Інавацыйнае развіццё на аснове лепшых традыцый

Пасяджэнне Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі прайшло ў Полацку

На працягу двух дзён госці Полаччыны і гаспадары мерапрыемства дзяліліся інавацыйным вопытам, абмяркоўвалі праблемныя пытанні, узгаднялі пазіцыі па шэрагу канкрэтных напрамкаў развіцця дашкольнай адукацыі, а таксама знаёміліся з культурна-гістарычнай спадчынай рэгіёна, дзейнасцю ўстаноў дашкольнай адукацыі, спрабавалі свае сілы ў майстар-класах. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

Старт рабоце быў дадзены ў Полацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі прэзентацыяй выставачнай экспазіцыі “Сучасныя падыходы да арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі Віцебскай вобласці”; там жа адбылося і пленарнае пасяджэнне. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8 Магілёва старшыня Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі Алена Крукоўская. Начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова коратка расказала аб сістэме адукацыі раёна, яе характэрных асаблівасцях, найбольш значных дасягненнях, цікавых праектах, якія ажыццяўляюцца на Полаччыне, актыўным міжнародным супрацоўніцтве. У прыватнасці, Ірына Афанасьеўна зрабіла акцэнт на тэндэнцыі да павелічэння колькасці дзяцей дашкольнага ўзросту (паказчык упэўнена імкнецца да 5 тысяч), вопыце стварэння дадатковых месцаў для выхаванцаў шляхам рэарганізацыі гарадскіх сярэдніх школ у вучэбна-педагагічныя комплексы (за 5 гадоў такім чынам створана каля 200 месцаў — фактычна гэта новы дзіцячы сад, прытым выдаткі ў параўнанні з новабудоўляй ніжэйшыя больш, чым на парадак), паспяховым вырашэнні задач па стварэнні здароўезберагальных умоў ва ўстановах дашкольнай адукацыі (на працягу двух гадоў адсутнічаюць выпадкі траўміравання дзяцей, да 2,7 знізілася колькасць дзён, прапушчаных адным выхаванцам за год па прычыне захворвання), моцным адукацыйным патэнцыяле раёна.

— Мы поўныя ідэй і новых планаў, з аптымізмам глядзім у будучыню, развіваемся, — расказала Ірына Драздова. — Кадры ў нас дасведчаныя і высокаматываваныя, ініцыятыўныя і адказныя, настроеныя на інавацыйную дзейнасць, пошук эфектыўных форм. Таму ўпэўнена: усё тое, да чаго ідзём, мы абавязкова паспяхова здзейснім.

Эфектыўным падыходам, якія прымяняюцца ва ўстановах дашкольнай адукацыі пры рэалізацыі адноўленага зместу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, было прысвечана выступленне намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, начальніка ўпраўлення дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кандыдата педагагічных навук Альбіны Давідовіч.

— Гэтую праграму ў нас зараз рэалізу­юць 3798 устаноў, амаль на 1000 за апошні год павялічылася колькасць іх выхаванцаў, — адзначыла Альбіна Леанідаўна. — На сусветнай адукацыйнай прасторы мы вельмі дастойна выглядаем па такім важным паказчыку, як ахоп установамі дашкольнай адукацыі дзяцей ад 3 да 6 гадоў: у цэлым па краіне — 98,3 працэнта, амаль 70 працэнтаў — у сельскай мясцовасці. Важна, што ўсе нашы дзеці пяцігадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да школы. Гэта значыць для іх забяспечваюцца роўныя стартавыя магчымасці як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасці. Традыцыйна змест вучэбна-праграмнай дакументацыі пераглядаецца раз у 5 гадоў. За перыяд дзеяння Кодэкса аб адукацыі мы падрабязна аналізавалі практыку яе прымянення, збіралі і сістэматызавалі даныя з мясцовых узроўняў і ў выніку, у адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы, да пачатку гэтага навучальнага года фактычна абнавілі адукацыйны стандарт, тыпавы вучэбны план і вучэбную праграму дашкольнай адукацыі. Традыцыйная структура вучэбнай праграмы засталася ў прынцыпе нязменнай. Было вырашана не выключаць з яе запланаваныя вынікі засваення выхаванцамі вучэбнай праграмы па кожным узросце (у адукацыйным стандарце дашкольнай адукацыі ў нас гэты раздзел прадстаўлены толькі ў дачыненні да дзяцей 5—7 гадоў). Крыху змяніліся адукацыйныя галіны, прычым удакладнены не толькі іх найменні, колькасць, але і напаўненне. Па многіх адукацыйных галінах змяніўся тыпавы вучэбны план, былі дабаўлены гадзіны на тыя групы, якія раней не былі прадугледжаны на гэты ўзрост, і, адпаведна, ўсё гэта знайшло адлюстраванне ў змесце вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

Альбіна Давідовіч яшчэ раз патлумачыла асноўныя падыходы і падрабязна пракаменціравала кожнае са змяненняў — ад зместу адукацыйных галін (у тым ліку ў дачыненні да развіцця маўлення і культуры маўленчых зносін, выяўленчага, музычнага мастацтва і мастацкай літаратуры, адукацыйнай галіны “Дзіця і грамадства”, куды, пачынаючы з сярэдняй групы, уключаны кампанент “Асновы эканамічнай культуры”). Асобна яна спынілася на рэгламентацыі платных адукацыйных паслуг, неабходнасці цеснага ўзаемадзеяння з бацькамі і законнымі прадстаўнікамі дзяцей, ролі гульні як формы арганізацыі адукацыйнага працэсу і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў ва ўстановах дашкольнай адукацыі, новых праектах у напрамку інклюзіўнай адукацыі.

Наступныя выступоўцы дэталёва азнаёмілі калег з асаблівасцямі рэалізацыі адноўленага зместу асобных адукацыйных галін вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Загадчык навукова-даследчага сектара Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Алена Смолер засяродзіла ўвагу на галіне “Дзіця і грамадства”, загадчык кафедры методык дашкольнай адукацыі факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка кандыдат педагагічных навук Марына Мельнікава — на галіне “Фізічная культура” (у групах ранняга ўзросту). Ролю стандартаў WorldSkills у фарміраванні прафесійнай кампетэнцыі будучых педагагічных работнікаў дашкольнай адукацыі прааналізавала загадчык спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” Полацкага кале­джа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Вольга Краўчанка. Аб сучасных тэндэнцыях развіцця дашкольнай адукацыі ў раёне праінфармавала галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Кузняцова. Загадчык ясляў-сада № 3 Браслава Вольга Селязнёва падкрэсліла важнасць стварэння сучаснага развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя як умовы забеспячэння рэалізацыі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

— На ўсіх узроўнях улады велізарная ўвага і падтрымка ўдзяляецца дзецям і моладзі. Названы падыход даўно стаў прыярытэтам сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці, і мы пра гэта ведаем не па чутках, — расказала Вольга Францаўна. — У нашай установе праведзены капітальны рамонт будынка з мадэрнізацыяй, кардынальна адноўлена матэрыяльна-тэхнічная база. Акрамя астатняга, цяпер мы актыўна выкарыстоўваем бізікары, бізікубы і бізібоксы, інтэрактыўныя сталы з паверхняй мультытач (забяспечылі дзве старшыя групы, рыхтуючы дзяцей да работы з інтэрактыўнымі дошкамі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі). Самае яркае і каштоўнае набыццё — інтэрактыўная пясочніца з эфектам дапоўненай рэальнасці. Выбар на карысць нашага ясляў-сада зроблены невыпадкова: мы размешчаны ў новым мікрараёне горада, дзе сёння пражывае каля 500 дзяцей і перспектывы ўстойлівага дзіцячага кантынгенту ў далейшым не выклікаюць сумненняў. Таму гэта рэальныя інвестыцыі ў будучыню.

Загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Полацка Іна Каспяровіч падзялілася вопытам рэалізацыі кампанентаў вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі з улікам індывідуальнага і дыферэнцыраванага падыходаў.

— Каштоўнасна-мэтавыя арыенціры ў адукацыі накіраваны на павышэнне яе якасці для развіцця асобаснага патэнцыялу кожна­га навучэнца як галоўнага стратэгічнага рэсурсу і базісу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, — выказала ўпэўненасць Іна Міраславаўна. — Адлюстраванне гэтай ініцыятывы на ўзроўні дашкольнай адукацыі засяро­джана ў галіне стварэння аптымальных умоў для рознабаковага і своечасовага развіцця дзіцяці ў адпаведнасці з яго ўзроставымі і індывідуальнымі магчымасцямі, здольнасцямі і патрэбамі, фарміравання ў яго маральных норм, набыцця ім сацыяльнага вопыту. Наша ўстанова адкрытая, мабільная, мы хутка рэагуем на ўсе змены і выбудоўваем дзейнасць у адпаведнасці з інтарэсамі і чаканнямі дзяцей, бацькоў, грамадства ў цэлым і дзяржавы. Нашы педагогі арыентаваны на пастаяннае самаразвіццё і павышэнне прафесійнага ўзроўню, што, напрыклад, стала вызначальным фактарам для ўдзелу ў рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі з дапамогай інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”. Якасц­ь адукацыйнага працэсу характарызуецца па-рознаму з пункту гледжання кожнага яго ў­дзельніка. Для дзяцей — гэта навучанне ў цікавай гульнявой форме. Для бацькоў — захаванне здароўя выхаванцаў, паспяховае засваенне вучэбнай праграмы. У адпаведнасці з запытамі законных прадстаўнікоў выхаванцаў, рэсурснымі магчымасцямі нашага цэнтра развіцця дзіцяці, з мэтай індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі дашкольнай адукацыі ажыццёўлены выбар кампанентаў, прадстаўленых у вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі: “Дзіцячы фітнес”, “Замежная мова” (англійская), “Тэхнічнае канструяванне”, “Харэаграфія”, “Дзіцячае ручное ткацтва”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Рэалізацыя зместу гэтых кампанентаў дапамагае кожнаму дзіцяці праявіць і раскрыць свае здольнасці, даведацца шмат новага, а таксама хутчэй развівацца і расці здаровым. Усе яны стымулююць пазнавальную матывацыю выхаванцаў, накіраваны на гарманічнае развіццё асобы дзіцяці і здольны забяспе­чыць пераход ад інтарэсаў дзяцей да развіцця іх здольнасцей.

Загадчык Музея беларускага кнігадрукавання Славіна Гаўрылава правяла адкрыты дыялог па рэалізацыі адукацыйнай галіны “Дзіця і грамадства” ў рамках музейна-педагагічных заняткаў. З вопытам па фарміраванні ў дзяцей дашкольнага ўзросту ўяўленняў аб славутых людзях Беларусі азнаёміла загадчык Музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора Марына Чарнышова. У другі дзень гасцей прымалі яслі-сад № 32 Полацка і сярэдняя школа № 18 імя Ефрасінні Полацкай. Сярод вядучых тэм абмеркавання былі інтэграцыя STЕAM-адукацыі ў дашкольную прастору і ўкараненне STEAM-тэхналогій для развіцця перадумоў інжынернага мыслення і тэхнічнай творчасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту (загадчык ясляў-сада № 32 Полацка Ірына Ляўчук, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці гэтай жа ўстановы Алена Сухарава), выкарыстанне метаду складання цікавых гісторый у маўленчым развіцці выхаванцаў (выхавальнікі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Полацка Вольга Саварын і Вольга Высоцкая); акрамя таго, быў прадстаўлены шэраг майстар-класаў. Ажыўленая работа разгарнулася на інтэрактыўных пляцоўках. Абмяркоўваліся роля гульнявых дапаможнікаў у пазнавальным развіцці дзяцей дашкольнага ўзросту (намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 110 Віцебска Святлана Курыла), кагнітыўны і прагнастычны патэнцыял адукацыйнай праграмы “Зялёныя школы” як эфектыўны механізм рэалізацыі адукацыйнай галіны “Дзіця і прырода” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі (намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 23 Наваполацка Зоя Рудзёнак), сучасныя падыходы да арганізацыі працэсу фізічнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту (загадчык ясляў-сада № 27 Полацка Наталля Корсак), рэалізацыя адукацыйнай галіны “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін” (загадчык ясляў-сада № 7 Полацка Аксана Гацых), выхаванне асноў эканамічнай культуры дзяцей дашкольнага ўзросту пры рэалізацыі зместу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі (загадчык ясляў-сада № 24 Полацка Ларыса Чабаненка), эстэтычнае развіццё дзяцей дашкольнага ў­зросту ў рамках адкрытага ўзаемадзеяння з Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам (загадчык ясляў-сада № 29 Полацка Вікторыя Кірыенка). У завяршэнне пасяджэння ўдзельнікі абмяняліся ўражаннямі і меркаваннямі ў фармаце адкрытага мікрафона.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.