Імунітэт: проста аб важным

- 15:13Сацыяльны ракурс

Пасля зімы імунная сістэма найбольш аслаблена. І гэта не дзіўна: вострыя рэспіраторна-вірусныя інфекцыі, авітаміноз, сіндром хранічнай стомленасці згубна дзейнічаюць на арганізм у цэлым і на імунную сістэму ў прыватнасці.

Пра тое, як важна своечасова прыслухоўвацца да свайго арганізма, дзякуючы чаму функцыянуе імунітэт і якія фактары ўплываюць на яго работу, расказала ўрач агульнай практыкі Настасся Леанідаўна ТРАСКОЎСКАЯ.

— Настасся Леанідаўна, якія фактары ўплываюць на работу імуннай сістэмы чалавека?

— Існуе вельмі многа фактараў, якія ўплываюць на работу імуннай сістэмы. Але асноўныя з іх — гэта экалогія, лад жыцця, які вядзе чалавек, генетыка і медыцына. Увогуле, менавіта лад жыцця з’яўляецца адным з важных фактараў, што ўплывае на агульны стан і здароўе чалавека. Лад жыцця — гэта не толькі харчаванне, наяўнасць шкодных звычак ці іх адсутнасць. Гэта яшчэ рэжым працы і адпачынку, выкананне вызначаных санітарна-гігіенічных норм і правіл, паўнацэнны сон і фізічная актыўнасць.

Значна ўплываюць на стан імуннай сістэмы перанесеныя траўмы, аперацыі, наяўнасць хранічных захворванняў, іх абвастрэнне. Экалагічная сітуацыя, пра якую сгадвала, таксама аказвае ўплыў на нашу імунную сістэму. У адрозненне ад астатніх фактараў, на экалагічную сітуацыю вельмі складана паўплываць, таму мы ад яе становімся залежнымі.   

Стан псіхічнага здароўя таксама здольны адбіцца на імунітэце. Наяўнасць хранічных стрэсаў, прыём некаторых медыцынскіх прэпаратаў могуць пагаршаць работу імуннай сістэмы. Што тычыцца медыцынскіх фактараў, то імунітэт яшчэ залежыць ад наяўнасці ці адсутнасці прышчэпак.

На жаль, часцей за ўсё лю­дзі задумваюцца аб неабходнасці ўмацаваць імунітэт у той момант, калі праблема ўжо існуе. Зразумела, што прафілактычныя меры ў прыярытэце. Імунітэт можа быць прыроджаным і набытым. З апошняга вынікае, што чалавек усё ж здольны паўплы­ваць на працэс і змяніць сітуацыю ў лепшы бок. Але перад тым як прымаць тыя ці іншыя меры, неабходна зразумець, што прывяло да зніжэння імунітэту. Фактараў можа быць вельмі многа, але ўсё гэта трэба высвятляць з урачом.

На працягу 20 гадоў пачынаючы з 2002 года па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя 1 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень імунітэту.

— Якія прыкметы гавораць аб зніжэнні імунітэту?

— Насамрэч зразумець, што імунітэт зніжаны, вельмі проста, асабліва калі чалавек умее слухаць свой арганізм. Так, з’яўленне слабасці і разбітасці, ці, інакш кажучы, хранічнай стомленасці, санлівасці ці, наадварот, бяссонніцы — гэта ўсё прыкметы зніжэння імунітэту. Папоўніць спіс прыкмет можна галаўным болем, ламотай у мышцах і суставах. Калі назіраюцца частыя прастудныя захворванні (4—6 разоў на год), а таксама абвастраюцца хранічныя захворванні, то гэта таксама сігнал, што імунная сістэма дае збой. Дарэчы, да частых прастудных захворванняў трэба аднесці праяўленне герпетычных высыпанняў (хранічнай герпетычнай інфекцыі). Калі герпес з’яўляецца вельмі часта, то гэта адназначна сведчыць аб слабым імунітэце. Алергічныя захворванні таксама з’яўляюцца прыкметай таго, што імунная сітэма аслабла.

Лагічным будзе пытанне, як  можна падтрымаць імунную сістэму, забяспечваючы тым самым добры ўзровень здароўя, і супрацьстаяць усім захворванням, у тым ліку вірусным?

Правілы вылучым з тых фактараў, пра якія з вамі размаўлялі. Такім чынам, трэба пастаянна падтрымліваць здаровы сон — гэта не менш чым 8—9 гадзін у суткі. Фізічная актыўнасць таксама павінна прысутнічаць у жыцці кожнага (важна пазбягаць гіпадынаміі). Выбіраць фізічную нагрузку можна тую, якая падабаецца. Няхай гэта будзе плаванне, хадзьба, наведванне трэнажорнай залы ці піла­тэс — няважна. Галоўнае, каб гэта прыносіла задавальненне і дарыла добры настрой.

Паўнавартаснае харчаванне з правільным размеркаваннем бялкоў, тлушчаў і вугляводаў і наяўнасць клятчаткі, агародніны, садавіны ў рацыёне — гэта таксама важнае правіла для здароўя.

Лад жыцця з’яўляецца адным з важных фактараў, што ўплывае на агульны стан і здароўе чалавека. Лад жыцця — гэта не толькі харчаванне, наяўнасць шкодных звычак ці іх адсутнасць.

— Што тычыцца вітамінаў, ці ёсць сярод іх тыя, што ма­юць найбольшае значэнне для падтрымання імунітэту?

— На імунітэт аказваюць уплыў вітамін Д (кальцыферол), вітамін Е (токаферол), вітамін С (аскарбінавая кіслата), вітамін А (рэцінол) і вітаміны групы В (В2, В6 і В12).

У краіне мала тых, хто не хварэў на каранавірусную інфекцыю, а ёсць і такія, хто перанёс кавід некалькі разоў. Яны, думаю, звярнулі ўвагу, што падчас лячэння разам з асноўнымі прэпаратамі ўрачы назначаюць вітаміны менавіта гэтых груп. Яны дапамага­юць змагацца з наступствамі каранавіруса і здольны засцерагчы ад ускладненняў, якія часта бываюць пасля перанесенага кавіду.

Нягледзячы на тое, што вітаміны адыгрываюць важную ролю ў падтрыманні здароўя, самым важным крокам у падтрыманні нашай імуннай сістэмы з’яўляецца вакцынацыя — своечасовае выкананне прышчэпак згодна з календаром і вакцынацыя сезонная. Сёння яна даступна кожнаму. Лічу, што мы можам і павінны вакцынавацца ў пачатку сезона захворванняў, а таксама своечасова рэвакцынавацца згодна з назначэннямі ўрача.

Хачу засцерагчы многіх: калі вы адчулі, што пачынаеце захворваць ці назіраеце прыкметы зніжэння імунітэту, не трэба бегчы ў аптэку і купляць імунастымулятары на аснове інтэрферонаў, а таксама антыбіётыкі. Часта прыём гэтых лекаў бывае не толькі бескарысным, але і небяспечным. Таму трэба абавязкова параіцца з доктарам, перш чым прымаць згаданыя прэпараты.

Калі вы адчулі, што пачынаеце захворваць, ці назіраеце прыкметы зніжэння імунітэту, не трэба бегчы ў аптэку і купляць імунастымулятары на аснове інтэрферонаў, а таксама антыбіётыкі. Часта прыём гэтых лекаў бывае не толькі бескарысным, але і небяспечным.

— Настасся Леанідаўна, з якімі скаргамі пацыенты сёння прыходзяць да ўрача агульнай практыкі?

— Не сакрэт, што сёння адзначаецца высокая захвараль­насць на каранавірусную інфекцыю. Скаргі ва ўсіх, у каго дыягнастуецца гэтая інфекцыя, вельмі падобныя, але ёсць і свае асаблівасці. Як правіла, часцей за ўсё пацыенты скардзяцца на пад’ём тэмпературы цела, ламоту ў мышцах і суставах, боль у горле і заложанасць носа, кашаль і непрыемныя адчуванні ў вобласці СКТ. Да апошніх адносяцца млоснасць, ваніты і інш.

Працяг будзе.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота аўтара.