Інавацыйны клімат творчага супрацоўніцтва

Фармат арганізацыі канікул гэтай вясной адчуў некаторыя змяненні. Аднак сумаваць школьнікам Лідчыны не даводзіцца. Большая частка мерапрыемстваў з навучэнцамі ва ўстановах як агульнай сярэдняй адукацыі, так і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праводзілася ў дыстанцыйнай форме. Пра гэта расказаў начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Генадзь Анатольевіч ВЛАДЫКА.

— Як у перыяд канікул было не закрануць пытанняў бяспечнай жыццядзейнасці і здаровага ладу жыцця навучэнцаў?! Гэта і фотарух “#Мы за ЗЛЖ!” у сацыяльных сетках, арганізаваны Лідскім раённым цэнтрам тэхнічнай творчасці. У Лідскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі арганізавана правя­дзенне блогінгу “Мой зварот да чалавека, які курыць” у сацыяльнай сетцы Instagram, а таксама ў іншых сацыяльных сетках падлеткі размясцілі свае заклікі да здаровага ладу жыцця.

Канікулы на аддаленні дазволілі навучэнцам наблізіцца да значных падзей у нашай краіне. Дадзены старт маладзёжнай ініцыятывы “Eye-stopper “Героямі не нараджаюцца” — збор матэрыялаў аб сваяках, ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, для размяшчэння ў групе “Навігатар” у VK і банера-расцяжкі да Дня Перамогі. Таксама па ініцыятыве раённага мала­дзёжнага парламента пачата акцыя “Пад салютам Вялікай Перамогі” па падрыхтоўцы святочнага флэш-мобу і афармленні віншавальных паштовак, сувеніраў ветэранам, жыхарам горада.

На сайце Лідскага РСПЦ для навучэнцаў створана рубрыка “Пакуль бацькі на рабоце”, якая змяшчае інфармацыйныя матэрыялы, гульні, розныя заданні, накіраваныя на актуалізацыю і пашырэнне ведаў па пытаннях прававой культуры і адказных паводзін непаўналетніх.

У перыяд вясновых канікул па запытах законных прадстаўнікоў на базе 20 устаноў адукацыі былі арганізаваны прышкольныя лагеры, у якіх аздаравілася больш за 500 дзяцей. У рабоце лагераў аддадзена перавага актыўным формам арганізацыі вольнага часу.

— Генадзь Анатольевіч, чым была адметная трэцяя чвэрць навучальнага года?

— Перш за ўсё выніковым удзелам нашых дзяцей у трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У скарбонцы раёна — 88 дыпломаў (на 4 больш, чым летась). Але мы не стаім на месцы і імкнёмся да таго, каб палепшыць гэты вынік. У рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару (канферэнцыі) па вучэбных прадметах навучэнка гімназіі № 1 Ліды заваявала дыплом II ступені.

У 8-х класах 4 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі нашага раёна, як і ў многіх школах вобласці і краіны, прайшлі рэспубліканскія кантрольныя работы. Па выніках аналізу правядзення рэспубліканскіх кантрольных зроблена выснова ў цэлым аб пацвярджэнні нашымі вучнямі вынікаў чвэрці.

Маштабным мерапрыемствам стала дэкада “Слаўлю Айчыну!”, прысвечаная 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Лідскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі разам з Лідскім тэлерадыёаб’яднаннем арганізаваў удзел вучняў у тэлепраекце “Памяць вогненных гадоў”, у межах якога навучэнцы расказваюць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і лёсах людзей. Навучэнцаў старшых класаў прыцягнуў клуб гістарычнай рэканструкцыі “Грыфон і Лілія” ў Лідскім РЦТДіМ, у якім прайшлі тэатральна-музычная пастаноўка “Палацавыя інтрыгі” і інтэрактыўная танцавальная пляцоўка “Крутуха”.

Значную ўвагу ўдзяляем рабоце з дзецьмі з парушэннямі развіцця, іх законнымі прадстаўнікамі. Так, у сакавіку 2020 года мы распрацавалі План развіцця інклюзіўнай адукацыі Лідскага раёна на 2020—2022 гады. У рамках рэалізацыі плана право­дзім мерапрыемствы па стварэнні адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя, безбар’ернага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, спорту, па фарміраванні талерантнага стаўлення да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з інваліднасцю.

— Якімі дасягненнямі вучняў і настаўнікаў раён ганарыцца?

— Найбольш яркае сярод вучэбных дасягненняў — гэта выхад нашых навучэнцаў на міжнародны ўзровень у алімпіядным руху па фізіцы. Паспяховае выступленне выпускніка сярэдняй школы № 17 Ліды Сяргея Лазы працягнуў дзесяцікласнік гэтай установы адукацыі Якаў Бакуновіч, у скарбонцы ўзнагарод якога — заваяваны ў лістападзе 2019 года сярэбраны медаль па выніках удзелу ў VII эксперыментальнай міжнароднай алімпіядзе па фізіцы. Падрыхтаваў вучняў Дзмітрый Аляксандравіч Цежык.

Нашы гімназісты заваявалі 3 дыпломы на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.

Па выніках 2019 года значна павялічылася колькасць дыпломаў, заваяваных навучэнцамі ў абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах па розных напрамках выхавання (іх больш за 400). Мы ганарымся і спартыўнымі дасягненнямі нашых навучэнцаў. На фінальных рэспубліканскіх спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы сярод дзяцей і падлеткаў “Шкаліяда” навучэнцы Лідскага раёна ў агульнакамандным заліку занялі 2-е месца.

Лічым паспяховым выступленне чатырох удзель­нікаў Лідскага раёна ў фінале абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Педагог сярэдняй школы № 11 Ліды Д.А.Малышава стала пераможцай абласнога фестывалю творчых лабараторый класных кіраўнікоў (куратараў вучэбных груп) “Разам да поспеху!”.

— Як педагогі павышаюць свой прафесійны ўзровень у міжкурсавы перыяд?

— Работа з педагагічнымі кадрамі ў міжкурсавы перыяд ажыццяўляецца праз дзейнасць 44 прафесійных метадычных фарміраванняў педагогаў раёна, 4 абласных і 14 раённых рэсурсных цэнтраў, 4 апорных школ па інтэграваным навучанні і выхаванні. Арганізавана работа 30 сеткавых суполак педагогаў раёна.

У рабоце з педагогамі выкарыстоўваем актыўныя формы метадычнага ўзаемадзеяння: метадычную панараму, педагагічны форум, фестываль педагагічнага майстэрства, педагагічную канферэнцыю. Праводзім мэтанакіраваную работу па арганізацыі і выніковай дзейнасці эксперыментальных і інавацыйных пляцовак рэспубліканскага ўзроўню. У бягучым навучальным годзе 26 устаноў адукацыі працуюць у такім рэжыме, што дазваляе стварыць асаблівы інавацыйны клімат у сумеснай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў.

Штогод педагагічная грамадскасць раёна папаўняецца каля 60 маладымі спецыялістамі. На ўдасканаленне іх прафесійных уменняў і навыкаў накіравана дзейнасць школы маладога спецыяліста “Станаўленне”, метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-прадметнікаў. Ва ўстановах адукацыі наладжана настаўніцтва, арганізавана супрацоўніцтва з Лідскім каледжам ГрДУ імя Янкі Купалы. Паказчык замацаванасці маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы ў 2019 годзе ў Лідскім раёне склаў 82,3%. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці.

— Што ў прыярытэце для сістэмы адукацыі раёна сёлета? Што вас больш за ўсё хвалюе як кіраўніка?

— Напрамкаў у рабоце шмат. Усе вельмі важныя. З найбольш прыярытэтных вылучыў бы здароўе нашых навучэнцаў, бяспечнае іх знаходжанне ва ўстановах адукацыі, вядома ж, канкурэнтаздольнасць нашых выпускнікоў. Намі зроблены крокі па пашырэнні сеткі профільных класаў прафесійнай накіраванасці.Толькі колькасць педагагічных класаў (груп) вырасла больш чым у 2 разы (10). Праводзім работу па адкрыцці з наступнага навучальнага года класаў (груп) спартыўна-педагагічнай накіраванасці. У гэтым кірунку адна з асноўных задач, якая мяне як кіраўніка хвалюе, — паступленне нашых выпускнікоў на адпаведныя спецыяльнасці ва УВА.

Спадзяюся на далейшае плённае супрацоўніцтва з Паркам высокіх тэхналогій. Новы імпульс, упэўнены, надасць сістэме адукацыі Лідчыны ўключэнне з 2019 года Ліды ў лік 11 гарадоў Беларусі, у якіх рэалізуецца комплексны план паскоранага развіцця раёна да 2020 года, закліканы вырашыць ключавыя праблемы рэгіёна, у тым ліку ў сферы адукацыі.

Самае галоўнае ў рабоце педагога, каб нашы вучні, заканчваючы школу, на пытанне “Для чаго ты вучышся?” з гордасцю маглі адказаць: “Я планую прымяніць свае веды, уменні і навыкі на карысць сваёй краіны, я ёй патрэбны, яна пра мяне клапоціцца, у маіх руках — яе будучыня!”.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.