Ужо стала добрай прыкметай тое, што Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 5 транспартнага будаўніцтва выстаўляе на рэспубліканскі этап чэмпіянату ажно некалькіх сваіх навучэнцаў, якія выступаюць у шэрагу кампетэнцый. Такога высокага выніку пасля адборачных этапаў ні ў каго няма. Мяркуючы па тым, што канкурсанты з гэтай установы — усе першакурснікі, трэба думаць, што кіраўніцтва ліцэя не баіцца рызыкаваць, тым больш калі гэтая рызыка апраўданая.
— Хай прывыкаюць спаборнічаць, конкурс — гэта заўсёды добрая матывацыя ўдасканальваць свае ўменні і навыкі, імкнуцца да лідарства і тым самым заваёўваць аўтарытэт, — адзначае дырэктар ліцэя І.Л.Кузьміна.
Вось і на гэты раз выступалі 3 канкурсанты з ліцэя ў некалькіх будаўнічых кампетэнцыях. Гэта Андрэй Трафімаў, Юрый Находзька, Уладзіслаў Гіль. Усе канкурсанты — добрыя спартсмены, дасягнулі ў спорце і ў вучобе многага, дзякуючы сваёй працавітасці, няўрымслівасці і мэтанакіраванасці. У прафесійнай кампетэнцыі “Мураванне” выступаў Андрэй Трафімаў, які ў будучыні будзе мець прафесіі муляра і абліцоўшчыка-плітачніка. У ліцэй Андрэй прыйшоў вучыцца пасля 10 класа разам са сваім сябрам і аднакласнікам Раманам Ціхановічам. Раман заняў другое месца ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў устаноў ПТА і ССА WorldSkills у кампетэнцыі “Мураванне”. А вось Андрэй стаў пераможцам гарадскога этапу і цяпер прадстаўляе свой ліцэй на рэспубліканскім узроўні. Андрэй — спартсмен, мае ІІІ дарослы разрад па скачках у даўжыню. І гэта сімвалічна. Скачкі ў даўжыню — гэта як усё новыя і новыя перамогі ў жыцці Андрэя.
Выбраць прафесію юнаку дапамог ліцэй. Яшчэ калі хлопец вучыўся ў школе, ён праходзіў дапрафесійную падрыхтоўку, якая была арганізавана на базе ліцэя. З таго часу марыў стаць будаўніком. За час навучання Андрэй паказаў сябе як добрасумленны, адказны чалавек, захоплены сваёй прафесіяй. Найбольшую ўвагу ён удзяляе вывучэнню спецтэхналогіі, матэрыялазнаўства, аховы працы. А што тычыцца практычных навыкаў, то Андрэй вельмі любіць шліфаваць свае прафесійныя навыкі. У вучэбнай майстэрні ён імкнецца адточваць кожны свой рух, вельмі адказна ставіцца да даручанай справы. Усе гэтыя якасці хлопца заўважыў майстар вытворчага навучання Уладзімір Аляксандравіч Дудараў, які і падрыхтаваў Андрэя да спаборніцтваў.
Юрый Находзька пасля заканчэння ліцэя зможа працаваць сталяром, цесляром, станочнікам дрэваапрацоўчых станкоў. Юрый таксама спартсмен, мае аранжавы пояс па каратэ.
— Працаваць з дрэвам мне спадабалася яшчэ ў школе, — паведаміў Юрый. — На ўроках працы было вельмі цікава, мы рабілі розныя драўляныя вырабы. Спачатку не ўсё атрымлівалася, але з кожным разам станавілася лепш.
Потым Юрый замахнуўся нават на будаўніцтва дома. Але ж, канечне, з дапамогай бацькі. Яны разам будавалі ў вёсцы дом, выраблялі з драўніны ўнутранае аздабленне, нават нескладаную мэблю. Хлопцу ўся гэтая работа была не ў цяжар, а ў радасць, ён зразумеў, што дрэваапрацоўка — гэта яго справа, і паступіў у мінскі ліцэй № 5.
— У ліцэі мяне заўважылі педагогі, ацанілі маё імкненне вучыцца, — расказаў Юрый. — Калі працую ў майстэрні, я атрымліваю шмат вопыту і ведаў у сталярнай справе. Вельмі рады, што выбраў такую прафесію, і ўпэўнены, што сябе рэалізую ў гэтым напрамку.
Юрый паказаў сваё майстэрства ў гарадскіх спаборніцтвах WorldSkills у кампетэнцыі “Вытворчасць мэблі” і заняў 1-е месца. Цяпер ён дэманстраваў свае ўменні і навыкі на рэспубліканскай пляцоўцы.
Уладзіслаў Гіль вучыцца па спецыяльнасці “Сталярныя, паркетныя і шкляныя работы. Эксплуатацыя абсталявання і тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”. Улад займаўся спартыўным арыентаваннем і турызмам у цэнтры турызму “Эўрыка”.
— Я яшчэ з дзяцінства пачаў займацца выразаннем па дрэве, а ў школьныя гады разам з бацькам і дзедам зрабіў на дачы альтанку, — расказаў Уладзіслаў. — Ужо ў выпускным класе мой выбар пацвердзіўся. Я вырашыў стаць прафесійным дрэваапрацоўшчыкам. У ліцэі ўдзельнічаў у алімпіядзе па працоўным навучанні, паказаў добры вынік. Педагогі парэкамендавалі мне ўдзельнічаць у конкурсе прафесійнага майстэрства на ўзроўні ліцэя па кампетэнцыі “Сталярная справа”. Мне пашчасціла, і я перамог, а потым была яшчэ адна перамога — на гарадскім этапе WorldSkills.
Да рэспубліканскага конкурсу мяне падрыхтаваў майстар вытворчага навучання Д.В.Расцюшэўскі.
Ала КЛЮЙКО.