Імкнуцца да адзінства

Магілёўская абласная справаздачна-выбарчая канферэнцыя ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” аб’яднала разам каля 200 дэлегатаў з усіх куткоў Прыдняпроўскага краю. На мерапрыемстве таксама прысутнічалі памочнік прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, першы сакратар ЦК ГА “БРСМ” член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Дзмітрый Варанюк.

Сустрэча праходзіла пад слоганам “Сіла ў адзінстве”. У ходзе канферэнцыі дэталёва падвялі вынікі дзейнасці абласной арганізацыі за справаздачны перыяд. І яны вельмі плённыя.

— Рэалізацыя маладзёжнай палітыкі ў рэгіёне атрымала новы імпульс. Гэты час быў для магілёўскай моладзі яркім, насычаным і актыўным. З’явіліся новыя праекты і справы, а традыцыйныя арганізуюцца ў іншым фармаце. На сённяшні дзень агульная колькасць абласной арганізацыі складае звыш 43 тысяч чалавек. Гэта чвэрць усёй моладзі Магілёўшчыны, — паведаміў першы сакратар абкама БРСМ Уладзімір Паўлоўскі.

Паводле яго слоў, поспехі ёсць па ўсіх напрамках дзейнасцi саюза моладзі. У рамках валанцёрскага руху “Добрае сэрца” магілёўская моладзь добраўпарадкавала 126 мясцовых святынь, аказала дапамогу звыш 5,8 тысячы дзяцей. На рэспубліканскім конкурсе “Валанцёр года” ў намінацыі “Асабісты ўклад” пераможцамі не раз станавіліся навучэнцы сацыяльна-гуманітарнага каледжа МДУ імя А.А.Куляшова, лепшым неаднаразова быў прызнаны таксама валанцёрскі атрад “Па дарозе дабра” з сярэдняй школы № 4 Асіповіч.

Маладыя людзі рэгіёна з энтузіязмам удзельнічаюць у працоўных семестрах. У складзе студэнцкіх атрадаў розных профіляў за справаздачны перыяд было працаўладкавана 14 тысяч чалавек. Актыўны ўдзел моладзь прымае таксама ў знакавых рэспубліканскіх праектах БРСМ. Так, у апошнія гады вобласць тройчы трапляла ў тройку пераможцаў рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. Рэспубліканскі маладзёжны праект “100 ідэй для Беларусі” за няпоўныя чатыры гады сабраў больш за 89 перспектыўных ініцыятыў з усіх раёнаў вобласці ў сферах медыцыны, энергетыкі, біяіндустрыі, аграпрамысловых, будаўнічых, хімічных, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій рацыянальнага прыродакарыстання і абароны ад надзвычайных сітуацый, многія з якіх заваявалі ўзнагароды ў заключным конкурсным этапе.

За апошнія 3 з паловай гады пад эгідай Магілёўскага абкама БРСМ рэалізавана мноства ўласных маштабных маладзёжных праектаў: “Мой двор — мой клопат”, “Добрыя справы — табе, мая малая радзіма!”, інтэрнэт-конкурсы “Жанчыны Магілёўшчыны”, “Разам дзеля жыцця”, “Мінулае, сучаснасць, будучыня…”, “Першае слова — МАМА” і інш. Дарэчы, гэтай восенню ў рэгіёне плануюць запусціць яшчэ адзін новы праект — “Маршрутамі адзінства”. Гэты праект трывала звяжа паміж сабой усе раёны вобласці, мацней аб’яднае моладзь, мясцовую выканаўчую ўладу, грамадскія арганізацыі. Ён будзе напоўнены адкрытымі дыялогамі, працоўнымі і патрыятычнымі акцыямі, творчымі мерапрыемствамі, якія павінны з’яднаць разам моладзь з рознымі поглядамі і інтарэсамі.

— Сёння ў Магілёўскай абласной арганізацыі ёсць сваё ўнікальнае імя, почырк, стыль працы. Ёсць шмат яркіх перамог у розных напрамках. І гэтыя перамогі — заслуга ўсіх, хто ўваходзіць у склад арганізацыі, — падкрэсліў першы сакратар ЦК ГА “БРСМ” член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Дзмітрый Варанюк.

— Абласная арганізацыя БРСМ сапраўды выконвае тыя задачы, якія ставіць перад ёй грамадства і дзяржава. Праводзіцца вялікая плённая праца. Але неабходна працягваць актыўна гуртаваць усю нашу моладзь, аб’ядноўваць, шукаць агульныя падыходы. Не губляць актыўнасць працоўнай моладзі. Трэба фарміраваць зладжаную каманду маладых людзей, цэнтрам кансалідацыі якіх будзе БРСМ, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

На канферэнцыі выбралі кіруючыя, кантрольныя органы абласной арганізацыі БРСМ. Былі вызначаны і дэлегаты, якія будуць прадстаўляць інтарэсы розных катэгорый моладзі рэгіёна на 44-м з’ездзе БРСМ. У цэнтры ўвагі нарады таксама было абмеркаванне стратэгіі развіцця маладзёжнай арганізацыі да 2025 года.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.