Калі гэтая артыстка выходзіць на сцэну, публіка замірае. На сённяшняй беларускай эстрадзе яна з’яўляецца ўзорам стылю і жаноцкасці. Залы ведаюць на памяць яе песні, а паклоннікі на канцэртах засыпаюць кветкамі… Сённяшняя госця праекта “Мая школа” — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Іна АФАНАСЬЕВА.
— Іна, якой вы былі ў дзяцінстве?
— Уявіце сабе дзяўчынку з характарам, абсалютна некіруемую, якая бегае па двары з сабакамі і катамі (калі верыць таму, што пра мяне расказвалі мае родныя). Вось гэта я ў дзяцінстве.
Я вырасла ў вёсцы хатняй дзяўчынкай, выхоўвала мяне бабуля, і я ніколі не хадзіла ў дзіцячы сад (і нават не ведала, што гэта такое). Але, нягледзячы на гэта, я ніколі не адчувала сябе сельскім жыхаром. Я люблю камфорт. І я заўсёды хацела жыць у горадзе. Калі ў дзяцінстве ехала па Магілёве ў аўтобусе, разглядвала горад, нават зазірала ў вокны дамоў. Мне было цікава, як там жывуць людзі, якія фіранкі, якія лямпы вісяць, часам даводзілася нават мэблю разгледзець — падгледзець чужое жыццё. І гэта мяне заўсёды цікавіла, здзіўляла… Нават бывала, што, калі я клалася спаць, уяўляла, што ва ўсім горадзе я адна, магу хадзіць і разглядваць усё, што я хачу. Мне было цікава назіраць, хто чым займаецца.
— А якія ўспаміны пакінулі школьныя гады?
— У першым класе як звычайную вясковую дзяўчынку мяне адправілі ў звычайную вясковую школу, але я там правучылася толькі паўгода. Справа ў тым, што мяне нельга было накарміць: я не ела нічога, акрамя маміных тонкіх бліноў. Калі мама іх не пякла, я не ела ўвогуле. Праз некаторы час я на галодны страўнік стала страчваць прытомнасць. А ўрачы сказалі, што калі мяне не стануць карміць як трэба, гэта можа дрэнна скончыцца.
У той час маці працавала ў школе, і яна ўсялякімі праўдамі і няпраўдамі, каб мяне “выратаваць”, зрабіла так, што мяне ўсё ж узялі ў гарадскую школу. Вялікі дзякуй дырэктару той школы…
Вось так я трапіла ў горад і стала вучыцца ў 21-й школе Магілёва. І ўсё было гладка і спакойна, пакуль я не пайшла ў Дом піянераў.
— Дык што ж, у вашай паспяховай творчай кар’еры вінаваты гастранамічныя схільнасці?
— Выходзіць, што так (смяецца)… Я і зараз люблю бліны. Усё маё акружэнне — і мой калектыў, і сяброўкі — цудоўна ведаюць, што бліны — мая фірменная страва. Я ўмею іх гатаваць у мностве варыянтаў: з трыма, двума, адным яйкам або ўвогуле без іх, на вадзе і без вады, на малацэ і без яго, з рознымі гатункамі мукі і г.д. У справе пячэння бліноў я дасягнула майстэрства і нават, думаю, пераўзышла маю маці. Хаця яе бліны вельмі смачныя.
— Вы трапілі ў эстрадны калектыў “Вясёлка” Магілёўскага гарадскога дома піянераў, калі сталі вучыцца ў гарадской школе. Як вы трапілі ў гарадскую школу, мы ўжо даведаліся. Атрымліваецца, што ваш шлях да папулярнасці — гэта ланцужок шчаслівых выпадковасцей?
— Ніколі не бывае выпадковасцей — усё ў жыцці заканамерна. Канечне, мы можам нешта паправіць ці змяніць, адкарэкціраваць. Але тое, што наканавана лёсам, змяніць цяжка, бо самае галоўнае — гэта наколькі ты гатовы да гэтых перамен і ці гатовы ты памяняцца сам. Перамены не адбываюцца проста так — чалавек мяняецца знутры. Калі чалавек унутрана гатовы да перамен, яны наступаюць, калі не — колькі ні мяняй знешняе асяроддзе, перамены не наступяць. Калі чалавек сам не разумее, чаго ён хоча, як бы яго ні піхалі і не тармашылі і як бы ні мяняліся знешнія абставіны, нічога не зменіцца.
Мы заўсёды прыцягваем да сябе тое, што хочам здзейсніць, а падсвядома я хацела ў горад. Можа, таму мой арганізм казаў мне: “Табе не трэба есці, бо праз гэта ты зможаш ажыццявіць сваю мару…” (смяецца). Гэта быў, можна сказаць, пратэст майго арганізма супраць умоў жыцця.
— Што адметнае ёсць у жыцці таленавітага чалавека?
— Усе людзі па сутнасці аднолькавыя. І не важна, таленавіты ты чалавек, вядомы на ўсю краіну ці звычайны працаўнік, работу якога навакольныя (часам памылкова) лічаць простай, ты павінен мець у жыцці іскрынку, цікавыя здарэнні і радасныя падзеі.
— Ці хацелі б вы нешта сёння памяняць?
— У маім жыцці, як і ў жыцці любога нармальнага чалавека, ёсць тое, што хацелася б… не, не памяняць — падправіць, удасканаліць. Гэта адбываецца таму, што жыццё не стаіць на месцы і ўвесь час даводзіцца ставіць перад сабой новыя мэты і іх дасягаць. Але я, напэўна, не стала б у сваім жыцці нешта кардынальна мяняць. Заўсёды ёсць магчымасць памяняць нешта ў дробязях: памяняць вопратку, месца жыхарства, купіць іншую машыну. А змяніць усё кардынальна? Калі б я гэтага хацела, думаю, мы б з вамі зараз, можа, нават і не размаўлялі.
— Ці ёсць рэчы, якія б вы не сталі мяняць ні ў якім выпадку?
— Безумоўна. У мяне як жанчыны ёсць прычына, па якой я ні за што не захацела б увогуле нічога мяняць,— гэта маё дзіця. Можна нават сказаць, што дзеля яго я ўсё рабіла і раблю ў сваім жыцці. Я дакладна ведаю, што нават калі была маленькай, вельмі хацела мець дзіця. Мая мара не прымусіла сябе доўга чакаць: дваццаць гадоў таму яна ажыццявілася, і я гэтаму вельмі рада.
Але і да нараджэння сына ў мяне ў жыцці было многа такога, што я таксама не хацела б мяняць.
— Ваш сын Іван у нечым падобны да вас?
— Характар у яго мой. У дзяцінстве яго нельга было апрануць у тое, што яму не падабалася, ён заўсёды быў са сваім меркаваннем, з характарам. Я вельмі шчаслівая, што ён расце сапраўдным мужчынам у поўным сэнсе гэтага слова. У сілу свайго ўзросту, магчыма, ён усяго не разумее, але спадзяюся, ён адбудзецца як мужчына: у ім ёсць і мудрасць, і розум, і гумар, і ўпартасць. Усё жыццё яму перашкаджае роднасць са мной, бо амаль усюды даводзіцца даказваць, што ён нечага варты сам, незалежна ад бацькоў, што ён нешта ўмее. Мне таксама часам даводзілася даказваць сваю годнасць: што ты чалавек, які можа развівацца, вучыцца , здзіўляць… Кожны павінен навучыцца чаму-небудзь і імкнуцца да гэтага. А калі ёсць імкненне, будзе і вынік.
— Сын, які вырас у музычнай сям’і, мае дачыненне да шоу-бізнесу?
— Магу дакладна сказаць, што ён у нас быў па-за сферай шоу-бізнесу: займаўся баскетболам, таэквандо, два гады адвучыўся ў Варшаве (асвойваў прамудрасці эканомікі), але ў гэтым годзе ён нас з яго бацькам прывёў у шок. Прыехаўшы з Варшавы, ён заявіў, што будзе паступаць у Беларускую акадэмію мастацтваў на акцёрскі факультэт. Ні я, ні муж так і не зразумелі, адкуль гэта ўзялося, бо Іван увесь час быў крыху сарамлівы і імкнуўся асабліва не вылучацца сярод іншых. Хаця, колькі яго памятаю, займаўся ў тэатральных гуртках, і ў яго гэта атрымлівалася. Але я ніколі не падумала б, што ён надумае займацца гэтым прафесійна. І што вы думаеце, ён паступіў на бюджэтную форму навучання.
Мы вельмі ганарымся сваім сынам. А любіць я яго буду любым, бо гэта маё дзіця. Калі гэтая прафесія, складаны прафесійны шлях акцёра, дазволіць яму самарэалізавацца, я буду гэтаму вельмі рада.
— Ваша школьнае дзяцінства амаль цалкам прайшло ў Доме піянераў. А як складваліся “стасункі” з агульнаадукацыйнай школай?
— Круглай выдатніцай я не была, але была вельмі адказнай вучаніцай. Ва ўсялякім выпадку, хатнія заданні былі заўсёды (ці амаль заўсёды) выкананы, нягледзячы на тое, што звычайна я вельмі позна вярталася дадому (хаця часцей з-за позніх рэпетыцый вымушана была начаваць у сваякоў і сябровак). Я ў 7 гадзін раніцы звычайна ўжо была ў школе, і тое, што не паспявала зрабіць увечары, дароблівала раніцай, за гадзіну да пачатку школьных заняткаў.
Акрамя таго, па годзе нараджэння я малпа, а малпы ўмеюць выкручвацца амаль з любой сітуацыі. У мяне добрая зрокавая памяць, і я ўмела, калі трэба, выйсці з няёмкага становішча.
— Ці ёсць у вас якасці, ад якіх вы хацелі б пазбавіцца?
— Я вельмі лянівая і ўсё жыццё змагаюся са сваёй лянотай…
— Ведаючы ваш рабочы графік, можна меркаваць, што змаганне вядзецца даволі паспяхова.
— Так. Я ўвесь час павінна быць “заведзеная”. Як толькі ўзнікае вольная хвілінка, хочацца трохі паленавацца. Але на канапу пад плед залезці ўсё роўна не ўдаецца: ёсць вялікае мноства спраў, якія трэба зрабіць…
— І ў школе ленаваліся?
— Ды, уласна кажучы, не было калі. У школе я адчувала сябе дастаткова камфортна — была цвёрдай харашысткай. Прадметы, якія мне падабаліся — гісторыя, геаграфія, хімія, усе гуманітарныя дысцыпліны — былі заўсёды на ўра. Прычым, відаць, не столькі падабаліся самі прадметы, колькі мне былі сімпатычныя педагогі, якія іх выкладалі. Як гэта ні дзіўна, хоць я і не матэматык па складзе розуму (лічбы — не для мяне!), падабалася геаметрыя, нягледзячы на тое, што настаўніца была суровая і грозная жанчына, якая пастаянна мне выгаворвала за мае прыгожыя завушніцы.
— І як вы рэагавалі на прыдзіркі настаўнікаў?
— Я маю сапраўдны скарпіёнавы характар, таму, калі мяне пачынаюць “душыць”, не важна, было гэта ў дзяцінстве ці адбываецца зараз, я не буду ціхенька сядзець. Я баец і змагар! Калі я бачу несправядлівасць, я кідаюся на абарону таго, хто церпіць ад гэтай несправядлівасці. Калі крыўдзяць мяне, я дам адпор і пастаўлю крыўдзіцеля на месца. Я не з тых, хто будзе ціхенька сядзець у куточку і чакаць, калі зменіцца сітуацыя.
Людзі адчуваюць мой характар і тое, што я магу адказаць, таму, відаць, і не спяшаюцца мяне крыўдзіць. Я ніколі ні з кім не выясняю адносіны. Мне дастаткова адзін раз паглядзець на чалавека, і ён спапяляецца.
— Аднакласнікі, безумоўна, зайздросцілі вашай папулярнасці. А настаўнікі?
— Яшчэ вучачыся ў школе (я ж была яшчэ зусім дзіцем!), я была зоркай, бо мяне паказвалі па тэлебачанні, і гэта ў той час, калі тэлеканалы можна было палічыць на пальцах адной рукі. У школьныя гады з розных краін — Польшчы, Балгарыі, рэспублік СССР — мне прыходзіла мора лістоў з прапановай перапісвацца (тады гэты было вельмі модна!), і я не ведала, што з гэтымі лістамі рабіць (шкада, канечне, але мая бабуля ў той час паліла імі ў печы). Безумоўна, адказаць на ўсе лісты я не магла фізічна. Але такая ўвага паклоннікаў была вельмі прыемнай.
А настаўнікі? Было такое адчуванне, што яны спаборнічалі з-за мяне, але я ўжо тады ўмела адстаяць свае правы, і са мною спрачацца было проста бессэнсоўна.
— А былі выпадкі, калі вы цярпелі ад чыёйсьці зайздрасці?
— З людской зайздрасцю мы сутыкаемся кожны дзень. Толькі для некаторых гэтая зайздрасць часам дрэнна заканчваецца. Шмат хто зайздросціць мне, але і я не пазбаўлена гэтага пачуцця. Я магу пазайздросціць, калі чалавек добра нешта зрабіў. Напрыклад, я зайздрошчу прыгожаму і багатаму шоу Мадонны, але я з гэтым буду спаць спакойна. Таму што я абсалютная рэалістка. Акрамя таго, можна ж зайздросціць розным рэчам — шыкоўнаму дому і ўсмешцы прахожага, дарагой машыне і цёплым сямейным адносінам. У кожнага свая сістэма каштоўнасцей. Ад нараджэння і да смерці чалавек змагаецца з гэтым пачуццём, але трэба мець многа мудрасці і розуму, каб зразумець, што яно не павінна кіраваць тваімі дзеяннямі.
Памятаю, калі я толькі прыйшла ў Дом піянераў, ад зайздрасці (маўляў, знайшлася тут — толькі з’явілася і адразу ў салісткі) адна з дзяўчынак мяне абгаварыла, і на паўгода мне аб’явілі байкот усе ўдзельнікі студыі — і хор, і ансамбль. Уявіце сабе: 120 чалавек бегаюць, размаўляюць, частуюць адзін аднаго пернікамі і цукеркамі, а я стаю ўбаку адна, нібыта я пустое месца. А я думала, што са мной ніхто не хоча сябраваць, бо я з вёскі. Ад адчаю я гатова была кінуць заняткі спевамі, аднак дзякуючы майму педагогу Нэлі Мікалаеўне Бардуновай я засталася. Тады яна мне сказала: “Іна, ты яшчэ столькі зайздрасці адчуеш у сваім жыцці… Калі ты будзеш заўсёды бегчы ад яе, ты ніколі не зможаш зрабіць тое, што ты хочаш. Ты павінна вучыцца змагацца з гэтым і знайсці ў сабе сілы, каб ісці далей”.
Відаць, мне трэба было гэта перажыць. Я вырашыла для сябе, што хачу і буду спяваць, і працягвала займацца. Ужо значна пазней, калі ўсё пачало нармалізавацца, я даведалася пра прычыны канфлікту. Памятаю, як увесь час я сабе казала: “Ім будзе сорамна, што яны сябе так паводзілі…” І ім сапраўды было сорамна.
— І што робіце з “крыўдзіцелямі” (акрамя спапялення позіркам)?
— А нічога. Іх крыўды да іх вернуцца. Я вельмі люблю людзей. Усіх — і бедных, і багатых, і ўладкаваных у жыцці, і неўладкаваных. Мне, напрыклад, заўсёды шкада бомжаў, таму што сярод іх (і я сустракала такіх!) ёсць вельмі цікавыя і адукаваныя асобы. Але вось так склаўся іх лёс. І часта не таму, што яны слабыя, проста трапілі ў неспрыяльныя ўмовы і не змаглі справіцца з абставінамі…
Я люблю людзей не таму, што яны, напрыклад, займаюць нейкую пасаду і маюць грошы і ўплыў. У мяне ёсць многа знаёмых вельмі рознага дастатку: ёсць і вельмі багатыя з яхтамі і самалётамі, і вельмі простыя, якія жывуць на 200 тысяч у месяц (і я ведаю, наколькі цяжкае такое жыццё). І калі адны ці другія запрашаюць мяне ў госці, я з задавальненнем прыязджаю і да адных, і да другіх.
— Ці падтрымліваеце вы сувязь з аднакласнікамі?
— Маіх аднакласнікаў лёс раскідаў па розных гарадах, таму ўбачыцца з імі ўсімі дастаткова цяжка. Некалькі разоў мы сустракаліся, але сказаць, што сярод іх ёсць тыя, каго можна назваць сябрам, не адважуся. У мяне ёсць дзве сяброўкі, з якімі мы знаёмы вельмі даўно. Адна з іх — мой сённяшні дырэктар Анжэла Далініна. Яшчэ ў дзяцінстве мы вырашылі парадніцца, стаўшы хроснымі маці нашых дзяцей. Так і атрымалася.
— У адным са сваіх інтэрв’ю вы адзначылі, што не хацелі быць спявачкай…
— Я заўсёды хацела спяваць, але, як я ўжо сказала, заўсёды рэальна глядзела на рэчы і разумела, што гэта практычна немагчыма. Аднак пасля школы паехала паступаць у музычнае вучылішча імя Гнесіных. Я вытрымала ўсе адборачныя туры, але не прайшла па балах па агульнаадукацыйных дысцыплінах. Тым больш што проста так у Маскву не прыязджаюць, а я была там абсалютна адна — ні сваякоў, ні сяброў, ні нават знаёмых.
Не паступіўшы, вярнулася ў Мінск і пайшла працаваць у школу лабаранткай, а паралельна стала рыхтавацца да паступлення ў педагагічны інстытут (мне вельмі падабаюцца дзеці, я люблю з імі вошкацца), але праз некалькі месяцаў мне прапанавалі працу ў Палацы культуры чыгуначнікаў. Потым быў цэлы ланцужок падзей, дзякуючы якім я сустрэлася з маім будучым мужам Валерыем Стральцовым (дарэчы, менавіта ён настаяў, каб я паехала на мой першы сур’ёзны конкурс). Пасля вельмі доўга, як магла, “змагалася” з запрашэннямі працаваць у Мінску і ў Маскве: у мяне тады было каханне, дзіця і г.д.
Але дзякуючы настойлівасці Міхаіла Фінберга я ўсё ж прыехала ў Мінск, потым сюды перабралася і мая сям’я. Ужо жывучы ў Мінску, але, яшчэ не падпісаўшы кантракт з Фінбергам, я працягвала атрымліваць запрашэнні з Масквы і Варшавы, але менавіта каханне выратавала мяне як спявачку для Беларусі.
— Якая школа была для вас самай важнай?
— За ўсю кар’еру гэта, відаць, быў Дом піянераў — там прайшло амаль усё маё дзяцінства. У агульнаадукацыйнай школе я знаходзілася з 7 гадзін раніцы і да канца ўрокаў. А потым — хор, ансамбль, індывідуальныя заняткі — у Доме піянераў. Там мяне прывучылі працаваць. Доўга і многа.
— Ці можна сказаць, што сустрэчы з вядомымі ў эстрадным свеце асобамі ўмацавалі ў вас усведамленне правільнасці абранага шляху?
— Мне пашчасціла працаваць са многімі вялікімі артыстамі. Ала Пугачова і Сафія Ратару, Валянціна Талкунова і Іосіф Кабзон, Аляксандра Пахмутава, Аляксандр Сяроў, Ігар Крутой — гэта тыя людзі, што сапраўды навучылі мяне многаму. Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская ўвогуле мае хросныя бацькі на эстрадзе: менавіта яны далі мне магчымасць працаваць на сцэне, запрасіўшы з трыма песнямі ўдзельнічаць у вялікіх гастролях. Міхаіл Фінберг выхаваў мяне, узяўшы ў аркестр дзяўчынкай, якая нічога, уласна кажучы, не ўмела на эстрадзе (вельмі добра памятаю свае першыя з Фінбергам замежныя гастролі па Польшчы). У кожнага з майстроў сцэны я нешта “запазычыла” для сябе, але самае галоўнае, чаму мяне навучылі гэтыя людзі, — любіць сцэну, адносіцца да сцэны як да алтара. Яны паказалі, што не цябе павінна любіць публіка, а найперш ты яе павінен любіць.
І, магчыма, я сапраўды больш люблю публіку, чым яна мяне, я яе ўспрымаю такой, якая яна ёсць. Да мяне на канцэрты прыходзяць розныя людзі: не толькі тыя, хто ведае мае песні (на жаль, сёння не так многа людзей, што любяць сваё, беларускае, і ганарацца ім). Я люблю ўсіх сваіх слухачоў, нават тых, каму я не падабаюся. Мне хочацца ім спадабацца, быць для іх прыгожай і цікавай, годна прадставіць свае песні.
Часам у мяне пытаюцца, ці бывае ў мяне на канцэртах дрэнная публіка. І я заўсёды адказваю: “Дрэннай публікі не бывае — бываюць дрэнныя артысты”. Выходзячы на сцэну, ты адразу адчуваеш атмасферу залы. І нават калі я бачу, што гледачы не хочуць слухаць і ўспрымаць маю музыку, я ведаю, што яны будуць гэта рабіць, таму што я гэтага хачу і прыкладу ўсе намаганні для таго, каб “расшавяліць” і зацікавіць залу.
— Вы спрабавалі сябе ў якасці педагога па вакале. Ці збіраецеся працягваць педагагічную дзейнасць? З кім бы вам было прасцей працаваць — з дарослымі ці з дзецьмі?
— Магу сказаць, што мне вельмі падабаецца гэтая сфера дзейнасці, бо яна карэнным чынам адрозніваецца ад таго, чым я займаюся зараз. Думаю, што я абавязкова вярнуся да гэтага, але не зараз. Педагогіка патрабуе неверагодных намаганняў, велізарнай настойлівасці і цярплівасці. І, акрамя таго, сістэмнасці: штодня метадычна дабівацца выніку. Галава для гэтага павінна быць занята толькі педагагічнымі ідэямі. А я пакуль што вельмі многа думаю пра сваю сённяшнюю работу: касцюмы, праграмы, песні, канцэрты і г.д.
Сёння я не магу аддацца поўнасцю выкладанню, але, калі мяне просяць даць параду, нікому ніколі не адмаўляю. Але спевы — гэта прафесійная сфера, якая патрабуе каласальнай работы над сабой.
Я з вялікай пяшчотай адношуся да зносін з людзьмі, а калі гэта зносіны з дзецьмі — гэта асаблівая сфера. Яны адкрытыя, бясхітрасныя, кажуць тое, што думаюць. І тут важна быць гатовым — маральна і фізічна — да гэтай дзейнасці.
— Вялікі дзякуй за размову. Спадзяюся, што мы не выдалі нашым чытачам усіх вашых сакрэтаў. Зорка павінна быць таямнічай.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.