Інавацыя ў дзеянні

Сучасная сістэма адукацыі арыентавана на пастаяннае павышэнне кампетэнтнасці педагога як галоўнага фактара павышэння якасці адукацыі, на неабходнасць рэфлексіўнага асэнсавання настаўнікам уласнай педагагічнай практыкі. Усведамляючы неабходнасць навучальнай установы рухацца наперад, наша школа ў 2016 годзе далучылася да рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі рэфлексіўнай дыягностыкі прафесійнай дзейнасці як сродку праектавання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі педагога”.

Праект рэалізаваны. Можна падсумаваць вынікі і адка­заць перш за ўсё самім сабе на пытанне: якія каштоўнасна-сэнсавыя ўстаноўкі засвоены педагогамі, наколькі павысіўся ўзровень педагагічнай дзейнасці і педагагічнага вопыту, як у працэсе інавацыі змянілася канкурэнтаздольнасць установы адукацыі ў адукацыйнай прасторы раёна?

Трэба адзначыць, што школа ўжо мела станоўчы вопыт інавацыйнай дзейнасці: гэта чацвёрты праект, які быў удала рэалізаваны ва ўстанове. У сувязі з гэтым стварыць інавацыйную каманду было даволі лёгка, у яе ўвайшлі педагогі, матываваныя на дасягненне вяршынь прафесіяналізму. У складзе інавацыйнай групы ўсяго сем настаўнікаў, аднак для кожнага з іх інавацыйная дзейнасць стала эфектыўным этапам на шляху да педагагічнага майстэрства. Даныя дыягностыкі матываў інавацыйнай дзейнасці сведчаць пра тое, што змянілася матывацыя педагогаў: калі ў пачатку рэалізацыі праекта пераважалі прафесійныя матывы, то на заключным этапе сталі пераважаць матывы асабістай самарэалізацыі.

Настаўнік гісторыі Т.І.Ганчарэвіч стала пераможцай раённага конкурсу распрацовак урокаў з выкарыстаннем ІКТ. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры А.А.Лобач атрымала дыплом I ступені на раённым этапе конкурсу “Малады спецыяліст XXI стагоддзя”. Два настаўнікі абагульнілі вопыт педагагічнай дзейнасці, тры педагогі павысілі сваю кваліфікацыйную катэгорыю. Інавацыйны педагагічны вопыт трансліраваўся праз публікацыі  ў “Свіслацкай газеце”, “Настаўніцкай газеце”, прадметным часопісе “Геаграфія”, а таксама праз правядзенне шматлікіх майстар-класаў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.

Гледзячы на сваіх настаўнікаў, мяняліся і вучні: у іх адзначалася імкненне да дасягнення поспеху, да сацыялізацыі і стварэння іміджу паспяховасці.

Вядома, што калі бярэшся за нейкую цяжкую і невядомую справу, то перш за ўсё трэба дакладна ведаць, дзеля чаго і  як можна зрабіць тое, што задумана. Таму ўдзел педагогаў у семінарах і канферэнцыях, якія былі арганізаваны для ўдзель­нікаў праекта на базе АПА, не толькі забяспечыў навукова-метадычнае суправаджэнне інавацыйнага праекта, але і даў магчымасць стварыць асяроддзе аднадумцаў, арганізаваць зносіны творчых і цікавых людзей,  аб’яднаных адной ідэяй.

Мерапрыемствы, якія былі арганізаваны кансультантам праекта, намеснікам начальніка Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій Акадэміі паслядыпломнай адукацыі А.В.Сурыкавай, былі разнастайныя як па змесце, так і па формах. І калі на ўстановачным семінары “Тэарэтыка-метадалагічныя аспекты інавацыйнай дзейнасці”, завочных семінарах-практыкумах “Інавацыйная дзейнасць як рэсурс адукацыйнай практыкі” і “Рэфлексіўны падыход як умова развіцця інавацыйнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў” педагогі нашай школы былі пасіўнымі слухачамі, то падчас правядзення рэспубліканскіх семінараў “Індывідуальная траекторыя прафесійнага развіцця: ад вопыту да педагагічнага даследавання”, “Педагагічны кейс як адукацыйны рэсурс” яны выступалі ў якасці майстроў.

Удзел у рэспубліканскім фестывалі інавацыйнай педагагічнай творчасці “Інавацыя як стратэгія самаразвіцця” і калядным фестывалі педагагічнага майстэрства “Вопыт лепшых — здабытак кожнага” стаў для нас сапраўдным святам, бо ўдзел у майстар-класах лепшых педагогаў рэспублікі даў магчымасць не толькі азнаёміцца з перадавым вопытам калег, але і акрэсліць свае месца і ролю ў інавацыйнай прасторы.

З мэтай укаранення мадэлі рэфлексіўнай дыягностыкі былі праведзены шматлікія мерапрыемствы і ва ўстанове адукацыі. Заняткі пастаянна дзеючага семінара “Рэфлексіўныя навыкі педагогаў як сродак фарміравання эфектыўнага вопыту прафесійнай дзейнасці”, метадалагічнага семінара “Рэфлексія педагагічнай дзейнасці як фактар бесперапыннага асобасна-прафесійнага развіцця педагога” далі магчымасць набыць навыкі рэфлексіўнага аналізу асабістай дзейнасці. Падчас педагагічнага савета “Аб рабоце педагагічнага калектыву па павышэнні ўзроўню прафесійнага майстэрства педагогаў праз развіццё навыкаў рэфлексіўнага аналізу педагагічнай дзейнасці ва ўмовах рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу да навучання” былі падведзены вынікі работы педкалектыву па рэалізацыі інавацыйнага праекта.

Тэмы кантэкстных даследаванняў, над якімі працавалі педагогі школы ў ходзе рэалізацыі інавацыйнага праекта, датычыліся розных аспектаў педагагічнай дзейнасці. Рэфлексіўнаму аналізу была падвергнута педагагічная дзейнасць пры рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу і праектнага метаду, пры выкарыстанні мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі і лагічных задач на ўроках, пры арганізацыі ацэначнай і даследчай дзейнасці.

 Чым была карысная інавацыйная дзейнасць для каманды педагогаў-інаватараў? Перш за ўсё тым, што дала ім магчымасць павысіць інавацыйную і педагагічную культуру, а гэта, у сваю чаргу,  абумовіла фарміраванне інавацыйнага вопыту. Пра павышэнне ўзроўню педагагічнай творчасці і педагагічнага наватарства сведчыць удзел педагогаў школы ў конкурсах педагагічнага майстэрства, абагульненне вопыту, павышэнне кваліфікацыі, трансляцыя перадавога вопыту праз сродкі масавай інфармацыі.

Што спрыяла вырашэнню задач? Перш за ўсё тое, што з мэтай развіцця рэфлексіўнай кампетэнцыі і аналітычнай культуры педагогі былі ўключаны ў працэс павышэння кваліфікацыі праз разнастайныя формы знешняга і ўнутранага кансалтынгу. Удалае спалучэнне знешніх і ўнутраных адукацыйных рэсурсаў, форм самаадукацыі і ўзаеманавучання забяспечыла бесперапыннае асобасна-прафесійнае развіццё педагогаў.

Аднак ніякая дзейнасць не будзе эфектыўнай, калі яна не будзе накіравана на павышэнне якасці адукацыі, на развіццё асобы вучня. Наведванне ўрокаў педагогаў, якія ўдзельнічалі ў рэалізацыі інавацыйнага праекта, паказала, што намеціўся рост педагагічнай творчасці. На ўроках назіраецца ўмелы выбар і мэтанакіраванае спалучэнне зместу, форм і метадаў навучання, выкарыстанне творчых магчымасцей жывых зносін з вучнямі. Ад рэпрадуктыўных метадаў дзейнасці педагогі пераходзяць да праблемных, часткова-пошукавых і даследчых. У красавіку 2019 года ва ўстанове была праве­дзена “Панарама метадычных ідэй”, падчас якой педагогі-інаватары прадэманстравалі ўзровень сваёй творчасці па тэмах педагагічных даследаванняў.

У практыку школы ўвайшоў рэфлексіўны аналіз урока. Вопытам работы ў гэтым кірунку мы дзяліліся з калегамі на раённым семінары для кіраўнікоў устаноў адукацыі і рэзерву кіраўніцкіх кадраў Свіслацкага раёна “Удасканаленне прафесійнага майстэрства настаўніка як умова асобаснага развіцця вучняў і павышэння якасці адукацыі”. 

Удзел у інавацыйнай дзейнасці станоўча паўплываў на якасць адукацыі. Павысіўся сярэдні бал і якасць ведаў па вучэбных прадметах. Прадукцыйны і высокапрадукцыйны вынік інавацыйнай дзейнасці пацверджаны дасягненнямі і дзейнасцю вучняў пад кіраўніцтвам педагогаў, якія прымаюць удзел у інавацыі: за тры гады атрымана 7 дыпломаў на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 7 дыпломаў на раённай канферэнцыі даследчых работ, 5 дыпломаў на абласных і 2 — на рэспубліканскіх канферэнцыях. Можа, вы скажаце, што гэта не так і многа? Але ж у нашай школе займаюцца толькі 63 вучні! За 10 гадоў на нашым школьным алімпе — 11 вучняў і выпускнікоў, якія  атрымалі прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Безумоўна, рэалізаваць інавацыйны  праект няпроста. Гэта патрабуе дадатковых намаганняў ад усяго педагагічнага калектыву, адміністрацыі ўстановы. Але інавацыйная дзейнасць заўсёды прыносіць карысць, бо ствараецца каманда аднадумцаў, якія здольны ператвараць ідэі інавацыі ў жыццё.

Ларыса ПАРХІМОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Навадворскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.