Інавацыі, заснаваныя на вопыце

- 9:43Выхаванне, Спартыўныя падзеі

Штогод алімпіяда па фізічнай культуры і здароўі аб’ядноўвае тысячы маладых людзей, якія хочуць звязаць сваю будучыню з гэтым прадметам. На рэспубліканскі ўзровень яна выйшла ўсяго некалькі гадоў назад. І ўсё дзякуючы Валерыю Леанідавічу Варанцову — настаўніку-метадысту сярэдняй школы № 10 імя С.Ф.Рубанава Слуцка.

Магчымасць для кожнага

Ідэя ўключыць у алімпіядны рух фізічную культуру прыйшла Валерыю Леанідавічу на адной з сустрэч па распрацоўцы новых вучэбных праграм. Ініцыятыва педагога заключалася ў тым, каб прыдумаць для дзяцей нешта новае, акрамя рэспубліканскіх спаборніцтваў.

— Гэта павінна было быць нешта ўніверсальнае, што падыходзіць як гарадскім гімназіям, так і маленькім сельскім школам. Адораныя дзеці ёсць усюды, галоўнае іх знайсці. Таму вырашылі стварыць алімпіяду па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўеˮ і ў 2000 годзе ўпершыню правялі яе ў школе.

У той час я быў кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў і плаўна падводзіў калег да таго, каб выйсці на раённы этап. Аддзел адукацыі гэтую ідэю падтрымаў, і ў 2003 годзе мы правялі першую гарадскую алімпіяду сярод навучэнцаў старшых класаў. Наш паспяховы вопыт вывучаўся пры Міністэрстве адукацыі, і ў 2005 годзе было дадзена дабро на правядзенне абласнога этапу. На тое, каб мая ідэя выйшла на рэспубліканскі ўзровень, я патраціў больш за 15 гадоў. Але намаганні не прайшлі дарэмна: у 2018 годзе было прынята канчатковае рашэнне пра ўключэнне прадмета ў алімпіядны рух.

 

Сіла ёсць, розум — таксама

Алімпіяда па фізічнай культуры і здароўі складаецца з чатырох тураў і правярае не толькі спартыўныя якасці навучэнцаў, але і іх інтэлектуальныя здольнасці. Пераможцы і прызёры атрымліваюць ільготы пры паступленні па спецыяльнасці.

— Першая стадыя — тэарэтычная. Яна ўключае 50 пытанняў на веданне беларускага і сусветнага спорту. Затым ідуць плаванне і спартыўныя гульні — футбол, баскетбол, валейбол і гандбол. І, вядома, нікуды без праверкі ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі. Тут акцэнт зроблены на каардынацыю — чаўночны бег, хуткасна-сілавыя якасці — скачок у даўжыню з месца, сілавыя практыкаванні — падыманне тулава ў дзяўчат і падцягванне ў хлопцаў, а таксама тэст на гнуткасць. Вынікі кожнага практыкавання падсумоўваюцца, пасля чаго выводзіцца выніковая адзнака за тур.

Усё гэта распрацоўвалася дзеля таго, каб зрабіць фізічную культуру роўнай сярод іншых прадметаў. Каб навучэнцы, адораныя не толькі інтэлектуальна, але і фізічна, мелі такія ж ільготы пры паступленні па спецыяльнасці, як фізікі або лінгвісты. Ужо цяпер я ведаю некалькіх хлопцаў, якія перамаглі на нашай алімпіядзе і пачалі навучанне ў ВНУ практычна без экзаменаў. Дарэчы, выцягнуць шчаслівы білет могуць не толькі ўладальнікі дыпломаў. Падлеткаў, якія добра сябе зарэкамендавалі, запрашаюць ва ўніверсітэты фізкультуры, таму што яны цалкам гатовы да навучання.

 

Эксперыментам кампліменты

Валерый Леанідавіч не баіцца асвойваць новыя гарызонты, і распрацоўка праекта алімпіяды — толькі вяршыня айсберга. Педагог укараняе ў праграму заняткаў па фізкультуры віды спорту, якія многія бачылі толькі па тэлевізары.

— Я прытрымліваюся такой пазіцыі: сучаснай школе патрэбны спецыялісты шырокай практычнай накіраванасці, каб яны маглі навучыць асновам некалькіх кірункаў. Паказаць, у чым перавагі той ці іншай каманднай дысцыпліны. Так у кожнага навучэнца з’яўляецца магчымасць выбраць нешта для сябе. Чым больш разнастайная вучэбная праграма — тым лепшы вынік.

 

Таксама абавязкова павінен прысутнічаць варыятыўны кампанент. Акрамя класічных відаў спорту, неабходна паказваць дзецям нешта новае. Таму пачынаючы з 2013 года наша школа ўдзельнічае ў спаборніцтвах па корфболе. З гэтай гульнёй мы пазнаёміліся ў 2011 годзе і літаральна за 2 гады сфарміравалі каманду педагогаў і навучэнцаў.

Корфбол — спартыўная дысцыпліна, у аснове якой ляжыць баскетбол. Яе асаблівасць заключаецца ў тым, што на адной пляцоўцы сустракаюцца адначасова і жанчыны, і мужчыны.

Акрамя таго, зараз мы паступова развіваем гольф. У школьных умовах класічны варыянт гэтай гульні арганізаваць немагчыма, паколькі няма спецыялізаваных палёў. Але міні-гольф — іншая справа. Як толькі я зразумеў, што гэта цікава і навучэнцам, і педагогам, стаў распрацоўваць праграму і праект эксперыментальнай пляцоўкі. На працягу двух гадоў ініцыятыва развівалася і дарасла да ўзроўню абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў.

 

Здзіўляць і захапляць

Новыя ідэі Валерыю Леанідавічу прыходзяць пастаянна. Зараз ён супрацоўнічае з Нацыянальным інстытутам адукацыі і Рэспубліканскім цэнтрам фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, прымае ўдзел у распрацоўцы вучэбных праграм. І гэта прыносіць вынікі: летась шасцёра яго выпускнікоў паступілі ў ВНУ і вучацца на настаўніка фізічнай культуры і здароўя.

— Лічу, што падрыхтаваў сабе годную змену. Аднаму ўсяго гэтага было б не дасягнуць, але ў нашай школе сфарміраваўся выдатны выкладчыцкі калектыў, які спалучае ў сабе вопыт і маладосць. Шмат чаму мы вучымся адно ў аднаго і за кошт гэтага рухаемся наперад.

А ў плюсе ад гэтага навучэнцы, бо яны атрымліваюць не толькі карысць, але і задавальненне ад заняткаў. Я ўпэўнены, што сучасны ўрок павінен быць не толькі эфектыўным, але і эфектным. Дзяцей трэба ўмець здзіўляць і захапляць, гуляць з імі, уключаць у стандартны адукацыйны працэс новыя напрамкі. Я назваў бы гэтую формулу поспеху “Інавацыі, заснаваныя на вопыце”. Калі на занятках будзе выбудавана сістэма эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж педагогам і класам, тады прыйдзе вынік.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.