Інавацыі ў цэнтры ўвагі

- 14:41Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Укараненне інавацый у вытворчасць павінна стаць адной з тэм Усебеларускага народнага сходу. Аб гэтым заявіў на пасяджэнні Рэспубліканскага маладзёжнага савета пры міністры адукацыі Беларусі міністр Міхаіл Жураўкоў.

На пасяджэнні свае праекты прадставілі маладыя вучоныя ў сферах біятэхналогій, інфармацыйных тэхналогій, нанатэхналогій, фізікі, робататэхнікі. “Напярэдадні Усебеларускага народнага сходу мы атрымалі магчымасць паглядзець на тыя распрацоўкі, якія маладыя вучоныя лічаць лепшымі, і пачуць аргументы, чаму менавіта гэтыя праекты павінны быць падтрыманы на дзяржаўным узроўні. У большасці гэта сапраўды ўнікальныя новыя тэхналогіі, цікавыя і нашым вытворчасцям, і замежным інвестарам”, — сказаў Міхаіл Жураўкоў.

Міністр таксама адзначыў, што кіраўнік дзяржавы паставіў перад краінай амбіцыйную мэту — стварыць больш за 50 тысяч новых рабочых месцаў, і многія з інавацый нацэлены на стварэнне найноўшых вытворчасцей. “Я ўпэўнены, што інавацыйная дзейнасць у навуцы дапаможа нам вырашыць задачу, якую паставіў перад усёй краінай кіраўнік дзяржавы”, — падкрэсліў ён.