Інавацыя — стратэгія развіцця для настаўніка і вучня

- 14:30Адукацыйная прастора

Пачатак гэтага тыдня быў азнаменаваны першым рэспубліканскім фестывалем інавацыйнага педагагічнага вопыту “Інавацыі як стратэгіі развіцця”. Ён быў арганізаваны па ініцыятыве і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі нашай краіны, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, грамадскага аб’яднання “Беларускае педагагічнае таварыства”. Як заўважылі ў АПА, пры арганізацыі гэтага мерапрыемства кіраваліся мэтай распаўсюджвання інавацыйнага педагагічнага вопыту як эфектыўнага навучальнага рэсурсу педагагічных работнікаў устаноў адукацыі краіны.

У многіх установах адукацыі Беларусі інавацыі ўжо даўно рэалізоўваюцца, бо менавіта яны дапамагаюць раскрываць унутраны патэнцыял не толькі ўстановы, але і вучнёўска-педагагічнага калектыву. Цікавасць да новага кіруе кожным чалавекам, а настаўнікі працуюць на апярэджванне. Важна, каб прагу да новага, інавацыйнага адчуваў кожны вучань. Інакш мы рызыкуем моцна адстаць. Фестываль паказаў, што мы ў трэндзе педагагічных інавацый.

Два фестывальныя дні (10 і 11 снежня) прайшлі незаўважна. У дадзеным маштабным мера­прыемстве прыняло ўдзел больш за 250 педагогаў з усіх рэгіёнаў краіны, а вопытам падзяліліся педагогі 66 устаноў адукацыі. Удзельнікі фестывалю адзначылі важнасц­ь падобнага мерапрыемства, якое дазваляе не толькі падзяліцца вопытам, але і атрымаць новы імпульс для развіцця ўстановы адукацыі.

Фестываль пачаўся выставай матэрыялаў і прадуктаў інавацыйнай дзейнасці ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены вынікі інавацыйнай дзейнасці, спецыяльная літаратура. У сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў фестывалю рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Андрэй Манастырны анансаваў вялікую колькасць цікавых пляцовак для сустрэч, дыскусій і абмену вопытам. І трэба адзначыць, што Андрэй Пятровіч не памыліўся: фестываль удаўся. Адчуванне ўцягнутасці ў важны і актуальны працэс не знікала з раніцы да вечара.

У рамках работы фестывалю былі праведзены розныя па форме мерапрыемствы: бліцпанарама інавацыйнага педагагічнага вопыту “Ад інавацыйнай ідэі — да абноўленай адукацыйнай практыкі”, ток-шоу “Інавацыі ў сферы адукацыі як рэсурс вырашэння педагагічных і сацыякультурных праблем” з удзе­лам кансультантаў інавацыйных праектаў, прадстаўнікоў часопіса “Народная асвета” і “Настаўніцкай газеты”, метадычны форум інавацыйных ідэй устаноў адукацыі, якія рэалізоўваюць інавацыйны праект “Укараненне мадэлі Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”, брыфінг з удзелам прадстаўнікоў рэгіёнаў, навукова-педагагічнага часопіса “Народная асвета” і “Настаўніцкай газеты” “Інавацыйныя працэсы ў адукацыі рэгіёна, ці Рэгіянальны партрэт у інавацыйным фармаце”, а таксама майстар-класы і творчыя справа­здачы ўстаноў адукацыі.

***

Бліцпанарама ўключала творчае самапрадстаўленне інавацыйных каманд з розных устаноў адукацыі краіны. У прыватнасці, ужо ўсім вядомы Рэчыцкі раённы ліцэй праспяваў пра вынікі свайго інавацыйнага праекта па фінансавай дасведчанасці. У праекце ліцэй ужо тры гады, за якія як педагогі, так і ліцэісты сталі не проста фінансава падкаванымі. У навучальнай установе сабраны ўнікальны вопыт, а метадычная скарбонка папоўнілася кантэкставымі задачамі па матэматыцы, анкетамі, рэбусамі, крыжаванкамі і іншымі цікавымі і пазнавальнымі заданнямі.

Гімназія № 1 Наваполацка пазіцыянуе сябе школай, дзе паспяховы кожны. У гімназіі працавалі ў межах інавацыйнага праекта “1+1” (1 камп’ютар, 1 вучань), які дапамог кожнаму ўдзельніку адукацыйнага працэсу ўзняцца на прыступку вышэй. Гімназісты становяцца пераможцамі алімпіяд і конкурсаў. Сярод педагогаў — тры фіналісты конкурсу “Настаўнік года”. Білінгвістычная франкафонная секцыя гімназіі была ўдастоена знака якасці Міністэрства адукацыі Францыі Label France Education.

Прадстаўнікі спецыяльнай агульна­адукацыйнай школы для дзяцей з парушэннем псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні) Магілёва адзначылі, што ўдзел у інавацыйнай дзейнасці ўзнімае статус навучальнай установы, робіць вучняў канкурэнтаздольнымі, павышае іх вучэбную матывацыю.

Жодзінская жаночая гімназія рэалізоўвае інавацыйныя праекты на працягу 10 гадоў. Цяпер тут вывучаюць медыядасведча­насць. Сучаснае адукацыйнае асяроддзе — гэта ў тым ліку інтэрнэт, таму ўменне шукаць праўдзівую і патрэбную інфармацыю вельмі актуальнае.

Гімназія № 14 Мінска з беларускай мовай навучання з’яўляецца рэсурсным цэнтрам, у якім арганізоўваецца і ажыццяўляецца работа па прапагандзе перспектыўнага педагагічнага вопыту (выставы, інфармацыйны сайт і інш.), таму інавацыйная дзейнасць для гэтай установы адукацыі — справа традыцыйная.

***

Цікавым і змястоўным было ток-шоу. Прыцягальнай стала сама форма, якая ўрэшце дапамагла арганізаваць нефармальную дыскусію па праблемных пытаннях, звязаных з рэалізацыяй інавацыйных праектаў. Гаворачы пра ролю інавацый у сучасным свеце і адукацыі, загадчыца кафедры педагогікі, псіхалогіі і прыватных методык Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі кандыдат педагагічных навук Алена Гелясіна адзна­чыла, што інавацыі — пульс сучаснага жыцця.

“Або мы імчым са светам з яго хуткасцю, або катастрафічна адстаём. Цяпер у свеце адбываецца пераход да 6 тэхналагічнага ўкладу, таму збаўляць абароты нельга. Удзел у інавацыйнай дзейнасці дапамагае трымаць сябе ў прафесійным тонусе. Інавацыйным чалавек можа стаць толькі ў інавацыйным асяроддзі. Інавацыйнае мысленне фарміруецца ва ўсіх удзельнікаў інавацыйнага працэсу. Інаватыка неабходна для таго, каб падрыхтаваць нашых дзяцей да будучыні. Інавацыя — гэта сродак фарміравання кампетэнцый”, — адзначыла Алена Гелясіна.

Эксперты падсумавалі, што ідэальна, калі інавацыя будзе сінтэзавацца з традыцыямі ў педагогіцы. Разам з ivashka.irina@ng-press.by тым, было заўважана, што час монатэорый у педагогіцы прайшоў.

На тэхналогіі работы над інавацыйным праектам спынілася дацэнт кафедры педагогікі факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка кандыдат педагагічных навук Людміла Варанецкая. Людміла Мікалаеўна засяродзілася на магчымых крыніцах для ідэі інавацыйнага праекта. Па яе меркаванні, яна павінна брацца з фундаментальных навуковых даследаванняў.

Прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі доктар педагагічных навук Галіна Іванаўна Нікалаенка заўважыла, што выбар інавацыйнай тэмы — працэс няпросты. Часта прапанаваныя тэмы не зацвярджаюцца, бо неактуальныя, паўтараюцца або некарэктныя. “Мы павінны перайсці ад разрозненых інавацыйных праектаў да агульнай прасторы інавацыйнай дзейнасці. Інавацыі маюць вялікае значэнне ў развіцці адукацыі, таму нам трэба аб’ядноўвацца”, — рэзюмавала Галіна Іванаўна.

 Акрамя таго, удзельнікі ток-шоу абмеркавалі ролю кансультанта інавацыйнага праекта, які па агульным прызнанні павінен быць лакаматывам для інавацыйнай каманды ўстановы адукацыі. Рэалізоўваючы інавацыю, трэба мець на ўвазе і рызыкі, з якімі давядзецца сутыкнуцца. Прарэктар па вучэбнай рабоце АПА, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Ірына Аляксандраўна Дзюба агучыла магчымыя рызыкі на этапе рэалізацыі інавацыйнага праекта:

  • непрыняцце інавацыі педагагічным калектывам;
  • немагчымасць сфарміра­ваць агульную каманду інавацыйнага праекта;
  • скажэнне і падмена паняццяў інавацыйнага праекта;
  • адсутнасць інавацыйнага прадукту;
  • суб’ектыўныя прафесійныя рызыкі (ментальныя, матэрыяльныя і інш.).

Прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА кандыдат педагагічных навук Мікалай Іванавіч Запрудскі адзначыў, што падчас інавацыйнай дзейнасці могуць узнікаць псіхалагічная, сацыяльная і дыдактычная рызыкі, і звярнуў увагу на значэнне бацькоўскага меркавання ў адносінах да рэалізацыі інавацыйнага праекта. “Інавацыі, якія не прымаюцца бацькамі, могуць выклікаць сацыяльную напружанасць, таму на старце праекта неабходна праводзіць работу з бацькамі, каб яны разумелі карысц­ь ад прапануемых інавацый. Акрамя таго, інавацыйныя працэсы могуць прыводзіць да зніжэння якасці адукацыйнага працэсу. Каб такога не адбывалася, дыдактычныя сістэмы настаўнікаў павінны добра ўпісвацца ў інавацыйныя працэсы. Рэцэпт мінімізацыі рызык просты: магчымасць ва ўсіх удзельнікаў інавацыйнага праекта адкрыта звяртацца да інфармацыі”, — зазначыў Мікалай Іванавіч.

“Так, мы рызыкуем, але рызыка — справа высакародная, — далучылася да гутаркі дырэктар гімназіі № 1 Мінска імя Францыска Скарыны кандыдат педагагічных навук Наталля Бушная. — Інавацыйная дзейнасць — гэта магчымасць росту для кожнага педагога, таму інавацыя — гэта магчы­масць, а не небяспека. Рызыкі будуць мінімальныя, калі прытрымлівацца сістэм­насці, паслядоўнасці і навуковасці”.

Рызыкамі трэба вучыцца прафесійна кіраваць, бо інавацыя не работа па алгарытме. Здараецца ўсялякае. Каб працэс ішоў, іншым разам можна і рызыкнуць. Звычайна прафесіяналы маюць добрую інтуіцыю.

Далей удзельнікі ток-шоу адказвалі на пытанне: “Інавацыя — гэта працэс або вынік?” Загадчыца кафедры дыдактыкі і прыватных методык Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Валянціна Гірына лічыць, што працэс і вынік з’яўляюцца адзіным цэлым. “Галоўнае — інавацыя не павінна шкодзіць дзіцяці”, — заўважыла Валянціна Мікалаеўна. Намеснік галоўнага рэдактара навукова-педагагічнага часопіса “Народная асвета” Святлана Мазурына адзначыла, што ўдзельнікі інавацыйнага праекта павінны вучыць сваіх калег таму, чаму навучыліся самі. Працэс не павінен спыняцца.

У гэтым кантэксце актуальным з’яўляецца абагульнены інавацыйны вопыт. Як заўважыў начальнік Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА Іван Фёдараў, яго інавацыйны вопыт не трэба блытаць з педагагічным. Гэта розныя рэчы. Разам з тым Іван Віктаравіч звярнуў увагу на праблему свабоднага доступу да вынікаў інавацыйнай дзейнасці. “Дзе можна азнаёміцца з вашым інавацыйным вопытам? Дзе ўбачыць метадычны прадукт, які быў атрыманы ў выніку інавацыйнай дзейнасці?” — звярнуўся да залы Іван Фёдараў.

Тут жа, карыстаючыся магчымасцю, хачу адказаць Івану Віктаравічу: з некаторымі вынікамі асобных інавацыйных праектаў можна азнаёміцца на старонках “Настаўніцкай газеты”. Мы не можам іх друкаваць у поўным аб’ёме, але заўсёды выбіраем практыка-арыентаваныя вынікі. Звяртаем увагу і на матывацыйныя матэрыялы, бо інавацыя — гэта яшчэ і матывацыя, унутраная і знешняя, таму, думаю, усім цікава, як інавацыйная каманда дасягнула такога поспеху, што ёй давялося пера­адолець на гэтым шляху.

І размова не толькі пра арганізацыйныя, тэхналагічныя і матэрыяльныя пытанні. Тут важнае значэнне набывае ўнутраная (асабістая) рэвалюцыя настаўніка. Інавацыйнае мысленне з’яўляецца не адразу. Многім даводзіцца змагацца самім з сабой, таму нам вельмі цікава, як педагог здолеў перамагчы сябе, каб узняцца на прыступку вышэй. Чакаем вашых думак, паважаныя калегі!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.