Інавацыйная дзейнасць арганізацый — пераможцаў конкурсу за дасягненні ў галіне якасці садзейнічае рэалізацыі першачарговых задач развіцця эканомікі

Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу на саісканне прэміі Урада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці ў 2017 годзе адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску.

Узнагароды за дасягненне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, паслуг або работ, укараненне інавацыйных тэхналогій і сучасных метадаў менеджменту ўручаны шасці арганізацыям: адасобленаму структурнаму падраздзяленню “Лакаматыўнае дэпо Маладзечна” транспартнага РУП “Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі”, ААТ “Бабруйскі завод трактарных дэталей і агрэгатаў”, ААТ “Мінскі завод колавых цягачоў”, РУП “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні”, УАЗ “Гродзенскі абласны клінічны перынатальны цэнтр”, філіялу “Энергазбыт” гомельскага РУП электраэнергетыкі “Гомельэнерга”.

Званне лаўрэата прэміі пацвердзіла 31 арганізацыя. Яны прадстаўляюць машынабудаўнічую, харчовую, транспартную, будаўнічую і іншыя галіны, вытворчасць прадукцыі лёгкай, парфумерна-касметычнай, мэблевай прамысловасці, а таксама сферу паслуг. Былі ўручаны і спецыяльныя ўзнагароды конкурсу — “Лідарства”, “Дасканаласць менеджменту”, “Сацыяльная адказнасць”.

Як адзначыў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка, пераможцамі сталі арганізацыі, якія стварылі эфектыўныя вытворчасці прадукцыі і паслуг, дасягнулі дзелавой дасканаласці і прызнання спажыўцоў. “Яны пабудавалі сучасныя сістэмы менеджменту і высокаэфектыўныя бізнес-працэсы, прадэманстравалі бесперапынныя паспяховыя распрацоўку і асваенне новых відаў канкурэнтаздольнай прадукцыі і высакаякасных паслуг. Інавацыйная дзейнасць гэтых арганізацый садзейнічае рэалізацыі першачарговых задач развіцця эканомікі і дасягнення Мэт устойлівага развіцця”, — дадаў ён.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка расказаў, што за перыяд існавання конкурсу яго лаўрэатамі сталі больш за 200 арганізацый. “Трапіць у гэты клуб лепшых прадпрыемстваў даволі складана, — падкрэсліў ён. — Прэмія ўрада прадугледжвае ацэнку станоўчага ўплыву на грамадства, наколькі актыўную і важную пазіцыю арганізацыя займае ў рэгіёне або горадзе, і г.д.”.

Сярод іншых крытэрыяў конкурсу — экспартныя паказчыкі прадпрыемства, эфектыўнасць менеджменту, створаныя магчымасці для атрымання доўгатэрміновага поспеху ва ўмовах зменлівага канкурэнтнага асяроддзя. Улічвалася таксама здольнасць арганізацый вызначаць стратэгію свайго развіцця, знаходзіць новыя рынкі збыту, распрацоўваць і вырабляць інавацыйную канкурэнтаздольную прадукцыю, прымяняць метады сучаснага менеджменту.

Лаўрэаты прэміі, якія ў тым ліку пацвердзілі гэтае званне, на працягу трох гадоў могуць выкарыстоўваць выяву эмблемы прэміі ў маркіроўцы тавараў, дакументацыі і ў рэкламных мэтах.

Былі таксама ўручаны дыпломы пераможцам конкурсаў “Лепшы менеджар па якасці” і “Лепшая дыпломная і навукова-даследчая работа студэнтаў у галіне менеджменту і кантролю якасці” за 2017 год.