Інавацыі для рэалізацыі

У Крычаве будзе адкрыты Цэнтр экалагічнага і энергазберагальнага выхавання моладзі “Экаэнергетыка”. Праект будзе рэалізаваны асацыяцыяй “БелБрэнд” на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крэчут”, а яго інавацыйнае напаўненне возьмуць на сябе маладыя вынаходнікі з усёй Беларусі.

Галоўнай задачай цэнтра стане інфармаванне насельніцтва пра праблемы змены клімату і ролю энергазберагальных тэхналогій у іх вырашэнні. Шматлікія апытанні паказваюць: многія людзі не ведаюць элементарных рэчаў, якія дапамагаюць эканоміць рэсурсы. І абсалютна не матываваны самастойна шукаць гэтую інфармацыю — для гэтага трэба іх зацікавіць, прадставіўшы галоўнае коратка і даступна. Цэнтр “Экаэнергетыка” стане дэманстрацыйнай, кансультацыйнай і адукацыйнай пляцоўкай у афлайн- і анлайн-фармаце.

Валянціна Дыніч, намеснік старшыні асацыяцыі “БелБрэнд” і кіраўнік дэпартамента інавацыйных праектаў, патлумачыла, як гэта будзе працаваць:

— Гэта будзе пляцоўка, дзе юныя навукоўцы могуць прэзентаваць свае вынаходствы. Экалагічныя праекты з энергазберагальным ухілам мы ўжо адбіраем. У першую чаргу гэта пераможцы і фіналісты рэспубліканскіх конкурсаў “100 ідэй для Беларусі”, “Лепшы інавацыйны праект”, “Лепшы інавацыйны маладзёжны праект” за мінулыя гады і, канечне, сёлетнія. Мы дадзім іх аўтарам унікальную магчымасць прадэманстраваць свае распрацоўкі, дапаможам стварыць якасныя макеты, відэаролікі. Усё, каб прасунуць ідэі і рэалізаваць іх у жыццё: знайсці спонсараў, інвестараў, усяляк падтрымаць маладзёжныя стартапы. Гэтая выстава дазволіць бачыць, як развіваюцца інавацыйныя ідэі, якіх поспехаў дасягаюць іх распрацоўшчыкі, нават паўдзельнічаць у некаторых праектах.

Так, адной з першых адправіцца ў Крычаў нядаўняя распрацоўка школьнікаў з Клецкага раёна Мінскай вобласці — праект “Энергія з-пад абцасаў”. Яго сутнасць — у аснашчэнні магазінных калясак спецыяльнымі акумулятарамі. Зарад, які будзе назапашвацца за кошт штурхання каляскі ад стэлажа да стэлажа, можна будзе выкарыстаць для зарадкі мабільнага тэлефона. Гэты ж прынцып можа дапамагчы падсілкавацца электрасамакатам ці электраскутарам.

Будзе тут прадстаўлена і сонечная панэль у мініяцюры ад вынаходнікаў з Гродна. Іх мэта — паказаць патэнцыяльным карыстальнікам перавагі гэтай устаноўкі.

Ідэя быхаўскай моладзі, ужо аб’яднанай у эколага-тэхнічна-адукацыйны цэнтр “РИТМ”, — даць жыццё старым тэлефонам. Моладзь рамантуе ці мадэрнізуе старыя тэлефоны. Думаеце, вашы кнопачныя “званілкі”, якія гадоў дзесяць недзе ляжаць у вас дома, нікому не спатрэбяцца? А вось пажылыя людзі, якім дастаткова ўсяго толькі быць на сувязі, ці бацькі малодшых школьнікаў, якія баяцца набываць сваім дзецям смартфон (згубяць ці тэлефон, ці свой час, прападаючы ў гульнях), думаюць інакш. Тым больш што за спакой — невялікая цана. Перарабляюць майстры і любую бытавую электратэхніку, якая зламалася.

— Гэтая паслуга была некалі вельмі актуальнай і развітой. Цяпер пераважае ідэя спажывання: лепш купіць новае. І нам проста неабходна вярнуцца да даўняй практыкі, якая сёння называецца разумным спажываннем, і навучыць ёй маладых людзей, якія за апошнюю мадэль смартфона гатовы кожны раз аддаваць вялізныя грошы, — гаво-рыць В.І.Дыніч.

Плануецца, што ў цэнтры будзе прадстаўлена шмат метадычных распрацовак ад настаўнікаў, якія таксама актыўна працуюць у кірунку энергазберажэння і хочуць дзяліцца сваімі матэрыяламі з калегамі. Якраз у гэтыя дні спецыялісты асацыяцыі “БелБрэнд” праводзяць абласныя семінары з педагогамі, якія хочуць выступіць іх партнёрамі. Пакуль семінары былі ў Магілёве, але пройдуць па ўсёй краіне.

— Пляцоўка запрацуе ў нас ужо праз некалькі месяцаў, — расказвае дырэктар цэнтра “Крэчут” Юрый Еўдакіменка. — Цэнтр можна будзе наведваць і ў віртуальнай прасторы: да канца лютага з’явіцца афіцыйны сайт праекта. Спадзяюся, што ён зменіць светапогляд нашых людзей, асабліва моладзі, прымусіць задумацца над многімі пытаннямі экалогіі і энергазберажэння і над неабходнасцю ўкаранення энергазберагальных тэхналогій у штодзённае жыццё. Новую пляцоўку змогуць наведваць не толькі навучэнцы нашых гурткоў і секцый (а гэта больш за 1400 дзяцей і маладых людзей ), але і дэлегацыі з іншых рэгіёнаў. Першыя экскурсіі мы плануем правесці ўжо ў чэрвені.

Ніна Каліта, выканаўчы дырэктар асацыяцыі “БелБрэнд”, падкрэсліла, што навізна праекта заключаецца ў стварэнні пляцоўкі з пастаянна дзеючай і абнаўляльнай экспазіцыяй інавацыйных распрацовак у рэгіёне — аналага музея прыродазнаўства і тэхнікі. Такая пляцоўка будзе спрыяць папулярызацыі навукі, атрыманню моладдзю новых ведаў і прымяненню існуючых, павышэнню ўзроўню матывацыі не толькі да энергазберажэння, але і да вывучэння тых фактараў, якія ўплываюць на змяненне клімату найбольш разбуральным чынам.

Не менш важная задача цэнтра — прасоўванне і дапамога ў камерцыялізацыі інавацыйных распрацовак, якія прапануе наша моладзь, у галіне экалогіі і энергазберажэння.

— Хочацца, каб гэта быў не проста адукацыйна-асветніцкі праект (хоць і гэта важна), а каб маладыя інаватары, якія працуюць на нашых прадпрыемствах, буйных і невялікіх, дзяржаўных і прыватных, як толькі ў іх з’яўляецца нейкая распрацоўка, змаглі размясціць яе ў гэтым цэнтры, прадэманстраваць, прарэкламаваць яе, — гаворыць Валянціна Дыніч. — Напрыклад, я толькі нядаўна даведалася, што ў Беларусі ўжо робяць святлодыёдныя лямпачкі. Значыць, інфармацыя павінна быць у цэнтры, каб гэтую навіну ведалі ўсе. Стварылі новае пакаленне халадзільнікаў ці электрапліт? Прадстаўце ўзоры, каб спажыўцы не шукалі інфармацыю пра іх, а знаёміліся з прадукцыяй у нас — ці віртуальна, ці на свае вочы, завітаўшы ў “Крэчут”.

Толькі так маладзёжныя інавацыі будуць не проста здзіўляць і даваць нам нагоду для гордасці за іх, але і прынясуць рэальную карысць і іх аўтарам, і нашай краіне ў цэлым.

Святлана НІКІФАРАВА.