Інавацыйная і высокатэхналагічная прадукцыя будзе прадстаўлена на Нацыянальнай экспазіцыі Беларусі

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

У Нацыянальнай экспазіцыі Беларусі на IV Форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі 29—30 чэрвеня ў Маскве прымуць удзел 84 беларускія арганізацыі, якія прадставяць каля 250 распрацовак і ўзораў інавацыйнай і высокатэхналагічнай прадукцыі. Аб гэтым паведамілі на выставачным прадпрыемстве “Белінтэрэкспа” Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Сярод прадстаўленых распрацовак і экспанатаў будуць прыборы дыстанцыйнай спектраскапіі для зандзіравання Зямлі, накапляльнікі энергіі новага пакалення, акуляры з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці, распрацоўкі ў ІТ-сферы, ультрагукавыя тэхналогіі і абсталяванне для кардыялогіі, транспланталогіі, анкалогіі, стаматалогіі. Будзе прэзентавана некалькі навінак электратранспарту: электрамабіль, створаны на базе Geely SC7 (распрацоўка Аб’яднанага інстытута машынабудавання НАН Беларусі), экалагічна чысты пасажырскі электробус (ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Белкамунмаш”), электразарадная станцыя для электрамабіляў (ААТ “Віцязь”).

Беспілотныя авіяцыйныя комплексы “Бусел М40” і “Буравеснік” з далёкасцю прымянення да 290 км прадэманструе Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі. УП “Геаінфармацыйныя сістэмы” НАН прэзентуе шматузроўневую сістэму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і Беларускі касмічны апарат (БКА), які дае магчымасць ажыццяўляць маніторынг тэхнагенных і прыродных надзвычайных сітуацый, ствараць тапаграфічныя і навігацыйныя карты, кантраляваць прыродныя рэсурсы, аб’екты меліярацыйнага фонду, сельскагаспадарчыя ўгоддзі.

Інстытут біяарганічнай хіміі НАН прадставіць проціпухлінныя прэпараты новага пакалення, якія выпускаюцца па ўласных арыгінальных тэхналогіях.

БРСМ прадставіць на выставе экспазіцыю фіналістаў Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Сярод экспанатаў — пальчатка-трэнажор для рэабілітацыі пасля інсульту. Спецыяльная пальчатка з убудаваным камп’ютарам прымушае мышцы рухацца, што дае магчымасць аўтаматызаваць працэс аднаўлення пацыентаў з парушэннямі маторыкі рук пасля цяжкіх захворванняў.

ААТ “Белкніга” і выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі” падрыхтавалі экспазіцыю, прысвечаную 500- годдзю беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, дзе будуць сабраны лепшыя кніжныя навінкі ўсіх тэматычных напрамкаў беларускіх выдавецтваў.

Будуць прадстаўлены распрацоўкі і праекты і ў іншых сферах дзейнасці.

Паколькі тэма форуму рэгіёнаў у гэтым годзе — “Вектары інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства”, асаблівая ўвага ў экспазіцыі ўдзелена наватарскім распрацоўкам і высокатэхналагічнай прадукцыі, а таксама сумесным беларуска-расійскім праектам.