Імкнуцца да поспеху

На прафесійны выбар Марыны Віктараўны Шэка паўплывалі яе любімыя бацькі, якія заўсёды з вялікай павагай ставіліся да педагогаў і з дзяцінства падштурхоўвалі да набыцця новых ведаў, і любімыя настаўніцы Людміла Іванаўна Трухіна і Аліна Канстанцінаўна Патоцкая, якія зацікавілі англійскай мовай і сталі прыкладам сапраўдных прафесіяналаў.


Марына Віктараўна Шэка.

Пасля заканчэння сярэдняй школы з залатым медалём дзяўчына паступіла ў тагачасны Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, які скончыла з дыпломам з адзнакай. Педагагічную дзейнасць пачала ў роднай школе (сённяшняй гімназіі № 4). Колішнія настаўнікі з радасцю падтрымлівалі маладую калегу. У гімназіі № 5 Баранавіч працуе з 1993 года.

— У прафесіі не расчаравалася, — прызнаецца Марына Віктараўна. — Больш за ўсё падабаюцца зносіны з дзецьмі. Люблю дапамагаць ім паверыць у сябе, разам ісці да пастаўленых мэт і бачыць радасць у вучнёўскіх вачах ад дасягнутых вынікаў. Педагагічная прафесія адкрывае шырокія магчымасці для творчага і прафесійнага росту, самаўдасканальвання і развіцця, рэалізацыі цікавых задум. Сучасны настаўнік павінен імкнуцца да поспеху, быць аптымістам і добрым псіхолагам, валодаць пачуццём гумару, не баяцца эксперыментаў.

М.В.Шэка лічыць, што вялікую ролю ў фарміраванні станоўчай матывацыі да прадмета адыгрываюць добразычлівыя адносіны паміж настаўнікам і вучнямі, аўтарытэт педагога і яго прафесійныя кампетэнцыі. У сваёй дзейнасці Марына Віктараўна звяртаецца да розных метадаў, прыёмаў і форм работы, якія ўлічваюць здольнасці і інтарэсы дзяцей, развіваюць іх інтэлектуальна, эмацыянальна і творча. Дапамагаюць у гэтым праектная методыка з выкарыстаннем ІКТ і інтэрнэт-рэсурсаў, тэхналогіі развіццёвага і праблемнага навучання, апорных канспектаў і супрацоўніцтва, кейс-тэхналогія.

Алімпіядны рух — адзін з важных напрамкаў педагагічнай дзейнасці М.В.Шэка. Яе выхаванцы — актыўныя ўдзельнікі і пераможцы прадметных конкурсаў і алімпіяд. Марына Віктараўна задзейнічана ў вучэбна-трэніровачных зборах па падрыхтоўцы гарадской каманды школьнікаў, якую неаднаразова ўзначальвала, да абласнога і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. Настаўніца праводзіць майстар-класы для калег па методыках і тэхналогіях рашэння алімпіядных заданняў і заданняў цэнтралізаванага тэсціравання, дзеліцца вопытам на метадычных семінарах і канферэнцыях, суправаджае дзяцей у якасці перакладчыка ў рамках дабрачынных праектаў Вялікабрытаніі.

Неад’емнай часткай педагагічнай дзейнасці М.В.Шэка з’яўляецца пазакласная работа. На працягу 17 гадоў Марына Віктараўна — нязменны кіраўнік гімназічнага клуба “Англійскі тэатр”.

— Вопыт іншамоўнай тэатральнай дзейнасці набыла яшчэ ў студэнцкія гады, — гаворыць настаўніца. — Заняткі ў клубе матывуюць дзяцей на вывучэнне англійскай мовы, фарміруюць трывалыя і гібкія навыкі прымянення лексіка-граматычнага матэрыялу для вырашэння камунікатыўных задач, актывізуюць пошукавую работу, здымаюць моўны і псіхалагічны бар’ер, развіваюць творчыя здольнасці, выхоўваюць важныя маральныя якасці. Тэатральная дзейнасць дапамагае ў падрыхтоўцы высокаматываваных вучняў да алімпіяд і міжкультурнай камунікацыі ў цэлым.

Гімназічны тэатр патрабуе актыўнага асабістага ўдзелу. У пастаноўках раскрываецца каштоўны свет чалавечых узаемаадносін. Гэта незабыўны вопыт і карысная жыццёвая школа для дзяцей. Атмасфера творчасці і даверу адкрывае шырокія магчымасці для паспяховага вывучэння англійскай мовы і яе выкарыстання ў штодзённай і будучай прафесійнай дзейнасці.

За гады работы клуба створана шмат цікавых сцэнарыяў, прэзентацый, дэкарацый, касцюмаў і плэй-лістоў для музычнага суправаджэння тэатралізаваных паказаў па творах вядомых англійскіх і амерыканскіх пісьменнікаў: У.Шэкспіра (“Рамэа і Джульета”), О.Уайльда (“Верны сябар”, “Зорны хлопчык” і “Рыбак і яго душа”), Ч.Дзікенса (“Калядная песня”), Ш.Бронтэ (“Джэйн Эйр”), О.Генры (“Сіла кахання”), Б.Шоу (“Чалавек і зброя”) і інш. Некаторыя сцэны пішуць самі вучні.

— Падбіраючы матэрыялы для пастановак, кіруюся выказваннем Вальтэра: “Чалавечы розум ніколі і нічога больш высакароднага і карыснага не вынаходзіў, чым тэатральныя відовішчы, як для ўдасканалення, так і для ачышчэння нораваў”, — адзначае М.В.Шэка. — У прыярытэце — выхаваўчая каштоўнасць твораў, персанажы якіх вучаць мудрасці і талерантнасці, вернасці, сяброўству, любові і міласэрнасці. Карпатлівая работа над ролямі і сіла мастацтва пераўвасаблення дазваляюць юным акцёрам і гледачам усвядоміць глыбокі сэнс класічных твораў з улікам сучаснага развіцця грамадства. Тэатральныя праекты развіваюць важныя жыццёвыя навыкі вучняў, абагачаюць іх камунікатыўны вопыт. Дзейнасць клуба адзначана шматлікімі ўзнагародамі па выніках конкурсаў і фестываляў.

За доўгую прафесійную дзейнасць Марына Віктараўна добра засвоіла, што дасягнуць поспехаў у ёй можна толькі тады, калі пастаянна рухаешся наперад. Без самаадукацыі застаешся за бортам часу. У планах — далейшае ўдасканаленне алімпіяднай работы і тэатральна-драматычнай дзейнасці на замежнай мове, пошук новых эфектыўных метадаў і прыёмаў навучання, а таксама шляхоў развіцця адораных дзяцей.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.