Імідж установы ў сетцы інтэрнэт

У сталіцы падвялі вынікі дыстанцыйнага конкурсу “Лепшы сайт установы адукацыі” з міжнародным удзелам. У межах XVIII Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Адукацыя і кар’ера” адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. У ёй прынялі ўдзел намеснік начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Надзея Вялікая, прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Янушкевіч, начальнік Цэнтра інфармацыйных тэхналогій МГІРА Наталля Сакалова.

Шчыльнасць інфармацыйнай прасторы, у якой жыве сучасны чалавек, пастаянна павялічваецца, што фарміруе спецыфіку сучаснага ладу жыцця. Сёння доступ да інфармацыйных рэсурсаў ёсць практычна ў кожнага чалавека. Наяўнасць гэтых рэсурсаў правакуе іх прымяненне, бо чалавек імкнецца падзяліцца сваім пунктам гледжання, разрэкламаваць сваю прадукцыю, прыцягнуць увагу да цікавых падзей і г.д. Усё гэта прыводзіць да фарміравання магутных і бесперапынных інфармацыйных патокаў, якія рухаюцца ва ўсіх напрамках інфармацыйнай прасторы. І пытанне пра тое, як заявіць аб сабе ў інтэрнэце, набывае ўсё большую папулярнасць. Сёння неабходнасцю становіцца не проста наяўнасць уласнага сайта, але і пастаяннае яго развіццё і ўдасканаленне.

— Інфармацыйны, лічбавы сегмент адзі­най інфармацыйнай адукацыйнай прасторы апошнія гады перажывае перыяд інтэнсіўнага развіцця. Гэта выяўляецца як у росце колькасці інтэрнэт-сайтаў, што выкарыстоўваюцца ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, так і ў развіцці функцыянальнасці і мэтавай разнастайнасці дадзеных рэсурсаў, — адзначыла начальнік Цэнтра інфармацыйных тэхналогій МГІРА Наталля Сакалова. — Для стымулявання, развіцця і ўдасканалення інфармацыйнага сегмента адукацыйнай інтэрнэт-прасторы, павышэння іміджу і прэстыжу афіцыйных сайтаў устаноў у сталіцы, а таксама ўдасканалення дзейнасці па інфармаванні мэтавай аўдыторыі, павышэнні наведвальнасці і прасоўванні ў сетцы інтэрнэт афіцыйных сайтаў устаноў адукацыі праводзіцца конкурс “Лепшы сайт установы адукацыі”. Ён арганізоўваецца Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі сумесна з выставачным прадпрыемствам “Экспафорум” пад кіраўніцтвам камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Упершыню арганізаваны і праведзены ў 2015 годзе, ён адразу стаў сур’ёзным стымулам да развіцця адукацыйнай інтэрнэт-прасторы не толькі сталіцы, але і  краіны ў цэлым, а ў хуткім часе атрымаў вядомасць і на міжнародным узроўні.

Сёлета за лідарства змагаліся сайты ўстаноў адукацыі з розных краін і гарадоў. Больш за ўсё канкурсантаў было з Мінска, Віцебска, Масквы і Санкт-Пецярбурга. Першым зарэгістраваным удзельнікам спаборніцтваў стала сталічная гімназія № 192.

Журы брала пад увагу некалькі крытэ­рыяў. Па-першае, кантэнт сайта: аб’ём, прыцягальнасць інфармацыі, накіраванасц­ь на мэтавага карыстальніка, лагічнасць і дакладнасць выкладання матэрыялу, па-другое, яго дызайн: зручнасць структуры і навігацыйных элементаў, якасць, функцыя­нальнасць і іншыя крытэрыі, па-трэцяе, зваротную сувязь з мэтавай аўдыторыяй сайта і, па-чацвёртае, індэксаванне ў пошукавых сістэмах і наведвальнасць.

Па выніках конкурсу, лепшым сайтам органа кіравання адукацыяй прызнаны сайт упраўлення па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, лепшым сайтам установы дашкольнай адукацыі стаў сайт ясляў-сада № 522 Мінска, а лепшымі сайтамі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі — сайты гімназіі № 37 Мінска і сярэдняй школы № 55 Мінска. У намінацыі “Лепшы сайт установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі” перамог рэсурс Мінскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, у намінацыі “Лепшы сайт установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” — сайт Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі і сайт Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка” сталіцы. Сайт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава стаў пераможцам у намінацыі “Лепшы сайт вышэйшай навучальнай установы”. Дыпломам удзельніка ў намінацыі “Лепшы сайт установы спецыяльнай адукацыі” ўзнагароджаны сайт спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска.

Абсалютным пераможцам і ўладальнікам гран-пры конкурсу прызнаны афіцыйны сайт упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска.

— Скажу шчыра, у конкурсе мы не планавалі ўдзельнічаць, — падзялілася ўражаннямі начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы Наталля Кучынская. — Аднак добра разумеючы задачу быць актуальнымі ў інфармацыйнай адукацыйнай прасторы, вырашылі ўдасканальваць і развіваць наш рэсурс. Мы хацелі зрабіць наш сайт лёгкім, сучасным, інфарматыўным і чытэльным, каб ён быў карысным і цікавым і для бацькоў, і для навучэнцаў, і для педагогаў. Для мяне важная рубрыка “Пытанне начальніку ўпраўлення адукацыі”, бо звароты грамадзян — гэта адно, а калі чалавек можа адразу напрамую звярнуцца з праблемай ці прапановай — гэта іншае. Такая сувязь і мабільная, і часта выніковая. Для распрацоўкі сайта была створана рабочая група, у склад якой увайшлі як прадстаўнікі нашага ўпраўлення, дырэктары ўстаноў адукацыі і іх намеснікі, так і педагогі-практыкі. Перад удзельнікамі была пастаўлена задача: выказаць свае заўвагі і прапановы наконт існуючага сайта. Пасля абмеркавання і разгляду некаторыя ідэі педагогаў былі ўвасоблены ў жыццё. Для нас гран-пры — гэта адначасова і гонар, і вялікі аванс, бо мы разумеем, што сайт павінен быць яшчэ больш дасканалым і нам давядзецца шмат над ім працаваць, каб ён заставаўся сучасным, актуальным, інфарматыўным. Больш за тое, сваім прыкладам мы імкнуліся падцягнуць і сайты ўстаноў адукацыі раёна. Нам вельмі прыемна, што некаторыя з іх — рэсурсы сярэдніх школ № 55, № 4, ліцэя № 2 — у ліку пераможцаў конкурсу.

Журы конкурсу прыняло рашэнне аб змяненні некаторых яго ўмоў і крытэ­рыяў у наступным годзе такім чынам, каб усе дастойныя сайты ўстаноў адукацыі змаглі заняць сваё месца, абапіраючыся выключна на крытэрыі ацэньвання. 

Віншуем пераможцаў!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота прадастаўлена МГІРА.