Інавацыйнаму падыходу ў вытворчасці — апераджальную падрыхтоўку кадраў

Як рэсурсныя цэнтры выконваюць дзяржаўны заказ

Узяты курс на развіццё лічбавай эканомікі і высокатэхналагічнай вытворчасці патрабуе сёння і адпаведнай прафесійнай падрыхтоўкі кадраў. Як гэтыя тэндэнцыі адбіваюцца на развіцці рэсурсных цэнтраў, што прадугледжана на гэты конт Дзяржаўнай праграмай “Адукацыя і маладзёжная палітыка”, якія канцэптуальныя падыходы будуць выпрацаваны на перспектыву, аб гэтым расказвае прарэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі М.С.БУЛЬКО.

— Мікалай Сабінавіч, у чым галоўная ідэя стварэння рэсурсных цэнтраў? Якія меры прымаюцца, каб надаць ім больш высокі статус?

— Мадэрнізацыя прадпрыемстваў, інавацыйны падыход у вытворчасці, укараненне новых тэхналогій і сучаснага абсталявання патрабуе і сучаснай прафесійнай падрыхтоўкі кадраў, у тым ліку і апераджальнай. На гэта скіравана дзейнасць рэсурсных цэнтраў. На сёння ў сістэме прафесійнай адукацыі нашай краіны функцыянуюць 46 рэсурсных цэнтраў. Як бачна, за апошнія гады іх колькасць істотна ўзрасла. Але мы не столькі маем намер павялічваць гэтую колькасць, колькі найперш надаць ім больш высокі статус і значнасць у сістэме прафесійнай адукацыі. Мы плануем гэта ажыццявіць за кошт дааснашчэння дзеючых рэсурсных цэнтраў найноўшай тэхнікай і абсталяваннем, навукова-метадычнага забеспячэння, павышэння ўзроўню майстэрства і кампетэнцыі педагагічных работнікаў, якія там працуюць. У гэтым напрамку мы цесна супрацоўнічаем з галіновымі міністэрствамі, рэспубліканскімі і мясцовымі органамі ўлады, упраўленнямі адукацыі аблвыканкамаў і камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама.

Ідэя стварэння рэсурснага цэнтра накіравана на канцэнтрацыю абсталявання для эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, на ўкараненне і прымяненне сучасных вытворчых і адукацыйных тэхналогій шляхам сеткавай формы навучання з мэтай ажыццяўлення прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў устаноў адукацыі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі рабочых і спецыялістаў на самым высокім узроўні. На працягу апошніх 5 гадоў у рэсурсных цэнтрах прайшлі навучанне больш за 70,5 тысячы чалавек, у тым ліку больш за 50 тысяч навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У шэрагу рэсурсных цэнтраў практычныя заняткі па вывучэнні інавацыйных тэхналогій і абсталявання праводзяцца і для студэнтаў профільных УВА.

Дзякуючы стварэнню рэсурсных цэнтраў, мы можам забяспечыць апераджальную падрыхтоўку кадраў, пры якой выпускнікі ўстаноў прафесійнай адукацыі паспяхова адаптуюцца на вытворчасці і гатовы працаваць на сучасным абсталяванні.

За кошт рэсурсных цэнтраў ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка школьнікаў, пашыраецца прафарыентацыйная работа з імі, у тым ліку ў шосты школьны дзень. Там праводзяцца майстар-класы, практыкумы, экскурсіі, дні адкрытых дзвярэй. Такі падыход спрыяе ўсвядомленаму выбару будучай прафесійнай траекторыі выпускнікоў школ, папулярызацыі сярод моладзі рабочых прафесій.
— У Дзяржаўную праграму “Адукацыя і маладзёжная палітыка” былі ўнесены адпаведныя дапаўненні, якія прадугледжваюць развіццё рэсурсных цэнтраў.

— Асобным радком гэтай праграмы былі вызначаны мерапрыемствы, звязаныя з набыццём і пастаўкай ва ўстановы прафесійнай адукацыі сучаснага абсталявання ў адпаведнасці з іх планам развіцця рэсурсных цэнтраў. На гэтыя мэты ў бягучым годзе былі выдаткаваны фінансавыя сродкі, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту. Згодна з прынятай пастановай Савета Міністраў, загадам міністра адукацыі, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі стаў асноўнай каардынуючай структурай, якая будзе займацца выкананнем гэтых мерапрыемстваў. Акрамя таго, структурныя падраздзяленні РІПА разам з установамі адукацыі, галіновымі міністэрствамі будуць вызначаць найбольш перспектыўныя мадэлі вучэбнага і прамысловага абсталявання і ў далейшым набываць яго для ўстаноў прафесійнай адукацыі.

— Якія ўстановы ўвайшлі ў лік тых, хто падлягае першачарговаму аснашчэнню?

— Сярод такіх устаноў — Пінскі прафесійны ліцэй будаўнікоў, дзе адкрыты рэсурсны цэнтр па зварачных работах. З улікам спецыфікі дзейнасці прадпрыемстваў Пінска і найбліжэйшых раёнаў гэтыя спецыялісты вельмі запатрабаваны. Таксама з улікам пашырэння вытворчасці ААТ “Амкадор”, якая прадугледжвае наяўнасць высокакваліфікаваных зваршчыкаў, было прынята рашэнне аб дааснашчэнні дзеючага рэсурснага цэнтра гэтага ліцэя. Зараз самае сучаснае абсталяванне апошніх марак і мадэлей вядучых сусветных вытворцаў для гэтага рэсурснага цэнтра ўжо закуплена і ўстаноўлена.

На стадыі аснашчэння знаходзіцца рэсурсны цэнтр Гродзенскага тэхналагічнага каледжа, які з’яўляецца прыкладам сумесных узгодненых дзеянняў з боку Міністэрства адукацыі, аблвыканкама, арганізацый — заказчыкаў кадраў. У вобласці за кошт інвестыцыйнага фонду быў рэалізаваны праект па мадэрнізацыі вучэбна-вытворчых майстэрань гэтага каледжа і стварэння рэсурснага цэнтра. За кошт абласнога бюджэту быў праведзены капітальны рамонт будынка навучальнай установы, ажыццёўлена пастаўка некаторай часткі неабходнага для дзейнасці рэсурснага цэнтра абсталявання. Другая частка абсталявання была набыта за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Такім чынам створана самадастатковае падраздзяленне, дзе прадстаўлены ўсе ўмовы для падрыхтоўкі спецыялістаў грамадскага харчавання з прымяненнем самых перадавых тэхналогій.

Яшчэ адным аб’ектам дааснашчэння сучасным абсталяваннем стаў Смілавіцкі прафесійны сельскагаспадарчы ліцэй. Рэсурсны цэнтр ліцэя існуе даўно і функцыянуе паспяхова. 11 навучальных устаноў Мінскай вобласці і іншых рэгіёнаў, якія маюць сельскагаспадарчы профіль, карыстаюцца паслугамі гэтага рэсурснага цэнтра. Але мець у ім толькі сучасныя энерганасычаныя трактары, камбайны, навясное абсталяванне для іх не заўсёды дастаткова. Улічваючы спецыфіку работы навучальных устаноў гэтага профілю, пэўны час сельгастэхніка ліцэя выкарыстоўваецца пры выкананні сельскагаспадарчых работ у гаспадарках рэгіёна і вучэбнай гаспадарцы ўстановы. Тым самым тэхніку на некаторы час адрываюць ад адукацыйнага працэсу. Але, як паказвае сусветная практыка, замест рэальнай тэхнікі пры навучанні можна выкорыстоўваць узоры трэнажорнага абсталявання з прымяненнем інтэрактыўных тэхналогій, што дазваляе вучыцца прафесіі ў любы час і ў любую пару года, незалежна ад правядзення сельгасработ. З улікам гэтага для папаўнення рэсурснага цэнтра ў смілавіцкім ліцэі быў вызначаны пералік трэнажорнага абсталявання. Адна частка яго паступіла ўжо ва ўстанову, а другая паступіць у наступным годзе.
Улічваючы тое, што ў нашай краіне патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты ў галіне халадзільнага абсталявання, у праграму дааснашчэння быў уключаны Мінскі механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж. Для гэтага каледжа было набыта і ўстаноўлена абсталяванне халадзільных тэхналогій як для атрымання навучэнцамі першапачатковых ведаў і навыкаў, так і рэальныя ўзоры тэхнікі, якія будуць прымяняцца на завяршальным этапе навучання.

Яшчэ адной навучальнай установай, якая мае патрэбнасць у аснашчэнні рэсурснага цэнтра, стаў Аршанскі механіка-эканамічны каледж. Пры гэтым былі ўлічаны даручэнні кіраўніка дзяржавы, якія тычацца мадэрнізацыі прадпрыемстваў і арганізацый Аршанскага рэгіёна, якая тэхніка і тэхналогіі будуць пры гэтым прымяняцца. Было прынята рашэнне па фарміраванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ў гэтай установе для падрыхтоўкі спецыялістаў у сферы металаапрацоўкі, а менавіта аператараў і наладчыкаў станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем. Рэалізацыя гэтага праекта будзе прадоўжана ў наступным годзе пры фінансавай падтрымцы рэспубліканскага бюджэту, фінансавых сродкаў вобласці і арганізацый — заказчыкаў кадраў. Ёсць намеры на базе Віцебскага тэхналагічнага каледжа стварыць у наступным годзе рэсурсны цэнтр, які будзе аснашчаны сучаснай тэхнікай і найноўшымі тэхналогіямі будаўнічай галіны. У Гарадку Віцебскай вобласці перазагружаны рэсурсны цэнтр сельскагаспадарчага профілю, які стаў прыкладам узаемадзеяння вытворцаў, мясцовых органаў улады і органаў кіравання адукацыяй. МТЗ, Гомсельмаш, Бабруйскаграмаш, іншыя прадпрыемствы прадставілі ў рэсурсны цэнтр сваю прадукцыю, а таксама трэнажоры і дыягнастычныя сродкі. У наступным годзе мерапрыемствы Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка”, якія закранаюць развіццё рэсурсных цэнтраў, будуць працягвацца.

— Ці плануецца сучаснае аснашчэнне навучальных устаноў, звязанае са стварэннем новых вытворчасцей, такіх як прадпрыемства “Белджы”, індустрыяльны парк “Вялікі камень”?
— Сёння неабходна стварэнне рэсурснага цэнтра па пытаннях аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў у машынабудаванні. Гэта звязана са стварэннем новых вытворчасцей, такіх як “Белджы”, будаўніцтвам завода па вырабе рухавікоў, развіццём тэхнічных кірункаў індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. Усё гэта патрабуе прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў зусім іншага ўзроўню і неабходнасці фарміравання матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў з улікам апошніх тэндэнцый развіцця адпаведнай галіны. І такая работа актыўна вядзецца. Для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў для аўтасэрвісу, для работы на машынабудаўнічых прадпрыемствах, такіх як МАЗ, МЗКЦ, для абслугоўвання тэхнікі, на якую будуць усталёўвацца рухавікі, вырабленыя ў рамках праекта “Вялікі камень”, на стадыі завяршэння знаходзіцца аснашчэнне базы філіяла РІПА “Мінскі аўтамеханічны каледж”. Пры садзейнічанні кітайскіх калег у каледж паступіла сучаснае абсталяванне, якое дазваляе метадам дыягностыкі весці рамонт і абслугоўванне не толькі рухавікоў, але і ўсіх сістэм сучасных аўтамабіляў. У далейшым будзе весціся фарміраванне і развіццё базы іншых філіялаў РІПА. Так, у Каледжы сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе, дзе ўхіл робіцца на машынабудаванне і металаапрацоўку, у наступным годзе плануецца ажыццявіць аснашчэнне абсталяваннем “Індустрыя 4.0”, сучаснымі відамі металарэжучага абсталявання такарнай і фрэзернай групы. Цяпер РІПА сумесна з ААТ “Амкадор” працуе над праектам стварэння базы па зварачных тэхналогіях яшчэ ў адным сваім філіяле — “Індустрыяльна-педагагічным каледжы”. Там прадугледжваецца падрыхтоўка спецыялістаў для работы ва ўмовах робатызаванай і аўтаматызаванай зваркі, што таксама патрабуе аснашчэння гэтага каледжа адпаведнымі ўзорамі трэнажорнага або рэальнага абсталявання.

— Значнай падзеяй для сістэмы прафесійнай адукацыі стала наведванне прэм’ер-міністрам нашай краіны рэсурснага цэнтра “ЭкаТэхнаПарк — Волма”. Раскажыце, калі ласка, аб прыярытэтах яго дзейнасці.

— Сапраўды, наведванне кіраўніком урада гэтага цэнтра пацвярджае яго дзяржаўную значнасць. “ЭкаТэхнаПарк — Волма” — міжгаліновы рэсурсны цэнтр, які прызначаны для прафесійнай падрыхтоўкі кадраў з прымяненнем сучаснага абсталявання і энергазберагальных тэхналогій, для навуковых даследаванняў у галіне энергетыкі, энергаэфектыўнасці і экалогіі. У ім будуць вучыцца навучэнцы прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных устаноў і студэнты УВА. У гэтым рэсурсным цэнтры будуць таксама праходзіць перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі педагагічныя работнікі навучальных устаноў, а таксама спецыялісты з іншых галін. Згодна з вынікамі наведвання цэнтра прэм’ер-міністрам, ужо распрацаваны даручэнні кіраўніка ўрада па далейшым яго развіцці і прыданні яму самага высокага статусу.

— Як бачна, працэс аснашчэння і дааснашчэння рэсурсных цэнтраў бясконцы, як бясконцы працэс удасканалення прафесійнай падрыхтоўкі згодна з патрэбамі сучаснай эканомікі.

— Абсалютна так. Мы пастаянна адсочваем прапановы, якія гучаць ад вытворцаў абсталявання, вывуджваем навінкі, вывучаем тэхналогіі, якія прымяняюцца. Добры штуршок у падрыхтоўцы кадраў і аснашчэнні вучэбна-матэрыяльнай базы даюць цесныя ўзаемаадносіны з галіновымі міністэрствамі, такімі як Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прамысловасці і інш. Мы імкнёмся таксама да пашырэння прыватна-дзяржаўнага партнёрства, каб далучыць як мага больш арганізацый да сумеснай работы па падрыхтоўцы кадраў. А гэта не толькі аснашчэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў, але і прадастаўленне месцаў для практыкі навучэнцаў на самых сучасных прадпрыемствах.

Вельмі важным у гэтым з’яўляецца ўдзел нацыянальнай каманды ў міжнародных спаборніцтвах, дзе мы не толькі імкнёмся паказаць годныя вынікі, але і маем доступ да найноўшых тэхналогій і абсталявання, якія прымяняюцца на такіх конкурсах, маем магчымасць прымяняць міжнародныя прафесійныя стандарты ў навучанні. Дарэчы, рэсурсныя цэнтры з’яўляюцца сёння выдатнымі пляцоўкамі для падрыхтоўкі нашых канкурсантаў як для нацыянальных, так і для міжнародных спаборніцтваў. Мы цесна працуем з прадпрыемствамі і арганізацыямі і заўсёды ў курсе, па якім шляху там пойдзе мадэрнізацыя, якое абсталяванне і тэхналогіі яны намераны ўкараняць у найбліжэйшы час. Работа педагагічных калектываў навучальных устаноў скіравана на набыццё інфармацыі пра новыя тэхналогіі, сучаснае абсталяванне праз узаемадзеянне з вытворцамі і пастаўшчыкамі, навукоўцамі, эканамістамі, прамыслоўцамі з мэтай адсочвання, як будзе развівацца тая ці іншая галіна. На аснове гэтага неабходна выбудоўваць траекторыю дзейнасці навучальнай установы.

Многія навучальныя ўстановы падрыхтавалі планы стварэння або развіцця рэсурсных цэнтраў. Гэтыя планы выносяцца на абмеркаванне камісіі, якая створана ў РІПА. У выпадку станоўчай ацэнкі прадстаўленых дакументаў ў наступным годзе гэтыя навучальныя ўстановы будуць далучаны да рэалізацыі праграмы па аснашчэнні або дааснашчэнні сучаснымі відамі абсталявання. Улічваючы ініцыятывы навучальных устаноў па развіцці рэсурснага цэнтра, РІПА каардынуе іх работу і аказвае адпаведную падтрымку.

Мы працуем над унясеннем змяненняў у канцэпцыю рэсурснага цэнтра, што прадугледжвае вызначэнне новых кампетэнцый спецыялістаў, ўзаемадзеянне з галіновымі прадпрыемствамі, органамі кіравання па распрацоўцы прафесійных і адукацыйных стандартаў, вызначэнне тых тэхналогій, якія неабходны для ўкаранення ў рэгіянальных рэсурсных цэнтрах, распаўсюджванне вопыту дзейнасці, навукова-метадычнае забеспячэнне, павышэнне кваліфікацыі педагогаў у нашай краіне і за яе межамі.

Міністэрства адукацыі, РІПА і РІВШ займаюцца распрацоўкай нарматыўнага прававога акта, які будзе рэгуляваць арганізацыю сеткавай формы навучання, што дасць магчымасць развіваць не толькі рэсурсныя цэнтры, але і дазволіць выкарыстоўваць рэсурсы ўсіх навучальных устаноў і арганізацый, якія зацікаўлены ў якаснай падрыхтоўцы спецыялістаў. Гэта дасць новы імпульс для навучання па тых спецыяльнасцях, якія патрабуюць сур’ёзных укладанняў, а самім навучальным установам — для адказнага падыходу ў гэтай падрыхтоўцы.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.