Сярэдняя школа № 20 Баранавіч займае адметнае месца ў адукацыйнай прасторы горада. У навучальнай установе заўсёды адбываецца нешта незвычайнае. У нязвыклай форме праходзіць тыдзень педагагічнага майстэрства, а Дзень роднай мовы ладзіцца ў выглядзе кірмашу народных рамёстваў. Сталі традыцыйнымі дабрачынныя акцыі “Працягні руку дапамогі” і “З дабром і любоўю”, пасвячэнне маладых спецыялістаў, наведванне гісторыка-культурных мясцін Беларусі, майская канферэнцыя ганаравання лепшых вучняў і г.д.
Педкалектыў школы пад кіраўніцтвам Міхаіла Віктаравіча Мішына мэтанакіравана працуе над стварэннем і падтрыманнем належнага іміджу ўстановы адукацыі, якая нядаўна адзначыла 30-годдзе з моманту свайго адкрыцця.
— Наш калектыў — гэта згуртаванае аб’яднанне творчых аднадумцаў, — гаворыць дырэктар. — У школе працуюць 94 педагогі. З іх 2 магістры, бакалаўр, прызёр гарадскога этапу абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”, лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Беларусі”. Як кіраўнік імкнуся стварыць належныя ўмовы для камфортнай творчай работы кожнага педагога. У школе створаны добры псіхалагічны клімат. Ніводная заслуга настаўніка не застаецца незаўважанай з боку адміністрацыі.
М.В.Мішын упэўнены, што для таго, каб установа адукацыі была паспяховай, сучасны кіраўнік павінен несці адказнасць за прынятыя рашэнні, быць гатовым да пастаяннага руху наперад, хутка адаптавацца да зменлівай сітуацыі і няспынна самаўдасканальвацца. На першым месцы — дзеці, затым — настаўнікі. А кіраўніцтва стварае ўмовы для іх паспяховай дзейнасці.
— Станоўчы імідж навучальнай установы немагчымы без псіхалагічнага камфорту, якасных адукацыйных паслуг, індывідуальнага стылю педагогаў, эфектыўнай арганізацыі работы і традыцый, — лічыць дырэктар. — У школе створана і паспяхова функцыянуе сістэма па фарміраванні станоўчага іміджу ўстановы. Сённяшнія педагогі здольны ажыццяўляць сваю дзейнасць на высокім узроўні. 82% настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагогі актыўна задзейнічаны пры правядзенні метадычных мерапрыемстваў гарадскога, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Нашы вучні штогод дэманструюць добрыя вынікі ў алімпіядным руху, конкурсах даследчых работ і інтэрнэт-алімпіядах. Школа ўдзельнічае ў 2 праектах: па нарматыўным фінансаванні і галіновай сістэме аплаты працы педагогаў. Гэта дазваляе дадаткова матэрыяльна заахвочваць настаўнікаў. Акрамя таго, сёння ў школе апрабуецца праект па стварэнні віртуальнага метадычнага кабінета як сродку павышэння прафесійнага ўзроўню педагогаў.
У М.В.Мішына не выклікае асаблівай трывогі змена педагагічных пакаленняў: “Да нас прыходзіць творчая і ініцыятыўная моладзь. Галоўнае — імкнуцца вучыцца, расці ў прафесійным плане. З мэтанакіраванай моладдзю працаваць вельмі цікава”.
Ала МАМОНЧЫК,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Баранавіч.