Самадысцыпліна, прафесіяналізм, падтрымка калег і вучняў — на гэтым грунтуецца паспяховая педагагічная дзейнасць настаўніцы рускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Іны Сакаловай з Вялікаматыкальскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Іна Уладзіміраўна з дзяцінства ўважліва назірала за школьнымі настаўнікамі, захаплялася імі і інтуітыўна адчувала, што абавязкова пойдзе па іх слядах, бо ўсё ў жыцці пачынаецца менавіта з педагога. Ёй змалку хацелася займацца чымсьці важным, адказным і карысным, каб дапамагаць людзям станавіцца разумнейшымі.
— На жыццёвым шляху мяне заўсёды суправаджалі самыя лепшыя педагогі, якія ў далейшым і сталі прыкладам у прафесіі, — гаворыць Іна Сакалова. — Гэтыя настаўнікі ўлюбілі не толькі ў філалогію, але і ў школу ў цэлым, дзякуючы творчаму і прафесійнаму падыходу да сваёй справы. Нездарма кажуць: калі любіш педагога, то і прадмет, які ён выкладае, таксама палюбіш.
Пасля заканчэння філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна Іну Уладзіміраўну размеркавалі ў родную школу, дзе яна працуе ўжо амаль 18 гадоў. Прафесійнае станаўленне маладога педагога ў сценах альма-матар праходзіла не без дапамогі старэйшых калег. Але на ведах, атрыманых ва ўніверсітэце, настаўніца не спынілася: з галавой акунулася ў вывучэнне педагогікі і ўзроставай псіхалогіі, каб лепш разумець сваю работу. Не дзіўна, што словы “ні дня без самаадукацыі” сталі ладам жыцця Іны Сакаловай з самага пачатку яе прафесійнай дзейнасці.
— Чытаю шмат педагагічнай літаратуры, штодзень грунтоўна рыхтуюся да заняткаў, дакладна планую сваю работу, без жорсткай самадысцыпліны ў якой не абысціся, калі імкнешся стаць прафесіяналам, — прызнаецца настаўніца. — А любоў да сваёй справы, падтрымка калег і вучняў дапамагаюць справіцца з усімі цяжкасцямі!
Асабліва ганарыцца Іна Уладзіміраўна выхаванцамі, якія сталі не толькі добрымі людзьмі, але і спецыялістамі высокага ўзроўню, запатрабаванымі на рынку працы. На рахунку таленавітага педагога шмат нагод для заслужанай гордасці. Сярод іх — цікавыя праекты, рэалізаваныя разам з калегамі, лекцыі для слухачоў Брэсцкага абласнога ІРА, суаўтарства ў напісанні вучэбнага дапаможніка па рускай мове для 7 класа, аўтарскія нестандартныя метадычныя прыёмы ў вывучэнні свайго прадмета, удзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2023” і, канечне, паспяховая здача кваліфікацыйнага экзамену на прысваенне катэгорыі “настаўнік-метадыст”. Нячаста сустрэнеш у сельскай школе педагога з такой колькасцю важкіх “рэгалій”.
— У вёсцы ты заўсёды навідавоку, — заўважае Іна Уладзіміраўна. — Гэта патрабуе вялікай адказнасці за вынікі сваёй працы. А ў нашай школе атрымліваюць веды каля 560 дзяцей! Па якасці ведаў яны ні ў чым не саступаюць гарадскім равеснікам, пра што сведчаць вынікі ЦЭ. Гэтага немагчыма дасягнуць без цеснага ўзаемадзеяння з бацькамі, з якімі, дзе ні сустрэнешся ў невялікай вёсцы, заўсёды гаворыш пра поспехі і перспектывы іх дзяцей. Радуе, калі да цябе прыслухоўваюцца, ідуць на кантакт.
У сваёй рабоце Іна Сакалова ўдзяляе вялікую ўвагу матывацыі, без якой не можа быць і гаворкі пра эфектыўную вучобу. Педагог нават чытае лекцыі на гэтую тэму ў абласным ІРА.
— Самае галоўнае — асабісты прыклад настаўніка і яго любоў да прафесіі, — лічыць Іна Уладзіміраўна. — Безумоўна, ёсць шмат педагагічных хітрыкаў, дзякуючы якім удаецца зацікавіць вучняў. Напрыклад, бонусная сістэма на ўроках: на працягу заняткаў дзеці праяўляюць сябе, за што атрымліваюць бонусы, якія назапашваюцца і абменьваюцца затым на адзнакі. На дапамогу прыходзяць таксама “чароўныя” сшыткі па рускай мове і рэклама кніг… Гэтымі і іншымі нестандартнымі прыёмамі дзялюся на адукацыйнай старонцы @innasokolova_teacher у Instagram.
Іна Сакалова чуйна рэагуе на запыты часу і імкнецца быць актыўным, мабільным і эрудзіраваным педагогам з арыгінальным мысленнем і нешаблоннымі падыходамі да навучання. Настаўніца не забывае, што яна для выхаванцаў старэйшы таварыш і сябар, варты даверу. А заслужыць яго ў дзяцей не так і проста.
З прафесійным выгараннем Іна Уладзіміраўна не знаёмая, бо лічыць яго вынікам суму і стомленасці. Педагогу сумаваць няма калі, бо яна ў пастаянным руху і пошуку!
Усе знаёмыя ведаюць, што работа — адзінае хобі Іны Сакаловай, ад якога яна атрымлівае вялікае задавальненне. Усё амаль па Канфуцыю. У вольны час настаўніца шмат чытае, да чаго заклікае і школьнікаў. І, трэба адзначыць, многія з іх не адстаюць ад педагога!
З планамі на будучыню, як і з хобі, у Іны Уладзіміраўны ўсё ясна: мэтанакіравана ўдасканальвацца ў любімай справе, выхоўваць дасведчаную і ўдумлівую моладзь, якая стваральнай працай прынясе карысць Радзіме.
Чытаем у ахвоту!
Іна Сакалова фарміруе маўленчую культуру ў вучняў шляхам актывізацыі іх творчага мыслення на ўроках рускай літаратуры.
— Многія сучасныя дзеці маюць збеднены слоўнікавы запас і будуюць зносіны з дапамогай выклічнікаў ці месенджараў, дзе большую частку тэксту складаюць смайлікі і эмодзі, — расказвае педагог. — Гэта азначае, што ўслед за спрашчэннем мовы непазбежна зменіцца і вобраз мыслення, якое стане стэрэатыпным, шаблонным і фрагментарным. У выніку вучням цяжка правільна выказвацца, аб’ядноўваць словы ў сказы, дакладна фармуляваць думкі, вылучаць галоўнае ў тэксце. А без звязнага маўлення гаварыць пра агульную адукаванасць і культуру чалавека не даводзіцца.
Настаўніца больш за 5 гадоў паспяхова распрацоўвае і апрабоўвае розныя прыёмы, якія дапамагаюць вырашыць гэтую праблему. Так, Іна Уладзіміраўна прапануе вучням стварыць тэматычныя старонкі ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Гэты прыём дазваляе правільна будаваць сказы і фармуляваць свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме, вылучаць важную інфармацыю з тэксту, выказваць уласныя адносіны да прачытанага твора ці асобнага персанажа і рыхтавацца да напісання творчых работ.
— Самастойна ствараючы старонку на тэму “Міфы Старажытнай Грэцыі. Старажытнагрэчаскія міфы пра герояў”, школьнікі даведаліся, што Геракл — сын Зеўса і Алкмены, жыў у Фівах і здзейсніў 12 подзвігаў, а таксама вызначылі асноўныя якасці героя: мужнасць, спакой, сіла, кемлівасць і цярпенне, — гаворыць Іна Сакалова. — З мэтай развіцця маналагічнага маўлення дзеці паразважалі над тым, ці ўласцівы гэтыя якасці іншым, і расказалі пра героя згодна з планам. Такі прыём дазваляе не толькі адточваць камунікацыйныя навыкі, але і шукаць неабходную інфармацыю ў дадатковых крыніцах.
Не менш цікавая і рэклама прачытаных твораў, якая дапамагае, акрамя іншага, папулярызаваць літаратуру ў цэлым. Так, на ўроках пазакласнага чытання дзеці расказваюць пра творы, якія яны чытаюць, і спрабуюць іх разрэкламаваць па пэўным плане.
— Знаёмячы, напрыклад, з кнігай “Хлопчык, які пайшоў у Асвенцім следам за бацькам” Джэрэмі Дронфілда, вучань называе аўтара, год напісання твора, коратка апісвае яго сюжэт і раіць прачытаць кнігу тым, хто хоча ведаць гісторыю Другой сусветнай вайны і трагедыю Халакосту, — працягвае настаўніца. — Рэкламуючы твор, вучань прэзентуе эмблему — чорна-белага матыля, які ляціць да святла, сімвалізуючы веру і надзею на светлую будучыню і ўз’яднанне галоўнага героя са сваёй сям’ёй. Такі прыём дазваляе вучням пераадолець боязь публічных выступленняў, развіць аратарскія навыкі і творчыя здольнасці. Рэклама мастацкага твора патрабуе сур’ёзнай падрыхтоўкі, дзякуючы якой у школьнікаў павышаецца матывацыя да вывучэння рускай літаратуры і рэалізуецца творчы патэнцыял.
А вось прыём “Мудборд” дапамагае навучыцца будаваць меркаванні, пазбягаць лішкаў у маўленні і падмены паняццяў, выкарыстоўваць яркія параўнанні і метафарычныя вобразы, а таксама працаваць з тэкстам: даваць характарыстыку героям, аналізаваць эпізоды твора, вызначаць іх эмацыянальны фон, знаходзіць цытаты і ілюстрацыі…
— Працуючы над мудбордам па творы Юрыя Казакова “Блакітнае і зялёнае” на тэму “Апавяданне пра першае каханне”, васьмікласнікі размясцілі ў цэнтры сваёй работы фотаздымак пары ў цені на фоне жоўтага разбітага сэрца, што сімвалізуе адсутнасць будучыні і разлуку, — расказвае Іна Уладзіміраўна. — У якасці дадатку да асноўнай тэмы выступілі ілюстрацыі (Масква 1950-х гадоў, чалавек з цыгарэтай, перакрэслены букет кветак), якія асацыіруюцца з пэўным эпізодам апавядання. Так, ілюстрацыя з Масквой гаворыць пра час, калі адбываюцца падзеі, а перакрэслены букет кветак пра тое, што Алёша ніколі не дарыў Лілі кветак. А вось смайлікі, якія абазначаюць смутак, трывогу, хваляванне і шчасце, дапамагаюць зразумець пачуцці героя.
Прыём RAFT дазваляе стварыць тэксты пэўнай тэматыкі, разгледзець тэму з розных бакоў, навучыцца разважаць, фармуляваць абгрунтаваныя высновы і ацэньваць. Так, педагог прапанавала сямікласнікам напісаць тэкст па творы Аляксандра Пушкіна “Капітанская дачка”: выбраць сабе ролю, высветліць, каму можа прызначацца тэкст, вызначыцца з жанрам, формай і тэмай аповеду, яго ідэяй. У выніку школьнікі паспрабавалі сябе ў ролі суддзяў, адвакатаў, аўтара песні, дыктара тэлебачання…
Не абыходзіць увагай Іна Сакалова і прыём “ПОПС”, які вучыць правільна задаваць пытанні, адказваць на іх, выказваць уласныя меркаванні, абгрунтоўваць сказанае, прыводзіць прыклады, рабіць высновы, будаваць дыскусію. Так, працуючы над творам Мікалая Забалоцкага “Адзінокі дуб”, шасцікласнікі разважалі, чаму дуб у полі воін, нават калі адзін, суадносячы дрэва з чалавекам.
А вось “Чытацкі дзённік, ці Кніжная паліца пакалення NEXT” дапамагае навучыцца аналізаваць творы, разумець іх сэнс, запамінаць самыя яркія эпізоды і падзеі, зацікаўліваць сяброў, развіваючы тым самым культуру маўлення і творчыя зносіны.
Вопыт работы ў гэтым кірунку паказаў станоўчую дынаміку па розных паказчыках: істотна палепшыліся змест і маўленчае афармленне сачыненняў, дзе дарэчы выкарыстоўваюцца моўныя сродкі, прасочваецца логіка аповеду, назіраецца творчы падыход. Акрамя таго, значна павысілася цікавасць вучняў да чытання. Але галоўная каштоўнасць назапашанага вопыту ў тым, што ён паспяхова ўкаранёны ў практыку і прэзентуецца на розных мерапрыемствах.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ