Дакументы аб развіцці рэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі падпісаны ў Маскве на выстаўцы інавацый, арганізаванай у час IV Форуму рэгіёнаў.
Заключаны пагадненне аб партнёрстве паміж Брэсцкім аблвыканкамам і адміністрацыяй Пензенскай вобласці, пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве паміж Віцебскім аблвыканкамам і адміністрацыяй Саратаўскай вобласці, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Віцебскай вобласцю і Стаўрапольскім краем. Акрамя таго, падпісаны план мерапрыемстваў па актывізацыі супрацоўніцтва Беларусі і Бранскай вобласці на 2017—2018 гады і план мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва на 2017—2019 гады паміж Брэсцкай вобласцю і Бранскай вобласцю.
Як адзначыла старшыня Савета Федэрацыі Расіі Валянціна Матвіенка, паскарэнне беларуска-расійскай кааперацыі дасць магчымасць паспяхова вытрымліваць канкурэнцыю на сусветных рынках. Прыярытэтным з’яўляецца стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей. “Да выстаўкі вялікую цікавасць праяўляюць кіраўнікі рэгіёнаў Беларусі і Расіі, што сведчыць аб тым, што ўсе сёння разумеюць: трэба не проста нарошчваць аб’ёмы ўзаемнага гандлю, але і пераходзіць да стварэння сумесных прадпрыемстваў, рэалізоўваць новыя вялікія сумесныя праекты, кааперавацца ў галіне высокіх тэхналогій”, — сказала яна.
У сваю чаргу старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч дадаў, што ў Беларусі і Расіі добрыя перспектывы супрацоўніцтва ў прамысловасці і сферы інавацый. “Мы канкурэнтаздольныя і можам упэўнена адчуваць сябе на сусветных рынках. Характэрна, што кампаніі нашых краін усё больш інвесціруюць у сумесныя вытворчасці. Гэтыя інвестыцыі вылічаюцца мільярдамі долараў у год. Гэта не проста гандлёвае супрацоўніцтва, гэта інавацыйныя тэхналогіі, якія знаходзяць прымяненне на нашым агульным беларуска-расійскім рынку”, — заявіў ён.
IV Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў у Маскве 29—30 чэрвеня. Галоўнай тэмай пленарнага пасяджэння форуму стала партнёрства рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства. Адбылося пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.
Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі арганізоўваецца ў мэтах садзейнічання пашырэнню прамых кантактаў паміж краінамі, у тым ліку па лініі заканадаўчай і выканаўчай галін улады, дзелавых колаў, а таксама выпрацоўкі рэкамендацый па ўдасканаленні нарматыўнай прававой базы для паскоранага развіцця эканомік дзвюх дзяржаў. Мерапрыемства праводзіцца пад эгідай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі.