Індустрыяльны парк “Вялікі камень” — адзін з драйвераў развіцця нашай эканомікі

Урад задаволены ходам работ у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень”, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін.

“Ад імя ўрада магу сказаць, што мы задаволены тым, як развіваецца індустрыяльны парк. Упэўнены, што ў наступнай пяцігодцы — ён адзін з драйвераў развіцця нашай эканомікі. І гэта самае галоўнае ўпрыгажэнне на Шаўковым шляху, гэта яго жамчужына”, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Анатоль Калінін адзначыў, што ў Парку ўжо створана інфраструктура, якая дае магчымасць любому рэзідэнту прыйсці і пачаць работу. Вельмі важным, паводле яго слоў, для развіцця “Вялікага каменя” з’яўляецца і тое, што хутка запрацуе бязвізавы рэжым паміж Кітаем і Беларуссю. “Створаны добрыя транспартныя зносіны паміж сталіцай і індустрыяльным паркам. У перспектыве тут з’явіцца транспартны калідор: хуткасная чыгунка, плануецца будаўніцтва аўтамабільнай дарогі Мінск — “Вялікі камень” — Нацыянальны аэрапорт, — расказаў ён.

Віцэ-прэм’ер паведаміў, што вядуцца перагаворы наконт пашырэння авіяцыйнага супрацоўніцтва, у прыватнасці, магчымасці ажыццяўляць грузавыя авіяперавозкі. “Беларусь уводзіць другую ўзлётна-пасадачную паласу ў лістападзе, што дазволіць прымаць любыя паветраныя судны. Гэта дасць магчымасць развіваць у тым ліку і транспартную інфраструктуру Парка”, — растлумачыў ён.

Акрамя таго, удакладніў намеснік прэм’ер-міністра, нямецкія, беларускія і кітайскія кампаніі хутка пачнуць сумеснае будаўніцтва буйнога мультымадальнага лагістычнага парка, які зможа прымаць чыгуначныя грузы. “Усе планы і задумкі кіраўнікоў нашых дзяржаў паспяхова выконваюцца. Да канца года амаль 10 рэзідэнтаў адкрыюць вытворчасць, каля 700 чалавек пачнуць працаваць, а гэта ўклад у ВУП краіны. Сюды прыходзяць самыя сучасныя вытворцы як з Беларусі, так і з Кітая”, — сказаў ён.

Таксама ўвага ўдзяляецца і сацыяльнай інфраструктуры. “Будуецца першы жылы дом, у планах — паліклініка. Таксама закладзены Парк поспехаў кітайска-беларускай дружбы”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Як паведамлялася, з пачатку рэалізацыі праекта па стварэнні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень” у яго інвесціравана ўжо $346,8 млн. Плануецца, што ў 2018 годзе аб’ём інвестыцый перасягне $180 млн. У той жа час аб’ём інвестыцый, заяўленых рэзідэнтамі па стане на пачатак ліпеня, складае $998,7 млн.

У планах развіцця індустрыяльнага парка — у 2020 годзе дасягнуць аб’ёму выпускаемай прадукцыі ў памеры $1 млрд, стварыць 6480 рабочых месцаў і больш як у два разы павялічыць колькасць рэзідэнтаў — да 100. Аб’ём інвестыцый да 2020 года ацэньваецца не менш як $2 млрд.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *