Інавацыі ў прафарыентацыі сёння — поспех у самарэалізацыі выпускнікоў заўтра

Традыцыйныя і інавацыйныя трэнды прафарыентацыйнай работы, эфектыўныя метады і прыёмы навучання на факультатыўных занятках прафарыентацыйнай накіраванасці, магчымасці змешанага навучання на іх, запатрабаванасць сеткавых праектаў і анлайн-курсаў па прафарыентацыі для педагогаў і навучэнцаў — гэтыя і многія іншыя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі Рэспубліканскай НЕканферэнцыі “Трэнды прафарыентацыйнай работы: учора, сёння, заўтра”, якая прайшла на базе гімназіі № 5 Баранавіч. На мерапрыемстве былі прадстаўлены адукацыйныя прадукты прафесійнай накіраванасці, распрацаваныя ва ўстановах адукацыі нашай краіны ў межах інавацыйнага праекта “Укараненне кампетэнтнасна арыентаванай лічбавай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампанента мабільнай адукацыі”.

У рабоце мерапрыемства прынялі ўд зел начальнік упраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Шастак, навуковыя кансультанты праекта Леаніда Луцэвіч і Ала Сопікава, каардынатар інавацыйнай дзейнасці ўстаноў адукацыі Баранавіч Галіна Шухава, удзельнікі інавацыйнага праекта ўстаноў адукацыі краіны, педагогі навучальных устаноў Баранавіч. 

Як адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Шастак, невыпадкова формай правя­дзення мерапрыемства была выбрана НЕканферэнцыя, бо гэта тэрыторыя жывых зносін, экспертызы ідэй і сумесных рэальных спраў лідараў адукацыйных праектаў, якія прымаюць новыя выклікі ў адукацыі і гатовы шукаць на іх адказы, а таксама здольны здзейсніць пераход да іншай школы — школы будучыні. Канцэпцыя НЕканферэнцыі заключаецца ў працягу распрацоўкі прафарыентацыйнага кампанента адукацыйнай экасістэмы, якая адпавядае запытам SMART-пакалення і Мэтам устойлівага развіцця адукацыі і якая абапіраецца на багатыя традыцыі прафарыентацыйнай работы.

Аб напрамках дзейнасці гімназіі № 5 Баранавіч расказаў прысутным яе дырэктар Аляксей Бычкоўскі. Ён акцэнтаваў увагу на рэалізацыі інавацыйнага праекта па тэме “Укараненне кампетэнтнасна арыентаванай лічбавай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампанента мабільнай адукацыі”, які з 2017 года ўкараняецца на базе 12 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі нашай краіны (у тым ліку ўстаноў адукацыі Баранавіч: гімназіі № 5, сярэдніх школ № 14 і № 16).

— Ва ўмовах фарміравання новага інфармацыйнага грамадства актуальнасць праекта прадыктавана самім жыццём. Новае пакаленне сёння павінна быць здольным працаваць у грамадстве ведаў у полі- і транспрафесійных сферах, павышаць сваю кваліфікацыю ў інтэрнэце і мабільным асяроддзі. Выкарыстанне інавацыйных падыходаў у прафарыентацыі сёння забяспечыць паспяховую прафесійную самарэалізацыю будучых выпускнікоў заўтра. Мэта інавацыйнага праекта заключаецца ў стварэнні ўмоў для развіцця мабільнасці, канкурэнтаздольнасці і прафесійна важных кампетэнцый выпускнікоў школ і гімназій ва ўмовах фарміруемай лічбавай эканомікі з дапамогай укаранення кампетэнтнасна арыентаванай лічбавай мадэлі прафарыентацыйнай работы. Яе рэалізацыя будзе садзейнічаць выкарыстанню эфектыўных форм, методык і тэхналогій мабільнага навучання ў кантэксце прафесійнага самавызначэння выпускнікоў, а таксама паспрыяе павышэнню ўзроўню задаволенасці старшакласнікаў арганіза­цыяй прафарыентацыйнай работы ў цэлым і яе псіхолага-педагагічнага суправаджэння, — падкрэсліў Аляксей Бычкоўскі.

Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, змешанага навучання ў сукупнасці з дыстанцыйнай і сеткавай праектнай дзейнасцю ў адукацыйным працэсе і працэсе прафесійнага самавызначэння — адзін са спосабаў павышэння матывацыі самастойнага навучання і крытычнага мыслення з магчымасцю выхаду на індывідуальную адукацыйную траекторыю, асабліва ў рамках прафілізацыі на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

— Прыцягненне сучасных медыятэхналогій і інфармацыйнай прасторы інтэрнэту да працэсу прафарыентацыі, стварэнне візуальнай, дыстанцыйнай падтрымкі прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў робіць прафарыентацыйную работу сістэмнай, нагляднай, матываванай, інтэрактыўнай. Гэта асабліва важна з улікам таго, што сёння работа вядзецца з пакаленнем Z — дзецьмі мультымедыйных тэхналогій, — адзначыла ў працяг размовы навуковы кансультант інавацыйнага праекта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Леаніда Луцэвіч.

Затым удзельнікі мерапрыемства былі запрошаны на мейкерскі марафон. Блогі і форумы, відэаролікі і відэагульні, анлайн-апытальнікі і сэрвісы тэхналогіі Web 2.0, 3D-мадэляванне, мейкерства, інтэграцыя дысцыплін у падыходзе  STREAM, рэалізацыя школьных бізнес-праектаў — і гэта яшчэ не поўны спіс лічбавых адукацыйных прадуктаў, створаных у працэсе інавацыйнай дзейнасці ўстаноў адукацыі. Так, сярэднія школы №№ 16 і 14 Баранавіч прадставілі сцэнарыі пазакласных і ўрочных заняткаў прафарыентацыйнай накіраванасці, відэаролікі, рэкамендацыі для навучэнцаў. Гімназія № 5 Баранавіч прадэманстравала распрацаваны дыстанцыйны курс “На шляху да прафесіі”, які падзяляецца на некалькі модуляў: “Я і свет прафесій” (1—4 класы), “Траекторыя своечасовай прафесійнай арыентацыі” (5—7 класы), “Дапрафесійная падрыхтоўка як перадумова паспяховай прафесійнай кар’еры” (8—9 класы), “Мая прафесія — мая будучыня” (10—11 класы), “Псіхолага-педагагічная падтрымка прафесійнага самавызначэння навучэнцаў”, “Бібліятэка ў дапамогу”. Выклікаў цікавасць прысутных і віртуальны прафарыентацыйны кабінет.

 Гаспадары навучальнай установы прадставілі ўдзельнікам НЕканферэнцыі Цэнтр мейкерства гімназіі, у якім вучні займаюцца робататэхнікай, радыёэлектронікай, праграмаваннем.

Майстар-класы па інавацыйных сродках у напрамку прафарыентацыйнай работы прадставілі педагогі гімназіі. Так, майстар-клас “Псіхолага-педагагічная падтрымка прафесійнага самавызначэння навучэнцаў” правяла педагог-псіхолаг Алена Сяргеева. Яна расказала аб сістэме работы ў галіне прафарыентацыі, прэзентавала электронны модуль па псіхолага-педагагічнай падтрымцы навучэнцаў, які ўключаны ў структуру вочна-дыстанцыйнага курса прафарыентацыйнай накіраванасці. Гэты модуль складаецца з некалькіх кампанентаў, сярод якіх “Прафесійная дыягностыка навучэнцаў” (псіхадыягнастычныя і прафарыентацыйныя методыкі), “Канструяванне развіццёвага асяроддзя” (практычныя, карэкцыйна-развіццёвыя заняткі, трэнінгі і г.д.), “Прафесійнае развіццё педагогаў у пытаннях прафесійнага самавызначэння вучняў” і інш.

Па словах А.Сяргеевай, змястоўнае напаўненне названага модуля абапіраецца на навуковыя пошукі ў галіне прафарыентацыйнай і псіхолага-педагагічнай падтрымкі старшакласнікаў у прафесійным самавызначэнні, а таксама на вынікі псіхадыягнастычнага даследавання, праведзенага ў гімназіі. Апошняе паказала: 30% дзевяцікласнікаў, 11% дзесяцікласнікаў і 10% навучэнцаў выпускных класаў не вызначыліся з выбарам будучай прафесійнай дзейнасці па такіх прычынах, як наяўнасць цікавасці адразу да некалькіх прафесій, няўпэўненасць у вызначэнні таго, якая спецыяльнасць падыхо­дзіць ім больш. Вынікі адказаў сведчаць, што ўдзель­нікі даследавання недастаткова інфармаваныя аб прафесіях у цэлым, патрабаваннях да іх з боку работадаўцаў, асабліва ў галіне новых прафесій і спецыяльнасцей, якія ўзнікаюць у сувязі з імклівым развіццём IT-індустрыі і STEM-, STEAM-прафесій. У большасці рэспандэнтаў выявіліся цяжкасці ў адэкватным варыятыўным выбары прафесіі або адукацыйнай траекторыі ва ўмовах не­прадбачаных сітуацый. Многія старшакласнікі не гатовы вызначыць і назваць свае моцныя і слабыя бакі, здольнасці і схільнасці.

Настаўніцы англійскай мовы Вольга Банкевіч і Ілона Краўчук прадставілі майстар-клас на тэму “Google-сайты як сродак візуалізацыі інфармацыі ў прафарыентацыйнай рабоце”. Яны пазнаёмілі прысутных з прызначэннем і магчымасцямі ЭСН для прафарыентацыйнай работы, прадэманстравалі практычныя прыёмы і метады работы з інтэрактыўнымі сродкамі навучання і адукацыйнымі інтэрнэт-рэсурсамі. Удзельнікі майстар-класа паспрабавалі распрацаваць мультымедыйны прадукт у сэрвісе Google-сайты і мабільным дадатку Quik для выкарыстання ў прафарыентацыйнай рабоце.

Разам з настаўніцай інфарматыкі Святланай Кісялёвай педагогі пазнаёміліся з магчымасцямі пабудовы 3D-панарам і стварэннем з іх дапамогай 3D-экскурсій. Удзельнікі высветлілі, што віртуальныя экскурсіі дазваляюць выдатна перадаваць атмасферу любога месца. І калі вучань выбірае пэўную навучальную ўстанову для паступлення на канкрэтную спецыяльнасць, то яму больш зручна менавіта дома за ноўтбукам разгледзець усе лабараторыі, што цікавяць, абсталяванне, што выкарыстоўваецца ў працэсе навучання. Адным словам, 3D-тур дазволіць гэта зрабіць.

Магчымасці інфаграфікі ў прафарыентацыйнай рабоце на майстар-класе ўдзельнікам мерапрыемства раскрылі настаўніцы англійскай мовы Аліна Коўтун і Ірына Мядзведзева. Педагогі пазнаёміліся з сэрвісам для стварэння інфаграфікі easel.ly і сэрвісам для стварэння анлайн-віктарын і апытальнікаў kahoot.com. Падчас майстар-класа кожная група ўдзельнікаў стварыла свой мультымедыйны постар прафарыентацыйнай накіраванасці па адной з чатырох спецыяльнасцей (урбаніст-эколаг, праекціроўшчык медыцынскіх робатаў, крос-культурны перакладчык, 3D-дызайнер), выкарыстаўшы інтэрнэт-рэсурсы.

Майстар-клас “Мейкерства як сродак сучаснага прафарыентавання моладзі” правёў настаўнік фізікі гімназіі Андрэй Любас. У ходзе майстар-класа педагогі пазнаёміліся з вопытам работы мейкерскага цэнтра гімназіі, набылі вопыт арганізацыі прафарыентацыйнай работы з дапамогай мейкерства і STREAM-тэхналогіі ў адукацыйным працэсе. Таксама на прыкладзе стварэння вопытных мадэляў былі разгледжаны актуальныя праблемы робататэхнікі, мехатронікі, радыёэлектронікі і інжынерыі, якія спрыяюць актывізацыі пазнавальнай цікавасці і прафарыентацыі навучэнцаў.

Удзельнікі з энтузіязмам працавалі ў творчых групах пад кіраўніцтвам Леаніды Луцэвіч. З эксклюзіўным інавацыйным праектам  “Вырошчванне клубніц у закрытым грунце вертыкальным спосабам з выкарыстаннем сістэмы аўтаматызаванага паліву і інтэлектуальнага асвятлення” педагогаў пазнаёміла намеснік дырэктара  па вучэбнай рабоце гімназіі Алена Емяльянчык.


НЕканферэнцыя паказала, што ўдзельнікі рэспубліканскага інавацыйнага праекта паклалі сур’ёзны пачатак лічбавай трансфармацыі прафарыентацыйнай работы. Інавацыйная адукацыйная практыка паказвае, што кампетэнтнасна арыентаваны працэс і арганізацыя комплекснай прафарыентацыйнай падтрымкі навучэнцаў садзейнічаюць развіццю прафесійна важных кампетэнцый старшакласнікаў. Для далейшага прасоўвання ўкаранёных інавацый і падтрымкі сістэмы прафарыентацый­­най работы з моладдзю неабходна рэаніма­ваць функцыянаванне рэспубліканскага і рэгіянальных цэнтраў і саветаў па прафарыентацыі, якія выконваюць функцыі аналітычнага менеджменту і аўдыту ў арганізацыі сістэмнай прафарыентацыйнай работы. Важна таксама абнавіць нарматыўную і метадычную базу прафарыентацыйнай работы ў агульнаадукацыйных установах, актывіза­ваць дзейнасць прафарыентолагаў. Неабходна акцэнтаваць увагу бацькоў і старшакласнікаў на разуменні мэтазгоднасці і жыццёвай значнасці асваення пачатковых асноў рознага роду прафесій, прапанаваных у якасці пачатковай прафесійнай падрыхтоўкі ў ВВК, падчас арганізацыі вучэбных заняткаў на вучэбна-вытворчых аб’ектах і ў перыяд правядзення сацыяльных практык прафесійных проб. Для развіцця міжпрадметных і міждысцыплінарных ведаў варта ўзмацніць узаемасувязь вучэбных прадметаў з прафесійным асяроддзем.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота з архіва гімназіі № 5 Баранавіч.