Інавацыйны цэнтр у канцэптуальным выкананні

Новы корпус Беларуска-Расійскага ўніверсітэта будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў верасні гэтага года. Ён стане своеасаблівым інавацыйным цэнтрам, які павысіць якасць вучэбна-адукацыйнага працэсу і палепшыць навукова-даследчы патэнцыял установы. Урачыстае адкрыццё будынка прымяркуюць да 5-га Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адбудзецца ў Магілёве 11—12 кастрычніка.

— Будаўніцтва новага 9-павярховага корпуса пачалося яшчэ ў 2009 годзе, але ў сувязі з недахопам фінансавання было прыпынена на некаторы час, — паведаміў прарэктар БРУ Сяргей Аркадзьевіч Дзяругін. — Работа аднавілася з 1 студзеня бягучага года дзякуючы мэтавым сродкам, выдзеленым з фонду прэзідэнта. Акты ўводу аб’екта ў эксплуатацыю плануецца падпісаць 15 верасня.

Па словах суразмоўцы, на будаўніцтва новага корпуса выдзелена больш за 10 млн рублёў. Гэтыя грошы пацверджаны праектна-каштарыснай дакументацыяй і пакрыюць усе выдаткі на будаўніцтва і аздабляльныя работы, набыццё мэблі і неабходнага абсталявання, устаноўку відэа- і аўдыясістэм, пажарна-ахоўнай сігналізацыі і інш.

— На сённяшні дзень універсітэту належыць 6 будынкаў, у тым ліку адзін займае ліцэй БРУ, — працягвае Сяргей Аркадзьевіч. — Плошча ўсіх навучальных і лабараторных карпусоў разам з калідорамі, лесвіцамі і дапаможнымі памяшканнямі складае 47,7 тысячы м2, а вось плошча навукова-даследчых лабараторый — усяго 1841 м2. У працэнтных суадносінах навукова-даследчая плошча складае ўсяго 3,8%. Вядома, гэта мала. У той жа час у новым корпусе, які стане сёмым па ліку, не будзе вялікіх аўдыторый і лекцыйных залаў, разлічаных на 100 і больш чалавек, як у іншых карпусах. Тут на 7570 квадратах размесцяцца ў асноўным навукова-даследчыя і навучальныя лабараторыі.

На цокальным паверсе абсталююць гардэроб і навучальныя лабараторыі. Другі паверх з вялікім вестыбюлем зойме актавая зала на 350 пасадачных месцаў з пакоем прэзідыума для правядзення навуковых канферэнцый, семінараў і сімпозіумаў. Таксама тут запраектавана сталовая-кафэ для студэнтаў. Пачынаючы з трэцяга паверха, у будынку размесцяцца навучальныя і навуковыя лабараторыі, а таксама аўдыторыі з сучасным абсталяваннем.

Сярод перспектыўных лабараторый з найноўшымі інавацыйнымі тэхналогіямі, якія будуць працаваць на базе новага корпуса — “Валаконна-аптычная дыягностыка”, “Фізіка паверхні і тонкаплёнкавых структур”, “Тэрмамеханічныя і ліцейныя тэхналогіі”, “Плазменная тэхналогія”, “Адытыўная тэхналогія”, якая дазваляе сінтэзаваць аб’ект з дапамогай камп’ютарных 3D-тэхналогій. Таксама ў будынку размесціцца навукова-практычны цэнтр “Тэхнасферная бяспека”, які будзе рыхтаваць спецыялістаў у галіне аховы працы і гарантавання прамысловай бяспекі.

Па словах прарэктара, гэта вельмі перспектыўныя напрамкі, разлічаныя на доўгатэрміновую праграму развіцця ўстановы вышэйшай адукацыі. Распрацоўкі ў гэтых сферах карыстаюцца высокім попытам, асабліва ў сучаснай прамысловай вытворчасці. Універсітэцкія навукоўцы ўжо актыўна працуюць у гэтых напрамках і ў найбліжэйшай будучыні плануюць атрымаць істотны эканамічны эфект. У гэтым дапамогуць не толькі новыя навукова-даследчыя плошчы, але і перадавое абсталяванне, якое будзе на іх размешчана.

— З 2014 года навучальная ўстанова ўдзельнічае ў Праграме развіцця славянскіх універсітэтаў, якая рэалізуецца Міністэрствам адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі, — адзначыў Сяргей Дзяругін. — Па гэтай праграме універсітэт атрымліваў добрую фінансавую дапамогу на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы. Так, закуплялася найноўшае абсталяванне, частка якога ўжо ўдзельнічае ў вучэбным працэсе. Самыя апошнія набыткі канца мінулага — пачатку гэтага года яшчэ не распакаваны і будуць устаноўлены ўжо ў новым корпусе.

Дарэчы, знешні выгляд будынка заслугоўвае асобнай увагі: ён стане своеасаблівым будаўнічым арт-аб’ектам, размешчаным у самым цэнтры Магілёва. Фасадную частку выканаюць з суцэльнага вітражнага шкла ў выглядзе кабіны самазвала. Тут будзе выразна выдзелены выступаючы наперад капот аўтамабіля — першыя паверхі корпуса, а таксама “фары” — запасныя пажарныя выхады з круглымі вітражамі. Канструкцыя будзе дапоўнена і іншымі элементамі, стылізуючымі будынак пад “галаву” вялікагруза. Гэта тэхнічна цікавае рашэнне, якое адсылае да першай назвы навучальнай установы — Машынабудаўнічы інстытут.

Работа на аб’екце ўваходзяць у завяршальную фазу: ужо цалкам закрыты контур будынка, пачаліся аздабляльныя работы. У хуткім часе будзе добраўпарадкавана і тэрыторыя каля корпуса. Тут размесцяцца зоны адпачынку і спартыўныя пляцоўкі.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *