Індывідуальная траекторыя — для вучня, агульная сістэма — для настаўніка

- 12:18Якасць адукацыі

Работа з таленавітымі і здольнымі дзецьмі патрабуе больш якаснага аналізу. Такое справядлівае меркаванне прагучала падчас Рэспубліканскага круглага стала “Удасканаленне сістэмы работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі”, які прайшоў на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, абласных і Мінскага гарадскога інстытутаў развіцця адукацыі і супрацоўнікі (і паралельна арганізатары) аддзела творчых методык навучання моладзі АПА.

Звычайна ў справаздачах па сістэме работы з адоранымі вучнямі даецца толькі колькасны аналіз: колькі дзяцей выяўлена, у якіх інтэлектуальных спаборніцтвах удзельнічаюць (як правіла, гэта рэспубліканскія алімпіяды і навукова-практычныя канферэнцыі), колькі ўзнагарод атрымалі. Акрамя таго, у кожным рэгіёне арганізоўваецца мноства сваіх конкурсаў, накіраваных на выяўленне і развіццё здольнасцей школьнікаў і дашкольнікаў. І ў гэтым руху задзейнічаны тысячы дзяцей. Прынамсі, падчас круглага стала кожная вобласць, прадстаўляючы сваю сістэму, агучвала шмат розных лічбаў.
З аднаго боку, гэта добра, бо практычна ні адно дзіця не застаецца па-за ўвагай. Да таго ж любы конкурсны рух развівае творчаць і крэатыўнасць дзіцяці, што таксама вельмі добра. Але ўзнікае пытанне: ці патрэбна такая масавасць, калі выяўленне і развіццё адоранасці ставіцца на паток, калі кожны рэгіён з заміраннем сэрца чакае вынікаў рэспубліканскай алімпіяды, каб зрабіць справаздачу?
Як вядома, адоранае дзіця патрабуе індывідуальнага падыходу і ўласнай траекторыі развіцця. Больш за тое, яму неабходна цьютарскае суправаджэнне, пра што спецыялісты гавораць ужо не першы год. Адораныя вучні маюць патрэбу ў распрацоўцы спецыяльных адукацыйных праграм, якія выходзілі б за рамкі традыцыйных, у стварэнні адукацыйнага асяроддзя, якое забяспечвала б умовы для максімальна магчымага асобаснага развіцця. Дасягненне названых вынікаў адукацыі патрабуе мадэрнізацыі агульнай сярэдняй адукацыі ў напрамку яе індывідуалізацыі, у якасці аднаго з інструментаў выступае арганізацыя цьютарскага суправаджэння адораных навучэнцаў.
Як вядома, тэхналогія цьютарскага суправаджэння адораных навучэнцаў забяспечвае тэрміновае індывідуальнае псіхалагічнае кансультаванне, якое дазваляе своечасова зняць эмацыянальнае і фізічнае перанапружанне навучэнца. А гэта, безумоўна, аказвае станоўчы ўплыў на вынікі дасягненняў навучэнцаў, бо мэтай дзейнасці цьютараў найперш з’яўляецца стварэнне камфортных сацыяльна-педагагічных умоў для самаўдасканалення і прафесійнага станаўлення навучэнца (дапамога ў праектаванні і рэалізацыі індывідуальнай адукацыйнай праграмы).
Як заўважыла Святлана Дзмітрыеўна Шакура, начальнік аддзела творчых методык навучання моладзі АПА, на сёння ў нас працуе каля 10 пляцовак па цьютарскім суправаджэнні і ўсе яны дэманструюць добрыя вынікі. Ёсць меркаванне, што цьютарскае суправаджэнне ў старшых класах, павінен падхопліваць прадстаўнік вышэйшай школы, каб не згубіць вучня далей і зматываваць яго на паступленне ў пэўную навучальную ўстанову. Але тут жа ўзнікае шэраг іншых праблемных пытанняў. Як правіла, выбар установы вышэйшай адукацыі выпускнік робіць пад уплывам (ці пад ціскам) бацькоўскага меркавання і практычна да апошняга не ведае, куды будзе паступаць. Атрымліваецца, што трэба ажыццяўляць цьютарскае суправаджэнне бацькоў? Ці магчыма гэта? І ці патрэбна ўвогуле?
Акрамя таго, ёсць ідэя стварэння рэспубліканскага інстытута (цэнтра) па рабоце з адоранымі дзецьмі і таленавітай моладдзю з прыцягненнем вядучых спецыялістаў у галіне педагогікі, псіхалогіі, фізіялогіі, медыцыны. Патрэбны таксама рэспубліканскія і рэгіянальныя цэнтры для правядзення заняткаў з адоранымі навучэнцамі, куды запрашаліся б лепшыя прафесары і выкладчыкі з універсітэтаў і НАН Беларусі, з краін СНД і далёкага замежжа. Усё гэта дазволіць больш якасна і сістэмна падыходзіць да работы з адоранымі дзецьмі. Не раз адзначалася, што існуе разрозненасць намаганняў педагогаў, псіхолагаў, фізіёлагаў і іншых спецыялістаў у рабоце са здольнымі навучэнцамі, што чааста матэрыяльна-тэхнічная база ва ўстановах адукацыі недастатковая для правядзення лабараторных работ і што неабходна аказваць падтрымку сям’і ў стварэнні ўмоў для паўнавартаснага развіцця адоранага дзіцяці.
На мінулым семінары ў АПА, прысвечаным рабоце з адоранымі навучэнцамі, гаварылася пра тое, што фарміруецца банк даных патэнцыяльных кансультантаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі. Плануецца, што да гэтых спецыялістаў змогуць звяртацца як настаўнікі, так і вучні. Прынамсі, універсітэцкія выкладчыкі даўно працуюць у сферы выяўлення і развіцця вучнёўскай адоранасці, а пры наяўнасці спецыяльнага банка гэтая работа стане больш сістэмнай.
Сёння нам не хапае інфармацыі, куды пасля ўніверсітэта ўладкоўваюцца адораныя навучэнцы. Звычайна яны губляюцца пры паступленні ва ўніверсітэт, таму неабходнасць распрацоўкі навуковага і арганізацыйна-метадычнага забеспячэння выяўлення, развіцця і прафесійнага станаўлення інтэлектуальна адоранай моладзі на аснове пераемнасці (школа — універсітэт — пасляўніверсітэцкая адукацыя) наспела даўно. Вырашыць гэтую праблему дапаможа канцэпцыя выяўлення, развіцця і прафесійнага станаўлення інтэлектуальна адоранай моладзі ў Рэспубліцы Беларусь на этапах “школа — вышэйшая адукацыя — адукацыя пасля УВА”. Пакуль існуе толькі праект канцэпцыі (ідзе яе абмеркаванне), але будзем спадзявацца, што яе ўсё ж такі прымуць.
Як адзначыў Валерый Уладзіміравіч Пазнякоў, прафесар кафедры маладзёжнай палітыкі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, доктар філасофскіх навук, прафесар, адзін з аўтараў канцэпцыі, развіццё партнёрскіх узаемаадносін паміж установамі агульнай сярэдняй адукацыі і вядучымі ўстановамі вышэйшай адукацыі спрыяе забеспячэнню якаснай, а не намінальнай пераемнасці ў сістэме работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. Важным напрамкам у рабоце з такімі дзецьмі з’яўляецца арганізацыя праектнай і даследчай дзейнасці.
Але, як было адзначана падчас круглага стала, праектная і даследчая дзейнасць саступаюць у сваёй папулярнасці алімпіяднаму руху. І прычыны такога дысбалансу відавочныя: перамога на рэспубліканскай алімпіядзе гарантуе паступленне ва ўніверсітэт, у той час як дыплом пераможцы на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі — стымулюючая перамога. Адзінкі (пры ўмове выдатнага валодання англійскай мовай) трапляюць на міжнародныя канферэнцыі.
І калі падрыхтоўка да алімпіяды ў рэгіёнах мае сістэмны характар, то для даследчай дзейнасці па-ранейшаму актуальнымі з’яўляюцца пытанні вызначэння зместу, структуры, спецыфікі праектнай і даследчай дзейнасці, кіравання праектнай і навукова-даследчай работай ва ўстановах адукацыі. Тут настаўнікі стараюцца аб’ядноўвацца з прадстаўнікамі вышэйшай школы, якія могуць іх сарыентаваць у пошуках патрэбнай тэмы, а таксама даць кансультацыі па напісанні і афармленні работ. У пераважнай большасці такое супрацоўніцтва мае плён, хаця ўдзельнікі круглага стала ўсё ж выказалі прапанову аб стварэнні дакумента, у якім былі б прапісаны патрабаванні да выканання школьнай конкурснай даследчай работы.
Пакуль жа перадавыя пазіцыі па ўсіх напрамках займае Мінск, дзе штогод ставіцца задача не прапусціць адоранае дзіця, своечасова яго выявіць і арганізаваць работу па развіцці яго здольнасцей. У сталіцы даўно наладжана эфектыўнае супрацоўніцтва з універсітэтамі. Як адзначыла Кацярына Якаўлеўна Дзьячэнка, начальнік аддзела методык работы з адоранымі дзецьмі, асабліва плённым з’яўляецца супрацоўніцтва з БДУ, на базе якога дзейнічае школа юнага гісторыка, а таксама “ЮНІ-цэнтр-ХХI”. Акрамя таго, у Мінску працуюць рэсурсныя цэнтры, на базе якіх арганізаваны міжшкольныя факультатывы як раённага, так і гарадскога маштабу.
Напрыклад, на базе сярэдняй школы № 22 Мінска працуе рэсурсны цэнтр па хіміі. Яго кіраўнік настаўніца хіміі Лілія Францаўна Казак падрыхтавала не аднаго “міжнародніка”. І па выніках заключнага этапу Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды-2014 сталічная каманда зноў заняла 1 месца (заваявана 110 дыпломаў). У мінулым годзе Мінск стаў першым і на Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, хіміі, біялогіі, геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўстве, рускай мове, рускай літаратуры, беларускай мове, беларускай літаратуры, англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай мовах.
Каб выяўляць здольных дзяцей на ранніх этапах, у сталіцы ўжо працяглы час праводзяцца дыстанцыйныя алімпіяды па ўсіх прадметах. Але ўсе яны заканчваюцца вочна, каб адбор быў сумленным.
А вось Брэсцкая вобласць у алімпіядным руху і ў галіне школьных даследаванняў пакуль не на перадавых пазіцыях. Андрэй Мікалаевіч Кісель, начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі БАІРА, акрэсліў праблемы, якія перашкаджаюць гэтаму.
Паколькі Брэст тэрытарыяльна аддалены ад многіх рэгіёнаў вобласці, гэта выклікае складанасці ў арганізацыі трансліравання педагагічнага і арганізацыйнага вопыту. Выйсцем стала адкрыццё рэсурсных цэнтраў практычна ў кожным раёне. Самыя вялікія ў Пінску, Баранавічах, Лунінцы, Брэсце.
Кожны такі цэнтр заснаваны на лепшым вопыце канкрэтнага раёна і найперш на яго традыцыях. Калі, напрыклад, моцнымі ў рэгіёне з’яўляюцца матэматыкі, значыць, цэнтр мае выразны матэматычны ўхіл. Але разам з тым педагогі не замыкаюцца на сваім прадмеце. Яны стараюцца акумуляваць вакол сябе лепшых педагогаў і па іншых прадметах, у тым ліку маладых і тых, хто імкнецца працаваць адасоблена. Як заўважыў Андрэй Мікалаевіч, у настаўніцкім асяроддзі назіраецца такая з’ява, як педагагічны эгаізм: “Я ведаю, як працаваць на поспех, але дзяліцца гэтым не хачу”.
Але работа вядзецца, і паспяховыя ў алімпіядным руху і даследчай дзейнасці настаўнікі дзеляцца сваім вопытам. Адзінае, не хапае часу для семінарскіх заняткаў, майстар-класаў. На жаль, аптымізацыя ў сістэме павышэння кваліфікацыі не з’яўляецца асновай паляпшэння якасці навучання педагогаў. Зразумела, што за 1—2 гадзіны нельга засвоіць сістэму педагагічнай дзейнасці.
Самы вялікі рэсурны цэнтр дзейнічае ў Брэсце на базе абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава. Тут працуюць універсітэцкія выкладчыкі і вядучыя педагогі вобласці. Заняткі праходзяць па суботах.
Што датычыцца навукова-даследчай дзейнасці, то ў гэтым годзе, як заўважыў Андрэй Мікалаевіч, пайшлі іншым шляхам. Сёлета ў абласной навукова-практычнай канфэрэнцыі прымаюць удзел вучні толькі другой і трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі (без пачаткоўцаў). Гэта абумоўлена тым, што вельмі складана ўсіх сабраць у адным месцы і ўзнікалі пытанні з вялікай колькасцю секцый.
Тым не менш поспех у выяўленні і развіцці адораных дзяцей будзе толькі пры адной умове: калі побач з такім дзіцем будуць неабыякавыя бацькі і прафесійны педагог, здольны працаваць з таленавітым і высокаматываваным вучнем. Таму ўсе намаганні павінны быць накіраваны найперш на дапамогу і падтрымку настаўніка. Тады колькасць абавязкова пяройдзе ў якасць.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.