Індустрыяльны парк “Вялікі камень” павінен быць зонай эксперыментаў і інавацый

Члены Савета Рэспублікі ў складзе парламенцкай дэлегацыі прынялі ўдзел у сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскай кампаніі China Merchants Group на чале з членам савета дырэктараў кампаніі, генеральным выканаўчым дырэктарам СЗАТ “Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка “Вялікі камень” Ху Чжэнам, паведамілі ў прэс-службе Савета Рэспублікі.

Сустрэча адбылася ў час рабочай паездкі парламенцкай дэлегацыі ў Кітай, якая праходзіць з 21 па 30 сакавіка.

Абмеркаваны пытанні развіцця Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. На яго тэрыторыі пабудаваны ўжо бізнес-цэнтр, гандлёва-выставачны комп-лекс, складскія памяшканні, гасцініца. У чэрвені бягучага года пачнуцца работы па будаўніцтве бізнес-інкубатара, які будзе садзейнічаць пашырэнню інавацыйных стартап-праектаў.

“Парк павінен быць зонай эксперыментаў і інавацый”, — падкрэсліў Ху Чжэн. Паводле яго слоў, за студзень — люты бягучага года рэзідэнтамі парка сталі 5 кампаній. Усяго ў парку працуюць 28 рэзідэнтаў: 16 з іх — кітайскія кампаніі, 6 — беларускія, 6 — з іншых краін.

У парку ўжо створаны ўмовы для шырокамаштабнага прыцягнення інвестараў. “Парк адкрыты для кампаній усяго свету. Вітаем уваходжанне ў яго склад інвестараў з Еўропы і Амерыкі”, — сказаў ён. У ліку пераваг супрацоўніцтва з Беларуссю Ху Чжэн назваў выгаднае геаграфічнае становішча, бяспеку, стабільнасць, развітую прамысловую базу. Кітай звязвае з “Вялікім каменем” вялікія надзеі і разглядае яго як важнае сувязное звяно паміж Еўропай і Азіяй. “Парк стане важнай апорнай кропкай у эканамічным поясе “Шаўковага шляху”, — падкрэсліў Ху Чжэн.

Да канца 2020 года колькасць рэзідэнтаў парка плануецца павялічыць да 70. “Мы разлічваем прыцягнуць у рамках кантрактаў інвестыцыі ў агульнай суме ад $2 млрд да $2,5 млрд”, — растлумачыў Ху Чжэн.