Імкнуцца да ведаў і перамог

- 11:58Навіны рэгіёнаў

У абласным этапе рэспубліканскага тэлевізійнага праекта “Я ведаю!” прынялі ўдзел 167 навучэнцаў 5—11 класаў з 25 раёнаў і гарадоў Віцебшчыны.

Праект накіраваны на выяўленне і падтрымку найбольш здольных навучэнцаў, развіццё творчых здольнасцей дзяцей і падлеткаў, павышэнне цікавасці да вучэбных прадметаў і навуковых ведаў. Арганізатарамі абласнога этапу выступілі галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі і Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі. Конкурс, у якім юныя эрудыты выпрабоўвалі свае веды, здольнасці і імкненне да перамогі, праходзіў у 4 туры, пераможцы вызначаліся па максімальнай колькасці набраных балаў. Па словах прарэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце абласнога інстытута развіцця адукацыі Ларысы Зяньковай, узровень падрыхтоўкі разумнікаў і разумніц у параўнанні з мінулагоднімі выступленнямі прыкметна вырас, адпаведна, абвастрылася канкурэнцыя. Безумоўнае лідарства пацвердзілі прадстаўнікі гімназіі № 2 Віцебска: дзякуючы ім, на рахунку Чыгуначнага раёна — 5 дыпломаў (на адзін больш, чым летась), у тым ліку адзін найвышэйшай вартасці: Вераніка Буланава прызнана абсалютнай пераможцай сярод адзінаццацікласнікаў. Крыху не ўтрымалі ранейшыя пазіцыі Лёзненскі раён, Кастрычніцкі і Першамайскі раёны абласнога цэнтра (у навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Лёзна і гімназіі № 1 Віцебска — па 3 дыпломы, у іх сапернікаў з гімназіі № 8 Віцебска — на адзін менш). Затое парадавалі ўдзельнікі з Полацкага (4 дыпломы, абсалютны пераможца сярод шасцікласнікаў — Павел Клемяценка з Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны) і Чашніцкага (3 дыпломы, абсалютны пераможца сярод сямікласнікаў — Данііл Аўчыннікаў з сярэдняй школы № 1 Новалукомля) раёнаў. Абсалютнай пераможцай сярод самых малодшых канкурсантаў стала Дар’я Шаўчэнка, пяцікласніца Расонскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава. І, нарэшце, адкрыццём сезона варта назваць выступленне каманды Бешанковіцкага раёна, якая заваявала 6 дыпломаў, у тым ліку 3 — абсалютных пераможцаў: у дзевяцікласніцы Юліі Бажадомавай (сярэдняя школа № 1 Бешанковіч), васьмікласніцы Соф’і Спірыдонавай і дзесяцікласніцы Яны Масалавай (абедзве вучацца ў Бешанковіцкай гімназіі-інтэрнаце). Завяршыўся конкурсны дзень выдатнай канцэртнай праграмай: творчы падарунак удзельнікам праекта і іх педагогам падрыхтавалі калектывы абласнога Палаца дзяцей і моладзі.