Індывідуальна і дыферэнцыравана

- 10:40Навіны рэгіёнаў

Дзеці з АПФР патрабуюць павышанай увагі і асаблівых адносін з боку настаўнікаў і выхавальнікаў. У аснове паспяховага навучання асаблівых дзяцей — індывідуальны і дыферэнцыраваны падыход, які ўлічвае асаблівасці характару вучняў, хуткасць працякання мысліцельных працэсаў, узровень сфарміраванасці ведаў, уменняў і навыкаў, развіцця эмацыянальна-валявой сферы, працаздольнасць, матывацыю і інш.

Распрацоўваю карткі для індывідуальнай работы з асаблівымі дзецьмі. Так, на ўроках матэматыкі выкарыстоўваю карткі на суадносіны зададзеных элементаў з лікам. Але для кожнага вучня яны розныя. Для аднаго гэта будуць лікі ад 1 да 5 і большыя, а для другога — толькі да 3. Усё залежыць ад магчымасцей дзяцей. Для тых, хто не ведае геаметрычных фігур, прымяняю знаёмыя прадметы, пасля чаго пераходжу да фігур і паступова ўскладняю заданне.

Пры адпрацоўцы навыкаў складання і аднімання таксама складаю карткі з улікам індывідуальных асаблівасцей і магчымасцей кожнага дзіцяці. Так, калі вучань можа выканаць дзеянні ў межах 5, пераходжу да больш складанага ўзроўню. Аб’ём заданняў таксама дыферэнцырую. Адны выконваюць іх хутчэй, другія — марудней. Прапаноўваю картку з прыкладамі.

1 + 3  1 + 3  2 + 1  1 + 3  
5 – 2  5 – 2  4 – 3  5 – 2  
2 + 1  2 + 1  1 + 3  2 + 1  
4 – 3  4 – 3  5 – 2  4 – 3  

Вучань запісвае і рашае ў першы дзень прыклады з першага слупка. Мы правяраем іх і замалёўваем пэўным колерам: правільна рэшаны прыклад — зялёным, няправільна — чырвоным. На наступны дзень працуем з другім слупком і г.д. Імкнуся, каб усе прыклады былі рэшаны правільна.

Я не параўноўваю вынікі вучняў адзін з адным, а акцэнтую ўвагу толькі на ўласных дасягненнях дзіцяці. Гэта дапамагае прасачыць поспехі кожнага вучня паасобку, стварае сітуацыю поспеху і матывуе дзіця на новыя дасягненні.

Паступова ўскладняю заданні. На іх выкананне даю фіксаваны час, які кантралюе пясочны гадзіннік. Вучням цікава сачыць за часам, дзякуючы чаму ў іх выпрацоўваецца навык самарэгуляцыі.

Вельмі часта выкарыстоўваю на ўроках і карэкцыйных занятках табліцу для адпрацоўкі навыкаў складання і аднімання, множання і дзялення, замацавання пэўных ведаў, уменняў і навыкаў (па веданні колераў, арыентацыі на арку­шы паперы і ў табліцы). Да табліцы даю розныя інструкцыі: рашыць прыклады другога радка знізу, трэцяга слупка справа, замаляваныя сінім колерам і інш. Варыянтаў шмат.

Дзякуючы індывідуальнаму і дыферэнцыраванаму падыходу, асаблівыя вучні паспяхова засвойваюць веды ў даступнай для іх форме і ў найбольш спрыяльным тэмпе.

Алена ЧУГАЙ,
настаўнік-дэфектолаг Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна.