“Імкнуся адкрыць уласную СТА”

Па прафесійнай кампетэнцыі “Аўтамабільныя тэхналогіі” Мінскую вобласць прадставіў выпускнік Вілейскага дзяржаўнага каледжа, малады спецыяліст ААТ “ІнжынерТрансСэрвіс” Маладзечна Павел Балыш.

Павел родам з Маладзечна, таму выбар арганізацыі, у якой ён працуе, невыпадковы. Пасля школы хлопец доўга не думаў, якую прафесію выбраць, бо з дзяцінства цікавіўся аўтатэхнікай, марыў працаваць у аўтасэрвісе. Выбар навучальнай установы таксама не быў спантанны. Параілі школьныя сябры, ды і бацькі былі не супраць, каб ён паступаў вучыцца ў Вілейскі дзяржаўны каледж, які мае ў рэгіёне ўстойлівую добрую рэпутацыю, высокі імідж і падрыхтаваў тысячы выдатных спецыялістаў для розных галін вытворчасці і сацыяльнай сферы. Павел мэтанакіравана пайшоў атрымліваць прафесію аўтамеханіка. Ён добра вучыўся, праяўляў ініцыятыву, творчасць, быў актыўным удзельнікам грамадскага жыцця каледжа, з задавальненнем удзельнічаў у конкурсах прафесійнага майстэрства, наведваў аб’яднанне па інтарэсах “Асновы тэхнічнай творчасці”. У складзе каманды каледжа Павел Балыш прыняў удзел у нацыянальным этапе конкурсу Service junior, дзе выступіў выдатна. Яго работы былі прадстаўлены на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка” 2018 і 2019 гадоў. Экспанат “Навагодняя казка” атрымаў прызавое месца.

Пры падтрымцы кіраўніка аб’яднання па інтарэсах “Асновы тэхнічнай творчасці” С.Р.Бажко Павел прадставіў праект “Дэманстрацыйны стэнд для аўтапаліву раслін” на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаІнтэлект”. Па выніках вучэбных дасягненняў хлопец быў занесены на дошку гонару ўстановы адукацыі і ўключаны ў банк даных адораных навучэнцаў ва ўстанове.

— За час майго навучання я ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары і з кожным днём пераконваюся ў яго правільнасці, — расказаў Павел. — Я спадзяюся, што стану добрым аўтамеханікам, сапраўдным прафесіяналам. Лічу, што шлях да поспеху заключаецца ў дасягненні пастаўленай мэты пры ўмове выбару правільнага шляху. Для гэтага варта па­чаць мэтанакіраваную працу над сабой, сваімі асабістымі якасцямі. Пачаўшы крок за крокам мяняцца і ўдасканальвацца, можна дасягнуць таго поспеху, пра які марыш.

А мара хлопца цалкам рэалістычная. У найбліжэйшай будучыні ён плануе распрацаваць праект уласнай станцыі тэхнічнага абслугоўвання, дзе зможа на практыцы прымяняць тыя прафесійныя навыкі, якія атрымаў падчас навучання ў Вілейскім дзяржаўным каледжы.

— Маё крэда: “Будзь сумленным перад самім сабой!”, — адзначыў Павел. — Роберт дэ Ніра ў адным з інтэрв’ю сказаў: “За што б вы ні ўзяліся, галоўнае — будзьце адданымі сваёй справе да канца. Не абавязкова дасягаць нейкага зорнага поспеху, але быць сумленным перад самім сабой у выбранай прафесіі — абавязкова”. Не трэба спрабаваць змяніць свет, бо ўсё, што нас акружае, ёсць адлюстраванне нашых унутраных перакананняў. Трэба проста ісці да пастаўленай мэты”.

Падрыхтоўкай Паўла да абласнога этапу, а затым і да Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020 займаўся майстар вытворчага навучання вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Віктар Мікалаевіч Клемята, які працуе ў каледжы 15 гадоў, мае адукацыю інжынера-механіка. Галоўнай задачай сваёй дзейнасці Віктар Мікалаевіч лічыць падрыхтоўку канкурэнтаздольных спецыялістаў, запатрабаваных на рынку працы, гатовых да самаразвіцця, добра адаптаваных у грамадстве. Ён заўсёды ўважлівы, добразычлівы і справядлівы ў адносінах да навучэнцаў.

У 2015 годзе навучэнцы каледжа, з якімі працаваў Віктар Мікалаевіч, былі ўзнагаро­джаны дыпломам I ступені за ўдзел у Абласным конкурсе прафесійнага майстэрства па кваліфікацыі “Слесар па рамонце аўтамабіляў”. У 2016 годзе педагагічны вопыт В.М.Клемяты, прадстаўлены на III Абласных педагагічных чытаннях, адзначаны дыпломам III ступені.

Віктар Мікалаевіч лічыць, што Павел заслужана атрымаў перамогу ў абласным этапе конкурсу, ён вельмі любіць выбраную прафесію, не спыняецца перад цяжкасцямі, імкнецца атрымаць больш ведаў у сферы аўтамеханікі і стаць першакласным спецыялістам. З такімі навучэнцамі заўсёды прыемна працаваць, бо ўнутраная матывацыя можа зрушыць горы. Акрамя таго, для дасягнення поспеху ў конкурсе і ўвогуле для развіцця навучальнай установы прыкладвае ўсе намаганні дырэктар каледжа І.С.Кіцікаў. Няўрымслівы, апантаны любімай справай, Ігар Сямёнавіч заўсёды знаходзіцца на шляху інавацый, укаранення новых тэхналогій, сучаснага метадычнага суправаджэння, каб прафесійная падрыхтоўка была на самым высокім узроўні. Таму рэсурсны цэнтр вытворчага навучання пастаянна папаўняецца новым сучасным абсталяваннем, пахваліцца якім можа не кожная сучасная станцыя тэхнічнага абслугоўвання.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.