Інавацыйнае і спрадвечнае

Калі ў навучэнцаў каледжаў і ліцэяў, якія мы наведалі падчас прэс-туру, спытаць, дзякуючы чаму ў іх сфарміравалася цікавасць да канкрэтнай прафесіі, то адказ будзе прыкладна такім: “Дзякуючы якаснай прафарыентацыйнай рабоце ў школьныя гады”. Тое ж скажуць і выхаванцы Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Праўда, да слова “якаснай” яны абавязкова дабавяць “яркай”, “разнастайнай”. Менавіта такі вопыт работы (і не толькі прафарыентацыйнай) прадставілі пінскія педагогі дадатковай адукацыі.

Т.П.Валевач з аўтарскай работай “Берасцейскія музыкі”.

Гэта быў не проста паказ вопыту, а паказ-свята, паказ-вечарына, паказ-канцэрт. Шчырыя вітанні ад палешукоў і асабліва ад “палескага палешука” (у яго вобразе выступіў метадыст аддзела тэхнічнай творчасці Пётр Іванавіч Гаціла), выступленні студыі сучаснага танца “Навігатар” і ўзорнага ансамбля эстраднага танца “Дэжа вю плюс” чаргаваліся з майстар-класамі ад юных робататэхнікаў і рэзчыкаў па дрэве. Але самыя моцныя эмоцыі захаплення ў журналістаў выклікалі экспанаты абласной выставы Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка-2020”. Снежань, за акном “плюс”, а душы так хацелася сапраўднай зімовай казкі, каб і мароз, і снег, каб усё, як у знакамітай песні пра “завіруху, мяцель, завіруху”. Былі на выставе і мароз, і заснежаныя елкі, і завіруха. Канечне, штучныя, стылізаваныя, але ў зімовай казцы мы з калегамі пабывалі дакладна.

Тое, што ў Брэсцкім абласным цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці нас сустракалі не толькі юныя робататэхнікі, але і танцоры, мастакі і нават юныя сябры пагранічнікаў, не выпадковасць. “Наш цэнтр — гэта шматпрофільная ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Унікальнасць у тым, што 30 гадоў мы былі Домам тэхнічнай і мастацкай творчасці ўпраўлення прафтэхадукацыі аблвыканкама, Домам навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі вобласці. Сёння адна з нашых галоўных мэт — супрацоўніцтва. Усе дырэктары ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Брэстчыны — гэта мае калегі, сябры, з якімі мы супрацоўнічаем ужо 34 гады па напрамку тэхнічнай творчасці, мастацкай самадзейнасці, праф­арыентацыйнай работы”, — паведаміла дырэктар установы Таццяна Пятроўна Валевач.

Час мяняецца, мяняюцца і школьнікі. Сённяшніх вучняў не заўсёды задавальняюць тыя віды прафарыентацыйнай работы, якія былі папулярныя яшчэ некалькі гадоў назад. Дзеці хочуць, каб кожнае мерапрыемства было не проста цікавым, а сапраўдным святам. Каб гэтае свята адбылося, абласны цэнтр прапаноўвае школам для правядзення прафарыентацыйнай работы сваю базу. Таксама педагогі дадатковай адукацыі ладзяць прафарыентацыйныя прома-акцыі на базе агульнаадукацыйных устаноў — майстар-класы, спаборніцтвы. Адным словам, вя­дзецца жывая, цікавая работа, у аснове якой — дзейнасць у цэнтры 22 аб’яднанняў па інтарэсах, якія працуюць на бюджэтнай аснове, і 8 — на пазабюджэтнай. Акрамя таго, аказваецца метадычная дапамога творчым аб’яднанням па інтарэсах устаноў прафесійнай адукацыі вобласці. А гэтых аб’яднанняў на Брэстчыне налічваецца аж 980 (з іх 98 тэхнічнай творчасці, 93 інавацыйнай), у якіх займаюцца больш за 14 тысяч навучэнцаў.

“Ва ўстанове назапашаны вялікі вопыт работы па каардынацыі ў рэгіёне дзейнасці, накіраванай на ўдасканаленне прафарыентацыйнай работы, па папулярызацыі рабочых прафесій, арганізацыі і правядзенні абласных і рэспубліканскіх масавых мерапрыемстваў. Сярод іх конкурс “Лепшы рацыяналізатар сістэмы адукацыі Брэсц­кай вобласці”, фестываль “АРТ-вакацыі”, злёт рацыяналізатараў і вынаходнікаў, агляд тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дабрачынныя выставы-продажы, дзень адкрытых дзвярэй, “Ёсць заказ на рабочы клас”, семінары, турнір робататэхнікі “РобаФэст”, персанальныя выставы, экскурсіі на абласной пастаянна дзеючай выставе. Экспанаты і творчыя праекты навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах штогод становяцца пераможцамі і прызёрамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Створаны і папаўняецца банк даных таленавітай і адоранай моладзі”, — падзяліўся намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Мікалай Нікіфаравіч Батвінка.

Насычаная работа вядзецца кожным аддзелам цэнтра. Так, арганізацыйна-метадычны аддзел выступае каардынатарам і арганізатарам прафарыентацыйных прома-акцый у раёнах вобласці, ла­дзіць мерапрыемствы па ранняй прафарыентацыі навучэнцаў. Па словах намесніка дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце Генадзя Уладзіміравіча Святошчыка, пастаянна ідзе пошук найбольш эфектыўных форм і метадаў арганізацыі прафарыентацыі ў пытаннях узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй, дадатковай і прафесійнай адукацыі. Таксама аддзел аказвае дапамогу калектывам уста­ноў прафесійнай адукацыі, якія ма­юць званне “народны”, “узорны” ў падрыхтоўцы неабходнай дакументацыі і творчых праграм на пацвярджэнне звання. Дарэчы, на пачатак 2019 года ва ўстановах прафесійнай адукацыі Брэстчыны дзейнічала 7 калектываў мастацкай творчасці, якія маюць званне “Народны самадзейны калектыў”, і 3 калектывы мастацкай творчасці, якія маюць званне “Узорны самадзейны калектыў”. У гэтых калектывах займаюцца каля 400 навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі.

У самім цэнтры, як ужо адзначалася, дзейнічаюць танцавальныя калектывы “Навігатар” і “Дэжа вю плюс”, дарэчы, лепшыя ў Пінску. Так, “Дэжа вю плюс” у 2018 го­дзе атрымаў высокае званне “узорны”. Ансамбль эстраднага танца, у складзе якога навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі Пінска, з’яўляецца пастаянным удзельнікам, дыпламантам і лаўрэатам шматлікіх абласных, рэспублікан­скіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў. У лістападзе 2019 года на Рэспубліканскім танцавальным конкурсе “Рэзананс” у Мінску выступленне пінчан было ацэнена дыпломам І ступені. Пры калектыве плённа працуе дзіцячая студыя эстраднага танца, у якой займаюцца каля 50 дзяцей ва ўзросце ад 3 да 12 гадоў. Усе гэтыя поспехі, безумоўна, заслуга кіраўнікоў Ларысы Мікалаеўны Шахновіч і Марыны Ігараўны Пашынай.

Паспяхова працуе і студыя сучаснага танца “Навігатар” (кіраўнікі Ігар Іванавіч Прахаровіч і Кірыл Віктаравіч Сухабокаў). Творчы калектыў добра вядомы і за мяжой. “Навігатар” з’яўляецца пастаянным удзельнікам, дыпламантам і лаўрэатам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў па хіп-хопе і брэйк-дансе (дарэчы, алімпійскага віду спорту). “Наш горад, вобласць і рэспубліку прадстаўляем на розных чэмпіянатах. У гэтым годзе мы адзначыліся на “Славянскім базары ў Віцебску”, двойчы стаўшы лаўрэатамі ІІ ступені ў танцавальным конкурсе, у Балгарыі на чатырох фестывалях занялі прызавыя месцы. У лістападзе ўдзель­нічалі ў Міжнародным чэмпіянаце па сучасных танцах Sugar Fest, які праходзіў у Маскве. Па выніках выступлення калектыў узнагароджаны дыпломам III ступені”, — паведаміў педагог дадатковай адукацыі Ігар Іванавіч Прахаровіч.

Цудоўны настрой і шчырыя эмоцыі, якія дораць юныя пінчане членам журы конкурсаў, фестываляў, атрымалі і ўдзельнікі прэс-туру. Спадзяёмся, яркія фотаздымкі зачаруюць і нашых чытачоў. Яшчэ адным яркім колерам у своеасаблівай багатай палітры творчасці цэнтра з’яўляецца ваенна-патрыятычны клуб “Юныя сябры пагранічнікаў”. На базе Пінскага пагранічнага атрада, з якім клуб цесна ўзаемадзейнічае, праводзяцца практычныя заняткі, а вось тэорыя вывучаецца ў будынку абласнога цэнтра. “Удзельнікі аб’яднання — звычайныя навучэнцы з розных школ Пінска. Але мы заўсёды дастойна трымаемся на спаборніцтвах, выступаем не горш, а часта і лепш за кадэтаў, рэгулярна займаем прызавыя месцы. Практычным заняткам удзяляецца значная ўвага. Мы выязджаем на пагранічныя заставы, кантрольна-прапускныя пункты, знаёмімся з работай спецыялістаў, назіраем, як ажыццяўляецца агляд транспарту, які перасякае дзяржаўную граніцу”, — паведаміў кіраўнік аб’яднання, педагог дадатковай адукацыі, падпалкоўнік запасу Рыгор Мікалаевіч Качаноўскі.

“Паляшук недаверлівы, кожны крок ён робіць асцярожна. Успры­маючы ўсё новае і карыснае, ён трымаецца свайго роднага, спрадвечнага”, — у гэтых словах, якімі нас сустракаў вялікі і дружны калектыў Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, і заключаны асноўны прынцып дзейнасці ўстановы: успрымаючы інавацыйнае, карыснае, трэба захоўваць роднае, спрадвечнае. Тады работа абавязкова будзе прыносіць плён.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.