Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

- 10:00Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Пад такой назвай “Настаўніцкая газета” пачынае праект, прысвечаны Году гістарычнай памяці

“Чалавек — самая вялікая каштоўнасць на зямлі!” — любіў паўтараць Васіль Феафілавіч Купрэвіч, доктар біялагічных навук і прэзідэнт Акадэміі навук БССР. Аднак свой шлях навукоўца­-батаніка ён пачынаў з простага настаўніка біялогіі Смалявіцкай школы-­сямігодкі. Менавіта таму 18 чэрвеня 1969 года сярэдняй школе № 1 Смалявіч было прысвоена імя Васіля Феафілавіча Купрэвіча.

Васіль Феафілавіч Купрэвіч — савецкі батанік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Акадэмік і сёмы прэзідэнт НАН Беларусі, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР, доктар біялагічных навук, прафесар. Герой Сацыялістычнай Працы.

Васіль Феафілавіч Купрэвіч нарадзіўся 24 студзеня 1897 года ў вёсцы Кальнікі Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці ў сям’і селяніна. З 1913 года служыў на Балтыйскім флоце. Быў удзельнікам штурму Зімовага палаца падчас Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Пасля дэмабілізацыі ў 1918 годзе працаваў настаўнікам у Смалявічах.

У 1931 годзе Васіль Феафілавіч скончыў Інстытут павышэння кваліфікацыі кадраў народнай адукацыі ў Маскве. Пасля паступіў у аспірантуру Батанічнага інстытута АН СССР у Ленінград па аддзеле споравых раслін. У 1934-м паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў загадчыкам лабараторыі біялагічнага інстытута АН БССР.

З 1938 года В.Ф.Купрэвіч працаваў у аддзеле споравых раслін Батанічнага інстытута АН СССР. У 1947-м апублікаваў першую дысертацыю.

У 1949 годзе Васіль Феафілавіч стаў дырэктарам Батанічнага інстытута імя В.Л.Камарова АН СССР, а ў студзені 1952-га — прэзідэнтам Акадэміі навук Беларускай ССР.

У 1954 годзе быў дэлегатам СССР на VIII Міжнародным батанічным кангрэсе ў Парыжы. У 1955-м прыняў удзел у работах міжнароднай канферэнцыі па выкарыстанні атамнай энергіі ў мірных мэтах у Жэневе.

Апублікаваў больш за 100 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій.

Васіль Феафілавіч Купрэвіч памёр 17 сакавіка 1969 года.

Ці працягвае ўстанова адукацыі справу вялікага даследчыка? Якімі дасягненнямі ганарыцца і чым жыве? Адправіліся ў Смалявічы і даведаліся. У калідоры першага паверха ўсіх гасцей смалявіцкай сярэдняй школы № 1 сустракае бюст Васіля Феафілавіча Купрэвіча. Праходзім далей і трапляем у кабінет дырэктара Таццяны Іпалітаўны Грушэўскай. На пытанне “Чым ганарыцца школа?” Таццяна Іпалітаўна адказвае не задумваючыся.

— Летась нашай установе адукацыі споўнілася 100 гадоў, — гаворыць яна. — Мы ганарымся мінулым школы і не забываем імёны, якія праславілі адукацыю Смалявіччыны. Таксама вялікую ўвагу ўдзяляем цяперашняму часу! Сёння наша школа — гэта 124 работнікі, сярод якіх 92 педагогі. Дзякуючы настаўнікам, дзеці паказваюць высокія вынікі ў конкурсах і алімпіядах, прыносяць у скарбонку ўзнагарод прызавыя месцы. А іх у нас, дарэчы, нямала!

Узнагарод у школы сапраўды хапае, асабліва па біялогіі. Гэтаму прадмету тут удзяляюць асаблівую ўвагу: выкладаюць яго на павышаным узроўні разам з хіміяй. А як інакш? Школу назвалі ў гонар аднаго з лепшых біёлагаў Беларусі!

На сваім месцы

Пад кіраўніцтвам Іны Яўгенаўны Янчынай, настаўніцы біялогіі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, навучэнцы ўдзельнічаюць у навукова-даследчай дзейнасці і потым займаюць прызавыя месцы на конкурсах. Ці лёгка натхніць дзіця на заняткі біялогіяй?

— Мне не складана, бо я люблю свой прадмет. Таму і імкнуся зрабіць кожны ўрок цікавым, — дзеліцца Іна Яўгенаўна. — У нашай школе мы даём дзецям тое, што абавязаны, — профільную адукацыю. Кожны навучэнец вырашае, карыстацца гэтай магчымасцю ці не. Рада сказаць, што мой клас багаты на адораных, высокаматываваных дзяцей. І сакрэт, думаю, у тым, што дзяцей не раздзялялі з пачатковай школы. Яны вучацца адным складам з дзяцінства, таму і адчуваюць сябе “ў сваёй талерцы”, ставяць правільныя мэты, імкнуцца да ведаў.

Адна з вучаніц Іны Яўгенаўны — Марыя Геўрасёва. Яшчэ ў 8 класе ў 2019/2020 навучальным годзе дзяўчына ўдзельнічала ў XXXI Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ/праектаў і заваявала дыплом I ступені. У 9 класе Маша прыняла ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ і атрымала дыплом III ступені, а ў гэтым навучальным годзе папоўніла скарбонку школьных узнагарод дыпломам III ступені ў конкурсе работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці.

— Любоўю да біялогіі я абавязана Іне Яўгенаўне, свайму настаўніку і класнаму кіраўніку, — расказвае Маша. — Даследчая работа, з якой я тры гады займаю прызавыя месцы, прысвечана грыбам. Гэтую тэму мы выбралі як з цікавасці, так і праз Васіля Феафілавіча Купрэвіча. Калі ён працаваў у нашай школе, то шмат увагі ўдзяляў вывучэнню грыбной флоры. У гэты перыяд Васіль Феафілавіч падрыхтаваў навуковую работу “Грыбы Смалявіцкага краю”, у якой прывёў спіс з 237 відаў. Работа стала візітнай карткай будучага акадэміка ў вялікую навуку.

Сэрца школы

Пазнаёміўшыся з высокаматываванымі навучэнцамі, мы адправіліся далей і ўбачылі дзверы з шыльдай “Музей”.

Безумоўна, Васіль Феафілавіч унёс вялікі ўклад у развіццё будучай смалявіцкай сярэдняй школы № 1. У падзяку адміністрацыя школы яшчэ ў верасні 1987 года стварыла музей, прысвечаны жыццю і працам акадэміка. Зараз музей займае значнае месца ў гісторыка-культурнай спадчыне Смалявіцкага раёна, з’яўляецца ідэалагічным цэнтрам і месцам даследчай дзейнасці школьнікаў. Экскурсіі, святы, юбілейныя мерапрыемствы, чытацкія канферэнцыі, вучэбная дзейнасць, навукова-даследчая работа, творчыя сустрэчы — асноўныя формы работы музея.

— Музей Купрэвіча — гэта збор памяці і розуму. Ён аднаўляе этапы жыцця вучонага: ад матроса баявога карабля да прэзідэнта Акадэміі навук БССР, — расказвае Людміла Рыгораўна Пестава, намеснік дырэктара па метадычнай рабоце. — У 2022 годзе, абвешчаным Годам гістарычнай памяці, наша школа будзе адзначаць 125-годдзе з дня нараджэння вучонага.

Адміністрацыя школы падзялілася і планам будучых мерапрыемстваў, прысвечаных земляку. У яго ўваходзяць экскурсіі ў школьны музей, ускладанне кветак на магілу Васіля Феафілавіча на Усходніх могілках у Мінску, удзел у Купрэвіцкіх чытаннях у Інстытуце эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук Беларусі, школьныя Купрэвіцкія чытанні, акцыя “Ліст у будучыню”, шахматны турнір (шахматы былі любімай гульнёй батаніка са Смалявіцкага раёна), тэматычная экскурсія для навучэнцаў школы і гасцей музея.

Сёння ў асноўным фондзе музея 147 экспанатаў і яшчэ 64 у навукова-дапаможным. Тут і рыдлёўка Васіля Феафілавіча, якую ён выкарыстоўваў на практычных занятках у школе, працоўнае крэсла, пісьмовы стол, даследчыя работы, кнігі, памятныя фота, прадметы побыту, парадная вопратка, карціны. Часта ў музеі праходзяць урокі і пазакласныя заняткі. Гэта дапамагае лепш засвоіць матэрыял, пранікнуцца любоўю да прыроды, роднага краю і гісторыі нашай краіны.

“Захапляйце, развівайце назіральнасць, імкненне да доследу, эксперыменту, свабоднай фантазіі, самай нечаканай і неверагоднай, — казаў Васіль Феафілавіч. — Выхоўвайце высокую павагу да працы. Заахвочвайце захапленне літаратурай і мастацтвам…” У сярэдняй школе № 1 гэтыя словы сталі дэвізам для кожнага педагога. Вось у чым сакрэт поспеху.

Соф’я ЦЫКУНОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.