Інавацыі ў дадатковай адукацыі

- 10:08Дадатковая адукацыя

Чарговае пасяджэнне Рэспубліканскага савета па пытаннях дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адбылося ў Магілёве. У ходзе мерапрыемства абмяркоўвалася пытанне рэалізацыі інавацыйных праектаў у сістэме павышэння прафесійных кампетэнцый педагагічных кадраў як сродку мадэрнізацыі дадатковай адукацыі.

Магілёўшчына невыпадкова была выбрана месцам правядзення пасяджэння. У рэгіёне зараз функцыянуюць 36 устаноў дадатковай адукацыі, і кожная з іх эфектыўна і мэтанакіравана развіваецца.

Узяць для прыкладу Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Крэчут” Крычава. Ва ўстанове шукаюць свае спосабы, якімі можна зацікавіць моладзь. Тут стварылі ўнікальнае нават у маштабах рэспублікі аб’яднанне па інтарэсах. Яно атрымала назву “Жывая бяроста”, бо на занятках дзеці ствараюць сапраўдныя шэдэўры з кавалачкаў бярозавай кары. Экалагічны напрамак гурткоў у “Крэчуце” мае яшчэ адну асаблівасць. Тут працуе народны майстар Вячаслаў Якавенка, пад кіраўніцтвам якога навучэнцы ствараюць традыцыйныя крычаўскія гліняныя цацкі. На належным узроўні развіваюцца ў цэнтры і іншыя профілі аб’яднанняў па інтарэсах. Важна і тое, што тут удзяляюць увагу максімальнаму ахопу мясцовых школьнікаў дадатковай адукацыяй. Акрамя самога будынка цэнтра, пэўныя гурткі дзейнічаюць ва ўсіх школах раёна, як гарадскіх, так і сельскіх.

Дынамічна развіваецца сёння і Цэнтр творчасці “Эверэст” Магілёва. Кіраўніцтва гэтай установы пераканана, што якасць дадатковай адукацыі напрамую залежыць ад педагогаў, таму апошнім часам тут шмат працавалі над укараненнем і апрабацыяй новых эфектыўных форм работы з кадрамі. Дасягнулі станоўчых вынікаў. У рабоце па метадычным суправаджэнні педагогаў зараз актыўна выкарыстоўваюцца элементы адукацыйнага маркетынгу, коўчынгавых і воблачных тэхналогій. Выкарыстанне гэтых інавацый дапамагае педагогам хутка рэагаваць на змяненне запытаў, патрэб дзяцей і іх бацькоў. Як вынік — установа вельмі папулярная сярод навучэнцаў. Зараз “Эверэст” наведва­юць каля 2,5 тысячы дзяцей. 

Цікавы вопыт прадставіў і Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі Бабруйска. Калектыў гэтай установы даўно працуе ў інавацыйным рэжыме. Новыя падыходы тут выкарыстоўваюць як у арганізацыі адукацыйнага працэсу, так і ў павышэнні прафесійнага майстэрства педагогаў. Ва ўмовах пандэміі, каб ахапіць навучэнцаў карыснай занятасцю, ва ўстанове стварылі віртуальную адукацыйную пляцоўку “Цэнтрыфуга”, якая і зараз вельмі цікавая школьнікам. Каб педагогі знаходзіліся ў пастаянным прафесійным развіцці, ім аказваецца ўсебаковая метадычная падтрымка. Кожная серада ў цэнтры — метадычны дзень. Для зручнасці педагогаў быў створаны віртуальны метадычны кабінет, які пастаянна папаўняецца прыкладамі новых форм, метадаў, тэхналогій правядзення заняткаў. Акрамя таго, з улікам сучасных рэалій ва ўстанове распрацавалі экспрэс-курс для педагогаў па асновах арганізацыі дыстанцыйнага навучання. 

Эфектыўны вопыт работы ў розных напрамках падчас мерапрыемства прэзентавалі і многія іншыя навучальныя ўстановы. Як заўважыла намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама А.В.Клімянкова, усяго дадатковай адукацыяй у рэгіёне ахоплена амаль 52 тысячы дзяцей, што складае 47% ад агульнай колькасці школьнікаў. Пры гэтым важна, што кожная навучальная ўстанова імкнецца функцыянаваць у адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі.

— Паўсюдна імкнуцца да ўдасканалення якасці адукацыі, інавацыйнага характару аб’яднанняў па інтарэсах розных профіляў. Асаблівы ўпор робіцца на прафесійны рост педагагічных работнікаў, бо менавіта гэты аспект шмат у чым спрыяе абнаўленню зместу дадатковай адукацыі, — паведаміла Алена Валер’еўна.

Дарэчы, каардынатарам усёй метадычнай работы ў гэтым напрамку выступае Абласны цэнтр творчасці. Гэта нядзіўна, бо ўстанова з’яўляецца галоўнай у рэгіянальнай сістэме дадатковай адукацыі. Сёння ў 636 аб’яднаннях тут навучаецца амаль 8 тысяч дзяцей. У бягучым навучальным годзе ў АЦТ арганізавалі спецыяльную праблемную групу, дзейнасць якой скіравана на павышэнне якасці метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу. Яшчэ адной інавацыйнай формай кластарнага метадычнага ўзаема­дзеяння АЦТ з іншымі ўстановамі дадатковай адукацыі вобласці стала выязная пляцоўка “Метадычны экспрэс”. У яе аснове — практыка-навучальная, дзейсная метадычная дапамога. У рамках “Метадычнага экспрэса” ўсім педагагічным калектывам была прадастаўлена магчымасць прэзентацыі эфектыўнага інавацыйнага вопыту, што вельмі важна для мадэрнізацыі і павышэння якасці дадатковай адукацыі рэгіёна.

— Магілёўскія педагогі за два дні выязнога пасяджэння прадэманстравалі высокі ўзровень прафесійнага майстэрства. У рэгіёне шмат цікавых устаноў дадатковай адукацыі, якія далучыліся да рэалізацыі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў. Такія сустрэчы, пасяджэнні Рэспубліканскага савета вельмі важныя. Яны даюць магчымасць абмяняцца вопытам, убачыць новыя формы, метады арганізацыі адукацыйнага працэсу, праектнай дзейнасці, пачуць дзейсныя прапановы па ўдасканаленні работы з улікам асаблівасцей сучасных рэалій, — адзначыў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі А.М.Мацюшонак.

Сапраўды, падчас пася­джэння абмяркоўваўся шэраг самых актуальных для сістэмы дадатковай адукацыі пытанняў. Не раз гаварылася пра тое, што інавацыйная дзейнасць павінна быць у прыярытэце. Аднак укараненне інавацый не з’яўляецца самамэтай — гэта стымулюючы фактар для развіцця, актывізацыі творчай дзейнасці педагагічнага калектыву. Акрамя таго, кіраўнікам навучальных устаноў неабходна ўлічваць, як тыя ці іншыя інавацыі паўплываюць на ўдасканаленне якасці адукацыі навучэнцаў.

— Але імкнуцца да інавацыйнай актыўнасці неабходна. Канкурэнцыя ў сферы дадатковай адукацыі пастаянна расце. Гэта ставіць перад педагогамі новыя задачы. Вырашаць іх толькі праз старыя формы і метады не атрымаецца, бо ў аб’яднанні па інтарэсах прыходзіць новае пакаленне дзяцей і бацькоў. Трэба захоўваць назапашаны дзесяцігоддзямі вопыт, але адаптаваць яго да новых умоў жыцця, — падкрэсліла дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі старшыня Рэспубліканскага савета па пытаннях дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Н.В.Васільчанка.

Паводле яе слоў, варта разві­ваць дзейнасць рэспубліканскага метадычнага кластара і сеткавае ўзаема­дзеянне паміж установамі дадатковай адукацыі. Гэта дазволіць максімальна ўключаць педагогаў у інавацыйную дзейнасць, бо ключавая пазіцыя развіцця дадатковай адукацыі — за педагогам. Менавіта ад яго кваліфікацыі, прафесіяналізму, асобасных якасцей залежыць эфектыўнасць функцыянавання ўстановы. Таму педагогі павінны быць гатовы працаваць інавацыйна. Новыя павевы часу патрабуюць ад іх актыўнай пазіцыі і выхаду за рамкі адукацыйнай праграмы свайго канкрэтнага аб’яднання па інтарэсах.

Акцэнт у ходзе абмеркавання рабіўся таксама на лічбавізацыі дадатковай адукацыі. Асаблівая ўвага была ўдзелена і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Гаварылася пра тое, што моладзь неабходна больш масава далучаць да ўдзелу ў знакавых рэспубліканскіх, рэгіянальных праектах, накіраваных на фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму.

У размове пра павышэнне прафесійных кампетэнцый педагогаў прагучала прапанова навукова даследаваць кадравы патэнцыял устаноў дадатковай адукацыі. Гэты крок дазволіць спрагназаваць кадравыя патрэбы сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, пашырыць магчымасці міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, стварыць рэальныя механізмы матывацыі кіраўнічых і педагагічных кадраў на бесперапыннае прафесійнае развіццё.

Было падкрэслена, што ў аснове любых інавацый павінны заставацца інтарэсы дзяцей, бо новаўвядзенні ўкараняюцца галоўным чынам для павышэння якасці іх навучання і для таго, каб навучэнцы сапраўды з энтузіязмам і жаданнем ішлі ва ўстановы дадатковай адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.