Інавацыйныя практыкі ў інтарэсах устойлівага развіцця

- 14:20Адукацыйная прастора

Сярод мноства пытанняў, якія хвалююць сучасную школу, цэнтральнае месца займае пытанне пра тое, што робіць яе эфектыўнай і паспяховай. Безумоўна, пошук адказу на яго немагчымы без канкрэтызацыі педагагічным калектывам сваіх уяўленняў пра будучыню: кожная ўстанова адукацыі ставіць перад сабой перспектыўныя мэты і вызначае задачы, якія стараецца вырашыць якасна. Разам з тым уяўленне пра будучыню і мэта, якая пазначана ў гадавым плане школы, — гэта рэчы рознага парадку. З гэтым феноменам прыйшлося сутыкнуцца педагагічнаму калектыву гімназіі Шчучына на пачатковым этапе свайго існавання.

У 2004 годзе педагагічны і вучнёўскі калектывы гімназіі сфарміраваліся з прадстаўнікоў школьных суполак Шчучынскага раёна. Трэба было хутка і зладжана ўвайсці ва ўжо існуючую адукацыйную сістэму і апраўдаць пры гэтым чаканні, ускладзеныя на ўстанову новага адукацыйнага тыпу — гімназічнага. Арганізацыя інавацыйнай дзейнасці педагагічнага калектыву стала ўмовай і сродкам фарміравання ў гімназіі жаданага вобраза адукацыйнага асяроддзя. Выбар канкрэтнага кірунку інавацыйнай дзейнасці абумоўліваўся патрэбамі і рэаліямі развіцця гімназічнага жыцця.

Разуменне таго, што з першага дня свайго існавання гімназія Шчучына з’яўляецца абсалютнай школай выбару выпускнікоў першай ступені адукацыі і іх бацькоў (таму што не мае сваёй пачатковай школы і прымае выпускнікоў першай ступені адукацыі з іншых устаноў), зрабіла для нас надзвычай актуальнай задачу забеспячэння паспяховай адаптацыі пяцікласнікаў да новых умоў навучання пры фарміраванні імі цэласнага погляду на свет, заснаванага на ўсведамленні сваёй унікальнасці і ўзаемасувязі з усім светам. Гэта прывяло калектыў гімназіі да ўключэння ў 2007 годзе ў інавацыйны праект па стварэнні інтэграванага міжпрадметнага вучэбна-выхаваўчага факультатыўнага курса для навучэнцаў 5-х класаў “Я ва ўсім і ўсё ўва мне” (навуковы кансультант загадчык кафедры інфарматыкі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі А.Я.Пупцаў).

Змест курса ўключае ў сябе наступныя модулі: “Ты і твой свет”, “Ты і тваё асяроддзе”, “Ты і твая сям’я”, “Ты і твой музей” — і характарызуецца высокай ступенню інтэграцыі рознапрадметных ведаў у працэс адаптацыі навучэнцаў да вучэбна-даследчай дзейнасці і гімназічнага ладу жыцця, які характарызуецца непадзельнасцю навучання і выхавання. На працягу многіх гадоў вывучэнне курса пяцікласнікамі спрыяе не толькі іх паспяховай сацыялізацыі ў новых умовах навучання, але і засваенню метадаў пазнання ў новай для іх навучальнай установе як школе ўстойлівага развіцця, садзейнічае выбудоўванню паўнавартаснай камунікацыі не толькі ўнутры класнага калектыву, але і паміж вучнямі і педагогамі, а таксама ўключэнню новага класнага калектыву ў цэласную сістэму дзейнасці гімназіі ў інтарэсах устойлівага развіцця.

На наступным этапе, у 2008 годзе, гімназіяй быў распрацаваны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі ўстойлівага развіцця ўстановы ў сістэму работы педагагічнага калектыву для павышэння якасці навучання і выхавання навучэнцаў” (навуковы кансультант — С.Б.Савелава, дацэнт кафедры кіравання ў сферы адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі; каардынатар праекта гімназіі — Алена Яўгенаўна Лісоўская). У рамках гэтага праекта адбылася трансфармацыя арганізацыі жыцця гімназіі на аснове каштоўнасцей устойлівага развіцця і прынцыпаў экадружалюбнасці. Тады ж прайшла і першая сертыфікацыя гэтай дзейнасці: гімназія Шчучына атрымала сертыфікат “Белы бусел” аб адпаведнасці патрабаванням экалагічнага менеджменту асяроддзя арганізацыі жыцця ўдзельнікаў гімназічнай суполкі.

Паглыбленне інавацыйнай дзейнасці ў напрамку арганізацыі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця (АУР) працягнулася ў рамках праекта “Укараненне мадэлі экалагічнага менеджменту ў адукацыйны працэс установы агульнай сярэдняй адукацыі”. Гэтая работа спрыяла трансфармацыі арганізацыі адукацыйнай дзейнасці ўдзельнікаў адкрытай гімназічнай суполкі, выхаду актыўнасці гімназістаў у мясцовую суполку, развіццю партнёрскіх сувязей і ладу жыцця ўстановы на аснове прынцыпаў устойлівага развіцця.

Пастаянная рэалізацыя праектных ініцыятыў падчас інавацыйнай дзейнасці, у тым ліку міжнародных (праекты “Энергаэфектыўнасць: вырашаем праблемы разам”, “Жывая гісторыя майго краю” і інш.), прывяла да з’яўлення гімназічных комплексна-мэтавых праграм: “Экалагічны менеджмент”, “Экалогія душы — экалогія жыцця”, “Энергазберажэнне”, “Спадчына”, “Адукацыя без меж”. Станаўленне гімназіі як сацыяльна актыўнай школы, фарміраванне адкрытай адукацыйнай прасторы, трансляцыя вопыту рэалізацыі інавацыйных праектаў сталі асновамі для атрымання гімназіяй статусу Гродзенскага абласнога рэгіянальнага цэнтра комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця (АУР) і школьных мясцовых нарад — 21.

Падчас ажыццяўлення названых праектаў адбылася змена сістэмы кіравання дзейнасцю гімназіі: стаў фарміравацца калектыўны суб’ект кіравання інавацыйнымі працэсамі праз удзел прадстаўнікоў педагагічнага і вучнёўскага калектываў у кіраванні адукацыйным працэсам гімназіі ў цэлым. Ключавымі механізмамі вырашэння гэтых задач выступілі забеспячэнне падтрымкі даросла-дзіцячых ініцыятыў у інтарэсах устойлівага равіцця мясцовай суполкі і развіццё валанцёрскага руху.

Станаўленню калектыўнага суб’екта кіравання гімназіяй спрыяла з’яўленне нароўні з традыцыйнымі структурамі кіравання (апякунскі, педагагічны, навукова-метадычны саветы, прадметныя метадычныя аб’яднанні) такіх кіраўніцкіх структур, як кіруючы савет сістэмы экалагічнага менеджменту і каардынацыйны савет абласнога рэсурснага цэнтра комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця і школьных мясцовых нарад — 21. Сёння дзейнасць традыцыйнай заканадаўчай структуры — савета гімназіі, які вызначае яе ўнутраную і знешнюю палітыку, удала дапаўняецца арганізацыяй дзейнасці органаў выканаўчай улады — кіруючых саветаў, што забяспечваюць ажыццяўленне асобнай палітыкі нашай арганізацыі.

Кіруючы савет сістэмы экалагічнага менеджменту ў гімназіі адказвае за паўнавартасную рэалізацыю экалагічнай палітыкі. Гэтая структура курыруе і рэалізацыю гімназічнай праграмы “Экалогія душы — экалогія жыцця”. Савет экалагічнага менеджменту каардынуе дзейнасць рабочых груп, якія складаюцца з педагогаў, навучэнцаў і тэхнічнага персаналу, арганізаваных па найважнейшых экалагічных аспектах (энергазберажэнне, раздзельны збор смецця, расходаванне цеплавой энергіі, вады і г.д.).

Вынікам гэтай дзейнасці стала атрыманне пяццю педагогамі гімназіі пасведчанняў грамадскіх эколагаў, выдадзеных Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. У 2015 годзе дыпломам ІІІ ступені рэспубліканскага конкурсу грамадскіх эколагаў адзначана работа настаўніцы нямецкай мовы Т.І.Гарохавай. Гімназія Шчучына таксама ўвайшла ў дзясятку лепшых школ свету па выніках ІІ Сусветнай алімпіяды па пасадцы дрэў ENO Treelympics — 2015, арганізаванай у рамках праграмы “Экалогія ў рэжыме рэальнага часу” пры падтрымцы аддзялення Пасольства Фінляндыі ў Рэспубліцы Беларусь і глабальнай сеткі школ за ўстойлівае равіццё ENO.

Вельмі важным рэсурсам устойлівага равіцця гімназічнай суполкі выступае гімназічны музей “Гісторыя адукацыі Шчучыншчыны”, які адыгрывае вызначальную ролю ў рэалізацыі гімназічнай праграмы “Спадчына”. Музей быў створаны падчас інавацыйнай работы і абсталяваны ў выніку пазабюджэтнай дзейнасці членаў творчай групы. Савет музея ініцыіраваў у 2011 годзе рэспубліканскі інтэрнэт-праект “След чалавека — след жыцця”, у якім удзельнічалі 28 устаноў адукацыі рэспублікі. Па яго выніках у гімназіі была праведзена Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Прырода і адукацыя: праблемы ўстойлівага развіцця”, прысвечаная 250-годдзю С.Б.Юндзіла. Правядзенне гэтага інтэрнэт-праекта стала традыцыйным, і ў 2017 годзе ён быў прысвечаны дзейнасці Ф.Скарыны. У праекце прыняла актыўны ўдзел партнёрская сетка школ устойлівага развіцця рэспублікі.

У працяг інтэрнэт-праекта былі праведзены рэспубліканскія навукова-літаратурныя чытанні, прысвечаныя 500-годдзю Шчучына і 500-гадоваму юбілею з дня выхаду першай друкаванай кнігі Ф.Скарыны “Псалтыр”. Асаблівай падзеяй мерапрыемства стала прэзентацыя друкаванага станка па ўзоры скарынаўскага, выкананага шчучынскімі майстрамі. Безумоўна, гэтая падзея аказала ўплыў на далейшае развіццё адукацыйных традыцый Шчучыншчыны.

Функцыі кіруючага савета па рэалізацыі камунікатыўнай палітыкі гімназіі Шчучына выконвае клуб аматараў замежнай мовы X-tream — арганізатар гімназічнай праграмы “Адукацыя без меж”. З мэтай прыцягнення дадатковых адукацыйных магчымасцей савет клуба арганізоўвае ўдзел гімназістаў у міжнародных інтэрнэт-праектах, па выніках якіх на працягу ўжо 10 гадоў навучэнцы і педагогі пастаянна адпраўляюцца ў замежныя адукацыйныя паездкі. Менавіта гэты кірунак інавацыйнай дзейнасці дапамог калектыву гімназіі эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці фармальнай і нефармальнай адукацыі для пашырэння і рэалізацыі сваіх адукацыйных запатрабаванняў.

З мэтай пошуку зацікаўленых прадстаўнікоў соцыуму і рэгіянальных школьных суполак у рэалізацыі сумесных ініцыятыў значна пашырылася інфармацыйная прастора гімназіі, якая ўключае сёння сайт (gymn-schuchin.schools.by), блогі “Гродзенскі абласны рэсурсны цэнтр комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця і школьных мясцовых нарад — 21” (rc-shchuchin.blogspot.com), “Віртуальны метадычны кабінет ДУА “Гімназія Шчучына” (metodkabinetgymn.blogspot.com), настаўнікаў замежнай мовы — прадстаўнікоў раённага рэсурснага цэнтра па замежных мовах (gymnasiaintouch.blogpost.com). Інфармацыйную падтрымку станаўлення экадружалюбнага асяроддзя ажыццяўляе блог “Выхаваўчая работа” (vospitrabota.blogpost.com), а таксама інтэрнэт-старонка “Валанцёрскі атрад” у гэтым блогу.

Пералічаныя інфармацыйныя рэсурсы, створаныя і ўдасканаленыя падчас інавацыйнай дзейнасці, маюць двухбаковую структуру: першы ўзровень забяспечвае метадычную падтрымку педагогаў гімназіі, аператыўнае размяшчэнне інфармацыі для членаў гімназічнай суполкі. Другі ўзровень забяспечвае трансляцыю вопыту інавацыйнай работы, узаемадзеянне з прадстаўнікамі школьных суполак раёна, вобласці, рэспублікі, прадстаўнікамі соцыуму (сайт гімназіі, блогі раённага РЦ, інтэрнэт-старонка “Экамайстэрня гімназіі Шчучына”).

Новым этапам па ўкараненні і распаўсюджванні ідэй устойлівага развіцця не толькі ў гімназічнай, але і ў мясцовай суполцы стала рэалізацыя рэспубліканскага інава-цыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця ў мэтах фарміравання творчага патэнцыялу навучэнцаў” (2017—2020 гг.). Ключавым механізмам арганізацыі яго дзейнасці выступіла інтэграцыя метадалогіі навуковых крам у дзейнасць гімназіі як рэсурснага цэнтра па АУР.

Вольга ГУДЗЕНЬ,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
гімназіі Шчучына Гродзенскай вобласці.