Інданезія, багатая на медалі

У чарговы раз Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства можа ганарыцца сваімі выхаванцамі. Не так даўно з III Міжнароднай алімпіяды навукова-тэхнічных праектаў (ISPrO, Інданезія, Джакарта) вярнуліся з узнагародамі Ілья Карпец і Дар’я Вырко. У Ільі — “золата”, у Дар’і — “бронза”.

Ілья, які вучыцца ў Лунінецкай гімназіі, прадставіў на суд міжнароднага журы работу пад назвай “Комплекснае даследаванне прадукцыйнасці грыбковай масы (мікапратэіну) мікраміцэтамі роду Fusarium sp. на другасных адходах малочнай прадукцыі (малочная сыроватка і абястлушчанае малако)”.
“Мы звярнуліся да праблемы ўтылізацыі малочнай сыроваткі, — адзначае навуковы кіраўнік канкурсантаў, педагог дадатковай адукацыі навуковага таварыства навучэнцаў “Батаніка” РЦЭіК, асістэнт кафедры батанікі біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Алеся Аляксандраўна Шавялёва. — Справа ў тым, што яе вельмі нявыгадна перапрацоўваць: з тоны малочнай сыроваткі можна атрымаць усяго толькі 1 кг бялку. Таму часцей за ўсё ў прамысловасці яна проста зліваецца, нярэдка забруджваючы вадаёмы.
Перапрацоўваць сыроватку мы вырашылі пры дапамозе мікраміцэтаў з роду Fusarium, якія з’яўляюцца ўзбуджальнікамі захворванняў сельскагаспадарчых раслін. Сярод іх ёсць і непатагенныя штамы, якія мы падсялілі ў малочную сыроватку і назіралі за іх размнажэннем, выкарыстоўваючы пры гэтым як статычныя, так і дынамічныя ўмовы.
Увесь эксперымент праводзіўся на базе Лунінецкага малочнага завода. У статычным варыянце мы проста змяшчалі сыроватку ў колбы, пастэрызуючы яе. У другім змяшчалі колбы на спецыяльныя ўстройствы, якія ўвесь час рухалі іх. Натуральна, у дынамічным варыянце пажыўныя рэчывы распаўсюджваліся хутчэй, акрамя таго, адбываўся працэс аэрацыі субстанцыі”.
Літаральна на працягу сутак Ілья і яго кіраўнік атрымалі дастаткова вялікі выхад мікапратэіну. Пасля праведзеных падлікаў стала зразумела: у дынамічных умовах можна атрымаць 48 кг чыстага бялку з 1 тоны, што ў 48 разоў больш, чым атрымлівалі да гэтага.
Аднак пасля адбору мікапратэіну заставалася пэўная культуральная вадкасць.
“Справа ў тым, што сам грыбок утрымлівае спецыяльныя гармоны, якія стымулююць рост раслін, — працягвае Алеся Аляксандраўна. — Мы прафільтравалі культуральную вадкасць, пазбавілі яе спор і міцэлію. Узялі некалькі развядзенняў: 100-працэнтную вадкасць, 50- і 10-працэнтную вадкасць. Для кантролю разам з сыроваткай бралі дыстыляваную ваду. Ва ўсіх экзэмплярах замочвалі насенне гароху і кукурузы. Літаральна на наступныя суткі гармоны спрацавалі ў 10-працэнтным растворы, і мы назіралі 100-працэнтнае прарастанне насення гароху. У вадзе было толькі 60 працэнтаў прарастання”.
Дарэчы, у Інданезіі Ілья і Дар’я прэзентавалі не толькі свае праекты, але і краіну ў цэлым, таму везлі ў Джакарту сувеніры і тэматычныя постары, якія змяшчалі выявы знакамітых пісьменнікаў, спартсменаў, рэдкіх раслін і жывёл Беларусі. Канкурсанты абаранялі свае праекты ў стылізаваных нацыянальных касцюмах.
Дар’я Вырко, навучэнка гімназіі № 1 Дзятлава, прадставіла на алімпіядзе работу “Эфірнае масла шалфею як натуральны харчовы кансервант: даследаванне антыбактэрыяльнай і антымікатычнай актыўнасці”.
Навуковым кіраўніком Дар’і таксама з’яўляецца Алеся Аляксандраўна Шавялёва. Разам яны перагналі эфірнае масла з лісця сухога шалфею, вырашчанага ва ўмовах Беларусі, і вырашылі пратэсціраваць, як яно будзе ўздзейнічаць на мікатычную і бактэрыяльную флору.
“Для гэтага мы выбралі грыбы і бактэрыі, якія сталі нашымі тэст-аб’ектамі, — расказвае навуковы кіраўнік. — Натуральна, непатагенныя, бо дзецям забаронена працаваць з патагеннымі экзэмплярамі. У ходзе работы высвятлялі, якія грыбы і бактэрыі падаўляюцца пры дапамозе эфірнага масла. Вельмі цікавыя вынікі мы атрымалі на сальманеле, бактэрыі, якая выклікае першаснае гніенне мясных прадуктаў.
Усе ведаюць, што для захавання мяса сёння актыўна выкарыстоўваюць танныя эфектыўныя хімічныя кансерванты. А што, калі паспрабаваць шалфей у якасці альтэрнатывы? Ён мае для гэтага ўсе падставы. Адзіны недахоп эфірных масел — іх насычаны пах. У выпадку з шалфеем і гэта не праблема: яго пах выдатна спалучаецца з мяснымі прадуктамі. Задача была такая: знайсці найменшую канцэнтрацыю, якая падаўляла б сальманелу і не ўплывала б на пах і смак самога прадукту”.
Масла разбаўлялася ў розных прапорцыях, пасля чаго ім уздзейнічалі на мяса курыцы, якое змяшчалі ў халадзільнік і тэрмастат. Аказалася, што ў халадзільніку пры дапамозе 5-працэнтнага эфірнага масла шалфею курыцу можна захоўваць да 2 тыдняў. У тэрмастаце пры 37 градусах мяса ўсё яшчэ супраціўлялася сальманеле пры дапамозе 2,5-працэнтнага раствору эфірнага масла.
Таксама ў ходзе работы было даследавана, наколькі хутка сальманела прывыкае да масла шалфею і да антыбіётыка (у якасці кантролю). На працягу 8 пасажаў (перасадак) масла стабільна падаўляла сальманелу, а вось да антыбіётыкаў бактэрыя прывыкла ўжо на 5 пасажы.
На думку Алесі Аляксандраўны, абедзве работы заслугоўваюць залатых медалёў, але нярэдка спрацоўвае хваляванне. Трэба адзначыць, што для навуковага кіраўніка гэта не першыя багатыя на медалі праекты. Жадаем далейшых поспехаў.

Наталля АЛЁХІНА.