Інавацыі для вучняў-інтэлектуалаў

- 10:44Навіны рэгіёнаў

Абласны фестываль педагагічных ідэй “Інавацыйнае адукацыйнае асяроддзе для інтэлектуалаў” прайшоў у Гродне.

Педагогі Гродзеншчыны абмяняліся вопытам па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

Навучальныя ўстановы прадставілі свой вопыт, набыты за 4 гады: інавацыйны праект рэалізуецца ва ўсіх абласцях рэспублікі з 2017 года і падыходзіць да свайго завяршэння. У прыватнасці, у Гро­дзенскай воб-­

ласці працуе сем інавацыйных пляцовак. Удзельнікамі праекта сталі гімназія № 1 Ваўкавыска, сярэднія школы № 8 і № 15 Ліды, № 3 Ашмян, № 1 Астраўца, Беняконьская сярэдняя школа Воранаўскага раёна і Наваельнянская сярэдняя школа Дзятлаўскага раёна.

Настаўнікі пачатковых класаў паказалі, чаму навучыліся за гэтыя 4 гады. Усе яны працуюць на адзіны вынік, каб школьнікі былі паспяховымі. Нездарма фестываль называецца “Інавацыйнае адукацыйнае асяроддзе для інтэлектуалаў”. Інтэлектуалы-педагогі вялі гаворку пра інтэлектуалаў-навучэнцаў, пра тое, які ўклад педагогі могуць унесці ў развіццё дзяцей, якое асяроддзе варта стварыць для вучняў, каб яны былі паспяховымі. Безумоўна, усе дзякавалі за падтрымку навуковаму кансультанту праекта прафесару кафедры педагогікі Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдату педагагічных навук, дацэнту Святлане Гін.

Святлана Іванаўна раскрыла сакрэты інавацыйнага праекта, падрабязна расказала пра сапраўдныя цуды ў рабоце з высокаматываванымі вучнямі. Падчас пленарнага пасяджэння і на секцыях педагог падзялілася ўласным вопытам.

Адкрываючы фестываль, прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Алена Казаноўская падкрэсліла, што ў зале сабраліся шчаслівыя людзі, бо ўсе яны глыбока пагружаны ў змест інавацыйнага праекта. Ён падыходзіць да завяршэння — гэта былі гады адказнай, напружанай, цікавай работы. Алена Казаноўская спыталася, што для настаўнікаў значыць удзел у праекце.

— Для кожнага педагога гэта быў стымул для прафесійнага развіцця. Настаўніца нашай гімназіі, якая пачынала працаваць з праектам, Людміла Заяц, у 2017 годзе стала суперфіналістам конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Мы задаволены, што прынялі ўдзел у праекце, — адказала на пытанне намеснік дырэктара гімназіі № 1 Ваўкавыска Валянціна Пархута.

— Я вельмі рада, што змаг­ла дакрануцца да таленту Святланы Іванаўны Гін. Яе энергія, пазітыў натхня­юць, і ты пачынаеш разумець, што нездарма прыйшоў у школу і працуеш з дзецьмі. Атрыманы вопыт, знаёмства з калегамі — усё гэта бясцэнна, — сказала настаўніца Наваельнянскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Таццяна Гузоўская.

Святлана Гін пацвердзіла, што педагогі гатовы падзяліцца з калегамі усім, што напрацавана імі за 4 гады.

— Мэта нашага фестывалю педагагічных ідэй — распаўсюджванне вопыту, ключавых дасягненняў інавацыйнага праекта, для таго каб настаўнікі з рэгіёнаў змаглі з імі азнаёміцца і выкарыстоўваць у сваёй прак­тыцы, — падкрэс­ліла Святлана Гін. — Мы чатыры гады працавалі і перад тым, як укараняць праект у практыку, вырашылі правесці такія фес­тывалі ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.

У рамках фестывалю настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Ваўкавыска Людміла Заяц правяла майстар-клас па выкарыстанні тэхналогіі шматмернага чытання пры рабоце з тэкстам. Дарэчы, гэта ідэя Святланы Гін, якую распрацоўвае аўтарскі калектыў. Як адзначыла Святлана Іванаўна, аналагаў гэтай тэхналогіі няма ні ў нашай, ні ў іншых краінах. Магчыма, гэта стане тэмай наступнага інавацыйнага праекта.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.