Інавацыі і прэферэнцыі

Днямі прайшло чарговае пасяджэнне Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, прысвечанае абмеркаванню стану спраў і асноўным кірункам развіцця айчыннай сістэмы адукацыі. Такое абмеркаванне з боку сенатараў ужо адбылося раней і тычылася дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. На гэты раз тэмай для размовы стала прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная адукацыя. Месцам для сустрэчы работнікаў Міністэрства адукацыі, сенатараў, членаў спецыяльна створанага пры камісіі навукова-кансультацыйнага савета стаў прафесійна-тэхнічны каледж Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, які з’яўляецца цэнтрам інавацыйных падыходаў, сучасных тэхналогій, што прымяняюцца сёння ў прафесійнай адукацыі нашай краіны. У размове прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш, рэктар РІПА А.Х.Шкляр.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Мікалай Уладзіміравіч Казаравец у пачатку круглага стала паведаміў, што ў рамках маніторынгу сістэмы нацыянальнай адукацыі і практыкапрымянення Кодэкса аб адукацыі, рэальна ацэньваючы значнасць адукацыйнай галіны ў сённяшнім развіцці нашай краіны, сенатары вырашылі вывучыць усе аспекты развіцця кожнага ўзроўню адукацыі, абазначыць існуючыя праблемы, шляхі іх вырашэння і ў выніку падаць пакет прапаноў ва ўрад з мэтай далейшага ўдасканалення сістэмы адукацыі і яе нарматыўнай прававой базы.
Мікалай Уладзіміравіч адзначыў, што тэма развіцця адукацыі сёння закладзена для абмеркавання ў парадак дня не толькі лакальных нарад і пасяджэнняў, а вынесена на глабальны ўзровень. Менавіта адукацыя з’яўляецца асновай інавацыйнага развіцця краін свету. Вось і на нядаўнім пасяджэнні Парламенцкай асамблеі краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, у якой удзельнічалі і сенатары нашай краіны, тэмай для абмеркавання стала развіццё адукацыі. Сёння ў вядучых еўрапейскіх краінах інвестыцыямі, якія прыносяць найбольшыя дывідэнды, лічацца ўкладанні ў сістэму адукацыі. Да 40 працэнтаў унутранага валавога прадукту многіх краін Еўропы складаецца за кошт развіцця гэтай галіны. Перш-наперш такі высокі вынік абумоўлены актыўным удзелам у падрыхтоўцы кадраў для эканомікі і сацыяльнага сектара гэтых краін саміх заказчыкаў кадраў, непасрэдна прадпрыемстваў і арганізацый. Гэты напрамак трэба актыўна развіваць і ў нашай краіне, падкрэсліў М.У.Казаравец. Пакуль прыкладаў такога цеснага, прадукцыйнага супрацоўніцтва ў нашай краіне вельмі мала. Часцей наша адукацыя сутыкаецца больш з інфантыльнасцю, чым з актыўнасцю нашых заказчыкаў кадраў.
Пра такое становішча гаварыў у сваім выступленні рэктар РІПА Аркадзь Ханонавіч Шкляр. Ён адзначыў, што пры ўсёй устойлівасці і паспяховасці прафесійнай адукацыі на сённяшні дзень па-ранейшаму застаецца нявырашаным шэраг праблем, у тым ліку па ўдасканаленні механізма ўзаемадзення паміж сістэмай прафесійнай адукацыі і работадаўцамі. Улічваючы тое, што дэмаграфічная сітуацыя ў краіне выклікала змяншэнне колькасці працоўных рэсурсаў, вельмі важна ўтрымліваць баланс паміж падрыхтоўкай кадраў і запытамі на рынку працы. Пры такім стане спраў павышаецца роля прафесійнай адукацыі ў фарміраванні працоўных рэсурсаў згодна з запытамі эканомікі і сацыяльнай сферы нашай краіны, у забеспячэнні апераджальнай прафесійнай падрыхтоўкі рабочых кадраў і спецыялістаў.
Але аналіз сітуацыі на рынку працы паказвае, што сёння назіраецца істотнае ўстойлівае перавышэнне попыту на рабочых над прапановай. Прадпрыемствы маюць патрэбу перш-наперш у рабочых прафесіях, якія складаюць каля 80 працэнтаў ад агульнай колькасці вакансій. Безумоўна, гэта тлумачыцца некаторым перакосам падрыхтоўкі кадраў у бок вышэйшай адукацыі, што прыводзіць да істотнага недахопу рабочых у многіх галінах эканомікі.
Але гэта не значыць, што сістэма прагназавання і фарміравання заказу на падрыхтоўку кадраў сёння адсутнічае. Такі механізм дзейнічае ўжо шмат гадоў, але, на жаль, дае збоі па прычыне безыніцыятыўнасці з боку работадаўцаў. Як паказвае практыка, многія прадпрыемствы і арганізацыі не займаюцца кадравай палітыкай. У праграмах развіцця некаторых арганізацый такі пункт, як падрыхтоўка кадраў для сваёй вытворчасці, увогуле адсутнічае. А калі кадравая палітыка і вядзецца ў некаторых арганізацыях, то яны арыентуюцца ў асноўным на бягучы, кароткатэрміновы перыяд сваёй дзейнасці, а не на перспектыву. Адсюль і той факт, што заяўкі на кадры ад вытворцаў паступаюць у большасці сваёй па традыцыйных прафесіях, бо зусім не разглядаецца дзейнасць таго ці іншага прадпрыемства, накіраваная на перспектыву, на інавацыі і мадэрнізацыю вытворчасці. Аб тым, што некаторыя прадпрыемствы не клапоцяцца аб развіцці сваіх вытворчасцей, сведчыць і тое, што яны не займаюцца павышэннем кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ўжо існуючага складу сваіх калектываў. Так, па даных НДІ эканомікі, амаль 2 млн рабочых і служачых маюць патрэбу ў павышэнні свайго прафесійнага ўзроўню.
Не зусім эфектыўна дзейнічае сістэма прагназавання падрыхтоўкі кадраў на рэгіянальным узроўні, дзе мясцовыя органы ўлады не вывучаюць патрэбнасць у працоўных рэсурсах сваёй мясцовасці і тым самым не могуць сфарміраваць заказ на падрыхтоўку кадраў. Насцярожвае і тое, што заказчыкі кадраў у сваёй большасці імкнуцца знізіць колькасць запатрабаваных маладых рабочых і не спяшаюцца падаваць заяўкі навучальным установам на падрыхтоўку кадраў па той ці іншай прафесіі. Прычына ў тым, што яны не хочуць браць на сябе абавязкі па працаўладкаванні маладых рабочых. Гэтым тлумачыцца і той факт, што заказчыкі кадраў зусім не зацікаўлены ў мэтавай падрыхтоўцы неабходных кадраў, якая, дарэчы, прадугледжвае павелічэнне тэрміну абавязковай працы маладых спецыялістаў і рабочых, што павінна зацікаўліваць прадпрыемствы. А атрымліваецца наадварот. Мэтавы набор па заяўках работадаўцаў у прафтэхустановах складае 6 працэнтаў ад агульнага набору (пры неабходных 50 працэнтах), а на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 15 працэнтаў (максімум 30). Трэба прызнаць, што сёння істотная частка маладых рабочых, якія адпрацавалі неабходны тэрмін па размеркаванні, усё ж звальняюцца з прадпрыемстваў, куды былі накіраваны. Прычына гэтага перш за ўсё ў тым, што работадаўцы не імкнуцца стварыць спрыяльныя ўмовы для замацавання кадраў, не клапоцяцца аб сацыяльна-бытавых умовах жыцця сваіх маладых кадраў, аб іх паспяховай адаптацыі ў рабочых калектывах, адсутнічае сістэма іх матэрыяльнага заахвочвання.
Патрабуе вырашэння і пытанне далучэння заказчыкаў кадраў да фінансавання прафесійнай адукацыі, як гэта практыкуецца ў многіх краінах. Сёння неўкладанне сродкаў на падрыхтоўку кадраў прадпрыемствы аргументуюць тым, што яны плацяць падаткі, частка якіх ідзе ў тым ліку і на прафесійнае навучанне. Але, мяркуючы па вопыце замежных калег, было б мэтазгодным прымяніць дуальную сістэму фінансавання з укараненнем механізма матывацыі для заказчыкаў кадраў у выглядзе сістэмы прэферэнцый. Сутнасць дуальнай сістэмы фінансавання заключаецца ў тым, што наймальнік фінансуе практычнае навучанне будучых рабочых і спецыялістаў, непасрэдна вытворчую практыку, якая праходзіць ва ўмовах вытворчасці. А гэта вельмі актуальна, калі сёння прафесійная адукацыя набывае практыка-накіраваны характар.
Стала тэмай для абмеркавання і пытанне аптымізацыі сеткі навучальных устаноў прафесійнай адукацыі. У сваім выступленні В.А.Богуш адзначыў, што неабходна мадэрнізаваць тыя навучальныя ўстановы, якія маюць недастатковую колькасць навучэнцаў і дзе неэфектыўна выкарыстоўваюцца існуючыя плошчы. Далейшае развіццё такіх устаноў можа весціся па шляху пашырэння спектра адукацыйных паслуг і перш-наперш арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі дарослых. Сёння ўсе рэгіёны працуюць згодна з праграмамі аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійнай адукацыі, што дазволіць урэшце выключыць дубліраванне, максімальна задзейнічаць існуючыя ўстановы і забяспечыць аптымальную структуру і аб’ём падрыхтоўкі кадраў з улікам патрэбнасці рэгіянальнай эканомікі.
Сёння ствараецца заканадаўчая база для развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства, дзе будзе дакладная сістэма ўдзелу бізнесу ў падрыхтоўцы і фарміраванні працоўных рэсурсаў нашай краіны, якая, безумоўна, станоўча паўплывае на развіццё адукацыйнай сферы. Мяркуецца у склад рабочай групы, якая будзе займацца стварэннем законапраекта аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве ў Рэспубліцы Беларусь увесці прадстаўнікоў і сістэмы адукацыі.
На пасяджэнні было разгледжана пытанне падрыхтоўкі кадраў для сістэмы аховы здароўя, з якім выступіла начальнік упраўлення кадравай палітыкі Міністэрства аховы здароўя Н.В.Мірончык. Таксама абмяркоўваліся пытанні ўдасканалення нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, якая дазволіць забяспечыць іх празрыстасць, давер работадаўцаў і грамадства да якасці прафесійнай адукацыі, якая б адпавядала патрэбам рынку працы і апераджальным запытам вытворцаў. Прыкладам арганізацыі апераджальнай падрыхтоўкі кадраў для галін эканомікі стаў прафесійна-тэхнічны каледж РІПА, з якім пазнаёміў удзельнікаў сустрэчы дырэктар каледжа В.М.Галубоўскі. Усе прысутныя маглі ў рэальнасці пазнаёміцца з навукаёмістай тэхнікай і абсталяваннем, з сучасным навукова-метадычным забеспячэннем, якія накіраваны на падрыхтоўку кадраў для інавацыйнай эканомікі.

Ала КЛЮЙКО.