Іміграцыйны ўказ не парушыў закон

Вярхоўны суд ЗША прызнаў законным іміграцыйны ўказ прэзідэнта Дональда Трампа аб адмове ў выдачы віз на ўезд у краіну грамадзянам шэрага краін з пераважна мусульманскім насельніцтвам. Аб гэтым паведамляе Euronews.

Пяць суддзяў выказаліся за ініцыятыву вашынгтонскай адміністрацыі, чацвёра былі супраць. У пастанове Вярхоўнага суда ЗША адзначаецца, што прэзідэнт “не парушыў закон”, калі выдаў іміграцыйны ўказ.

Дональд Трамп у сацыяльнай сетцы Twitter ужо выказаў задаволенасць гэтым рашэннем. У заяве, апублікаванай на сайце Белага дома, ён назваў пастанову суда “перамогай справядлівасці пасля месяцаў істэрыкі з боку СМІ і дэмакратаў, якія адмаўляюцца рабіць неабходнае для аховы граніц”.

Ніжэйшыя судовыя інстанцыі раней шмат разоў накладалі забарону на іміграцыйныя ўказы Дональда Трампа. Таксама па краіне пракацілася хваля акцый пратэсту супраць дырэктывы прэзідэнта.

Прэзідэнт ЗША некалькі разоў мяняў змест дакумента. У апошняй, трэцяй версіі прадугледжваецца забарона на ўезд у ЗША для грамадзян 6 краін з пераважна мусульманскім насельніцтвам — Сірыі, Лівіі, Ірана, Емена, Чада, Самалі, а таксама грамадзян КНДР і Венесуэлы.