаў і сведкаў тых далёкіх падзей. Пасля вайны на Радзіму вярнуліся і былыя вязні. Зараз з іх у Мілевічах засталіся толькі Ева Васільеўна Ефімовіч, Яўхім Рыгоравіч Хаміцэвіч, Улюта Мітрафанаўна Ефімовіч. У кожнага з іх свой лёс, свая жыццёвая дарога. З успамінаў Евы Васільеўны Ефімовіч, 1929 года нараджэння:
“Узімку 1942 года мне было 12 гадоў. Усё здарылася ў лютым. Напярэдадні трагедыі хадзілі чуткі, што немцы паляць людзей у суседніх вёсках. Бацькі не верылі ў гэта, а вось мая бабуля — наадварот. Раніцай яна сказала, што пойдзем з Еўкаю ў лес лучыну шукаць. У глыбіні лесу пачулі незразумелую гаворку. Немцы, якія прачэсвалі лес перад аблавай, заўважылі нас. Са словамі “цурук” пагналі назад дадому. Немец ужо ў вёсцы штурхнуў мяне да падлеткаў і юнакоў, якім было загадана гнаць скаціну ў Старобін. Там мы прабылі два дні ў старой школе. Потым нас грузілі і звозілі ў мінскую турму для адпраўкі ў Германію. У цягнік запіхвалі, нібы скаціну. Толькі там-сям праз шчыліны прасочвалася сонечнае святло. На працягу трох сутак у цеснаце цягніка даводзілася і дыхаць, і спа ць, і спраўляцца. У Германіі я трапіла ў маёнтак немца, дзе ўжо былі і палякі, і французы, і італьянцы. Усе жылі ў бараку. Працавалі пераважна на полі: палолі нават пшаніцу, даводзілася голымі рукамі вырываць асот. Рву ды плачу. Праз дзень усе пальцы і далоні пакрываліся гнойнымі пухірамі”.
Які ўрок дала нам вайна? Што нам трэба рабіць, каб пазбегнуць у будучым падобных трагедый? Гэта залежыць ад нас, ад таго, якія мы, якія нашы думкі, імкненні, пачуцці. Вытокі будучыні заўсёды ў мінулым.

Марыя КАТОВІЧ, Таццяна ДАРАФЕЙ, Наталля ЕМЯЛЬЯНАВА,
навучэнкі Мілевіцкага  дзіцячага сада — сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна;
Валянціна ЕМЕЛЬЯНОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры.