Імя настаўніка, гучы!

- 10:19Нам пішуць

У першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка. Для кожнага прадстаўніка прафесіі, звязанай з навучаннем, гэтае свята — адно з найбольш значных і ўрачыстых. Гэта дзень, калі кажуць шмат цёплых слоў; гэта дзень для ўсіх, хто шануе і паважае працу настаўніка; гэта дзень, калі кожны спяшаецца аддаць даніну павагі тым педагогам, якія ўклалі ў дзіцячыя сэрцы часцінку сябе і сваіх ведаў. Менавіта гэтай значнай падзеі і быў прысвечаны святочны канцэрт “Імя настаўніка, гучы!” у Крапівенскім яслях-садзе — сярэдняй школе Аршанскага раёна.

Напярэдадні свята ўсе вучні школы вырашылі парадаваць сваіх настаўнікаў не толькі добрымі адзнакамі, але і творчымі здольнасцямі. Перш-наперш падрыхтавалі настаўнікам святочныя паштоўкі, якія зрабілі сваімі рукамі на ўроках працоўнага навучання. Кожны клас у якасці падарунка падрыхтаваў нумар мастацкай самадзейнасці. Чаго толькі не было: вершы, песні, прыпеўкі, гумарэскі, інсцэніроўкі, у якіх вучні імкнуліся перадаць вобраз любімага настаўніка.

Ва ўрачыста аформленай зале сабралася шмат людзей. Вельмі прыемна было бачыць, што акрамя вучняў школы прыйшлі і выпускнікі, ветэраны педагагічнай працы, жыхары аг. Крапіўна. Пачалося свята з выступлення дырэктара школы Т.А.Аланцьевай, якая павіншавала ўсіх настаўнікаў з прафесійным святам. Шчырыя словы падзякі Таццяна Анатольеўна выказала ветэранам педагагічнай працы за шматгадовую плённую дзейнасць на карысць роднай школы. Акрамя гэтага, дырэктар адзначыла: “Усе мы родам са школы, яна аказвае магутнае ўздзеянне на ўсё наша далейшае жыццё. А на сяле гэта крыніца дабра, святла, прыстойнасці, любові, творчасці. І вельмі важна, каб гэтая крыніца заставалася чыстая, ясная на доўгія гады; каб кожны, хто прыходзіць да гэтай крыніцы, наталяўся святлом, мудрасцю, дабрынёй. Таму неабходна захоўваць гэтую крыніцу ў чысціні, а ў сучасным свеце гэта зможа зрабіць толькі высокамаральны, прыстойны і адданы сваёй зямлі чалавек. І як бы ні складваліся абставіны ў эканамічным плане, дабрабыт любой вёскі напрамую залежыць ад таго, якая там школа і якія людзі працуюць у ёй”.

Сярод гасцей — і выпукнікі школы, якія звязалі сваё далейшае жыццё з малой радзімай: адны вярнуліся працаваць у сельскую гаспадарку, другія — у Крапівенскую амбулаторыю, трэція засталіся працаваць у роднай школе. Прыемнай нечаканасцю стала выступленне былой выпускніцы Мацулёвай Крысціны, якая згадала з пяшчотай і любоўю першую настаўніцу і класнага кіраўніка, а таксама ў якасці падзякі ўручыла школе каштоўны падарунак — тэлевізар LG. У сваю чаргу дырэктар школы паабяцала, што такі сучасны і высокатэхналагічны падарунак будзе актыўна выкарыстоўвацца як у вучэбнай, так і ў пазаўрочнай дзейнасці.

Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства педагагічны калектыў наведаў мясцовыя могілкі, каб успомніць і аддаць даніну павагі тым настаўнікам, якіх, на жаль, побач ужо няма. Але іх імёны засталіся назаўжды ў сэрцах калег і выпускнікоў Крапівенскай школы.

Менавіта ў такі дзень кожны настаўнік адчувае павагу і гонар за тое, што яго дзейнасць самая важная, значная, плённая.

Наталля ВАРАБ’ЁВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна.