Інавацыі. Кампетэнцыі. Выхаванне

Інавацыйныя змены, якія адбываюцца ў сістэме прафесійнай адукацыі, закранаюць усе напрамкі дзейнасці ўстаноў, у тым ліку і выхаваўчую работу. Педагогі знаходзяцца ў пошуку форм работы, якія адпавядалі б патрабаванням часу, працуюць над абнаўленнем зместу работы, арганізацыяй выхаваўчай прасторы, каб дасягнуць найлепшых вынікаў у прафесійна-асобасным развіцці будучых спецыялістаў. Свой пошук вядуць і ў Салігорскім дзяржаўным каледжы і маюць у гэтым поспехі.

Ва ўстанове эфектыўна вырашаюць задачы арганізацыі выхаваўчага працэсу, які арыентаваны на цесную сувязь тэорыі і практыкі, тут ёсць багаты арганізацыйны і метадычны патэнцыял, шэраг кваліфікаваных і матываваных работнікаў. Каб удасканальваць выхаваўчую работу і знаходзіць новыя гарызонты развіцця, у каледжы працуюць над рэалізацыяй эксперыментальнага праекта “Распрацоўка і апрабацыя форм і метадаў выхавання, заснаваных на кампетэнтнасным падыходзе ва ўстанове адукацыі”. Кампетэнтнасны падыход сёння актыўна прымяняецца ў адукацыйным працэсе і прадугледжвае, што ў навучэнца павінны фарміравацца пэўныя кампетэнцыі — вучэбныя, даследчыцкія, сацыяльна-асобасныя, камунікатыўныя, інфармацыйныя, здароўе­зберагальныя. Задачай педагогаў у сістэме прафесійнай адукацыі з’яўляецца выхаванне ў будучых спецыялістаў, рабочых не толькі прафесійных уменняў, але і самастойнасці ў прыняцці рашэнняў, мэтанакіраванасці ў дзеяннях і ўчынках, здольнасці да самавыхавання, умення мець зносіны з людзьмі навокал і многае іншае. Вырашыць усе гэтыя задачы немагчыма без эфектыўнай выхаваўчай работы. Вось чаму кампетэнтнасны падыход аказаўся ў цэнтры ўвагі ў каледжы, і сёння выхаваўчая работа тут скіравана менавіта на фарміраванне важных для выхаванца кампетэнцый.

Для рэалізацыі праекта створана творчая група пад кіраўніцтвам дырэктара каледжа А.М.Хаміцэвіч. У яго рэалізацыі бяруць удзел навучэнцы 7 груп, усяго каля 200 чалавек. У рамках праекта былі распрацаваны міні-праекты духоўна-маральнай, грамадзян­ска-патрыятычнай, эстэтычнай, здароўезберагальнай накіраванасці. Важныя аспекты, на якія робіцца акцэнт, — пошук новых форм для традыцыйных напрамкаў работы, а таксама актывізацыя прымянення інфармацыйных тэхналогій падчас арганізацыі выхаваўчай работы. 

Сёння ў Салігорскім дзяржаўным каледжы навучаюцца каля 1100 юнакоў і дзяўчат: 559 чалавек — на ўзроўні ПТА, 355 — на ўзроўні ССА, 177 — на завочным аддзяленні. Будаўнічае аддзяленне каледжа выпускае муляраў, мантажнікаў будаўнічых канструкцый, тынкоўшчыкаў, абліцоўшчыкаў-плітачнікаў, маляроў, цесляроў, бетоншчыкаў, арматуршчыкаў. На політэхнічным аддзяленні вядзецца падрыхтоўка кваліфікаваных рабочых па наступных прафесіях: электраслесар, электрагазазваршчык, слесар-рамонтнік, мантажнік тэхналагічнага абсталявання і звязаных з ім канструкцый, электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, токар, фрэзероўшчык. Выпускнікі політэхнічнага і будаўнічага аддзяленняў атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю. На педагагічным аддзяленні вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі выхавальнікаў дашкольнай адукацыі і настаўнікаў фізічнай культуры.

Адным з такіх міні-праектаў з’яўляецца праект “Знаёмцеся, Беларусь!”. Навучэнцы пад кіраўніцтвам Галіны Віктараўны Гаварэнкі стварылі і развіваюць YouTube-канал пад такой назвай. Тут размяшчаюць матэрыялы аб нашай краіне, знаёмяць з незвычайнымі гістарычнымі звесткамі, мясцовымі паданнямі, цікавымі фактамі. Навучэнцы самі шукаюць і адбіраюць матэрыялы. Ужо сабрана калекцыя відэаматэрыялаў рознай тэматыкі. Ёсць на канале такія раздзелы, як “Легенды Беларусі”,“Прырода Беларусі”, “Лю­дзі і лёсы”, “Падарожнічаем па Беларусі”, “Знаёмцеся, Салігорск” і інш. Навучэнцы самі ствараюць і творчыя работы для канала, напрыклад, відэафільмы Ганны Міхайлоў­скай “Турызм” і Вольгі Можар “Знаёмцеся, Салігорск!”. Працуючы над праектам, юнакі і дзяўчаты вучацца шукаць і апрацоўваць інфармацыю, займаюцца даследаваннямі, вывучаюць родны край і спрабуюць ствараць інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы. 

Цікавы міні-праект, які аб’яднаў сучасныя тэхналогіі, экалагічнае і патрыятычнае выхаванне, даследчую работу, — гэта “Дрэва­град”. Кіраўнік — Алена Міхайлаўна Смоліч. Праект прадугледжвае развіццё дэндрапарку, што расце ў каледжы, і  творчае добраўпарадкаванне тэрыторыі. На тэрыторыі кале­джа можна знайсці мноства цікавых і даволі рэдкіх для рэгіёна дрэў і кустоў. Напрыклад, элегантны хмызняк “Лох серабрысты”, жывы выкапень “Аксаміт амурскі”, або амурскае коркавае дрэва, паўднёвую і даволі капрызную расліну “Катальпа цудоўная”, якую яшчэ называюць макаронным дрэвам, і інш. Удзель­нікі міні-праекта вывучылі іх і пазначылі таблічкамі з QR-кодамі. З дапамогай смарт­фона можна сканіраваць коды і атрымаць цікавую інфармацыю аб гэтых раслінах. Часткай дэндрапарку з’яўляецца алея бэзу. Падчас святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі былі пасаджаны некалькі гатункаў бэзу з гучнымі назвамі: “Маршал Жукаў”, “Вялікая Перамога”, “Капітан Гастэла”. Гэтай вясной навучэнцы каледжа прынялі ўдзе­л у эстафеце “І зноў заквітнее бэз 45-га года” ў рамках гарадскога маладзёжнага чэлендж-праекта, а ў гонар 75-годдзя Перамогі алея папоўнілася саджанцамі бэзу гатунку “Абаронцам Брэста”.

Яшчэ адзін значны міні-праект — “Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў на праваслаўных традыцыях як аснова гарманічнага развіцця асобы ва ўмовах бібліятэкі каледжа”. Яго кіраўнік — загадчык бібліятэкі Таццяна Мікалаеўна Комар. Актыўны ўдзел у міні-праекце прымаюць навучэнцы — будучыя выхавальнікі. Падчас работы ў гэтым напрамку было наладжана супрацоўніцтва з праваслаўнай царквой і вызначаны вектар узаемадзеяння — выхаванне навучэнцаў у духу сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцей, выхаванне ў іх духоўна-маральных якасцей і талерантнасці.

Праведзены шэраг сустрэч навучэнцаў каледжа са святарамі Салігорскага благачыння Слуцка-Салігорскай епархіі. Напрыклад, напярэдадні свята Вадохрышча тэмай духоўнай гутаркі з клірыкам прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы дыяканам Яўгенам Ткачовым была “Гаючая сіла вадохрышчанскай вады”. Напярэдадні Вялікага посту Айцец Дзмітрый, клірык храма Святой вялікапакутніцы Барбары, расказаў аб падрыхтоўцы да Вялікага посту, яго духоўным сэнсе. Таксама ў каледжы ладзіліся тыдзень праваслаўя, выстава-агляд праваслаўнай літаратуры, дзень інфармавання “Жывое Слова мудрасці духоўнай”, дзень праваслаўнай кнігі, інфарм-дайджэст “Брама нябесная”і іншыя мерапрыемствы.

Жыццё навучэнцаў каледжа па-за заняткамі актыўнае і разнастайнае. Апісваючы выхаваўчую прастору каледжа, трэба адзначыць, што магчымасці для творчага развіцця прадастаўляюць аб’яднанні па інтарэсах у сферы мастацкай творчасці і харэаграфіі “Школа эстраднага вакалу “Вясёлка галасоў”, маладзёжны тэатр “Крокі”, школа вядучых “Інтэрмедыя”. Дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Прэс-цэнтр”, удзельнікі якога выпускаюць штомесячную газету “Веснік каледжа”. Натуральна-матэматычны профіль аб’яднання па інтарэсах “Файлік” спрыяе развіццю як асобасных кампетэнцый навучэнцаў, так і ўменню працаваць з інфармацыяй. Ствараць дызайнерскую мэблю і прадметы інтэр’ера з дрэва вучацца на занятках аб’яднання па інтарэсах “Гаспадар”. Дэкаратыўна-прыкладную накіраванасць маюць аб’яднанні “Кераміка”, “Чароўная папера”. У бягучым навучальным годзе пачалі сваю дзейнасць новыя аб’яднанні па інтарэсах “Хатняя майстэрня”, “Акадэмія лідарства і поспеху”, “Экалогія і я”. Для ўмацавання здароўя навучэнцаў у каледжы арганізавана работа 16 аб’яднанняў па інтарэсах спартыўнай накіраванасці. 

У мінулым навучальным годзе быў дадзены старт прафілактычнаму міні-праекту “Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра!”, які рэалізуецца сумесна з Салігорскім занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі і Салігорскай ЦРБ. Праект накіраваны на выхаванне адказнасці за сваё здароўе, фарміраванне здаровага ладу жыцця ў навучэнцаў. Асноўнай мэтавай групай з’яўляюцца навучэнцы 1 курса. У рамках праекта праводзяцца тэматычныя прафілактычныя мерапрыемствы з актывам вучэбных груп. Далей, кіруючыся прынцыпам “роўны навучае роўнага”, навучэнцы распаўсюджва­юць атрыманыя веды сярод сваіх аднагрупнікаў, сяброў, аказваюць дапамогу куратарам у правядзенні адпаведных тэматычных куратарскіх гадзін. У рамках праекта адбыліся міжведамасны круглы стол “Рэалізацыя прафілактычнага заўтра”; заняткі з элементамі трэнінгу з удзелам медыцынскіх работнікаў і святароў “Асновы ЗЛЖ. Мае псіхалагічныя рэсурсы”, “Асновы ЗЛЖ. Царква. Духоў­насць. Чалавек — хто ты?”; круглы стол “Святы без алкаголю”. Насычаным быў тыдзень здаровага ладу жыцця “Да здравствует здоровье!”, прымеркаваны да Сусветнага дня здароўя. У рамках тыдня ў вучэбных групах праходзілі тэматычныя ўрокі здароўя, індывідуальныя міні-трэнінгі па навучанні правілам паводзін ва ўмовах пандэмічнай абстаноўкі, працавала інтэрактыўная пляцоўка з інфармацыяй па правілах ЗЛЖ і забаўляльна-пазнавальнымі актыўнасцямі.

Эфектыўна дзейнічае ў рамках праекта прафілактычны атрад “Альтэрнатыва” — добраахвотнае аб’яднанне навучэнцаў пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Алены Уладзіміраў­ны Арцімені. Гэта група творчых, актыўных, адказных юнакоў і дзяўчат з цвёрдай жыццёвай пазіцыяй, якія не маюць шкодных звычак і імкнуцца паказаць сваім аднагодкам, што існуе выдатная альтэрнатыва дэструктыўным паводзінам. Задачы атрада — прапаганда здаровага ладу жыцця, навучанне падлеткаў навыкам бяспечных і адказных паводзін, далучэнне іх да адпачынкавай дзейнасці, інфармацыйная работа, правядзенне мерапрыемстваў па прафілактыцы ўжывання непаўналетнімі алкагольных, слабаалкагольных напояў, ужывання, захоўвання і распаўсюджвання наркатычных, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў. У планах атрада — актывізаваць дзейнасць у інтэрнэт-прасторы.

Для работы па папулярызацыі здаровага ладу жыцця ў каледжы ўзялі на ўзбраенне такую форму работы, як форум-тэатр. Гэта інтэрактыўны спосаб прафілактыкі распаўсюджаных у маладзёжным асяроддзі сацыяльных праблем. На працягу 15—20 мінут разыгрываецца міні-паказ, у якім паказваюць прычыны, што прыводзяць чалавека да розных відаў дэструктыўных паводзін. Пастаноўка спыняецца “стоп-кадрамі”, і гледачам прапануецца змяніць папярэднюю сітуацыю такім чынам, каб трагедыі ў далейшым не адбылося. Гледачы форум-тэатра становяцца актыўнымі яго ўдзельнікамі. У інтэрнаце каледжа дзейнічае форум-тэатр “Сяброўка”.

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці, на які звярнулі ўвагу ў Салігорскім каледжы, — прывіццё навучэнцам культуры маўлення і зносін. Распрацоўваецца праект “Фарміраванне эстэтычнай культуры зносін навучэнцаў”. Работа вядзецца падчас вывучэння дысцыплін “Культура маўлення” і “Сучасная руская мова”, а таксама на мерапрыемствах па-за заняткамі. Сабрана шмат матэрыялаў: распрацаваны сцэнарыі праблемных сітуацый і тэсты, падабраны ролевыя гульні і тэматычныя відэафрагменты. Зараз педагогі ствараюць электронны сродак навучання для работы ў гэтым кірунку.

Міні-праект “Каледж-online” вырашае задачу актывізацыі работы ў сацыяльных сетках. Адкрытая група каледжа ў сетцы “УКантакце” аб’ядноўвае навучэнцаў, абітурыентаў, су­працоўнікаў каледжа і наогул усіх, каму цікава жыццё ўстановы. Атрымаўся інфармацыйна-забаўляльны рэсурс, дзе можна даведацца, як з карысцю правесці вольны час, дзе выступа­юць творчыя калектывы каледжа, якія мерапрыемствы праводзяцца ва ўстанове і ў горадзе. І, канечне, на старонцы размяшчаецца інфармацыя аб поспехах навучэнцаў і педагогаў.

Для таго каб паспяхова рэалізоўваць праект і наогул эфектыўна працаваць, педагогі каледжа ўвесь час павышаюць уласны прафесійны ўзровень. Яны наведваюць семінары, тэматычныя курсы, шмат працуюць над самаадукацыяй. Педагогі выкарыстоўваюць інтэр­актыўныя метады і формы работы, гульнявыя тэхналогіі, ладзяць калектыўныя творчыя справы, паспяхова асвойваюць дыстанцыйнае навучанне, сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Так, напрыклад, электронныя сродкі навучання, распрацаваныя педагогамі каледжа, на рэспубліканскім конкурсе “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі” ў бягучым годзе былі адзначаны пяццю дыпломамі I, ІІ і III ступеняў. Зараз працягваецца распрацоўка электронных рэсурсаў, у тым ліку прысвечаных выхаваўчай рабоце. Педагогі актыўна ствараюць адукацыйныя блогі. Сёння іх ужо 23. У блогах яны дзеляцца напрацоўкамі па дысцыплінах, якія выклада­юць, а таксама знаходкамі для выхаваўчай работы. У педагогаў вялізны творчы патэнцыял, які, безумоўна, знойдзе сваё ўвасабленне ў новых ініцыятывах і праектах.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены ўстановай адукацыі.