Індыя праявіла цікавасць да вопыту і патэнцыялу нашай краіны

Рэспубліку Беларусь наведала дэлегацыя супрацоўнікаў Міністэрства тэхнічнай адукацыі і прамысловай падрыхтоўкі штата Пенджаб Рэспублікі Індыя на чале з міністрам Чаранджытам Сінгхам Чані. У ходзе візіту індыйскі міністр і супрацоўнікі міністэрства сустрэліся з міністрам адукацыі нашай краіны І.В.Карпенкам. У выніку перагавораў быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. На ганаровай сустрэчы прысутнічала Сангіта Багадур, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь.

У пачатку сустрэчы з калегамі з Індыі кіраўнік галіновага міністэрства Ігар Васільевіч Карпенка сардэчна павітаў гасцей і назваў падпісаны мемарандум своеасаблівай дарожнай картай сумеснага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі паміж Беларуссю і Індыяй.

— Мы задаволены тым, што адбыўся візіт індыйскай дэлегацыі ў нашу краіну і нашы госці бліжэй пазнаёміліся з Беларуссю, з нашай сістэмай адукацыі, і той час, які вы правялі ў Беларусі, быў патрачаны з карысцю, — адзначыў Ігар Васільевіч.

Праграма візіту індыйскай дэлегацыі была вельмі насычанай. Госці наведалі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, яго філіялы — каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе, Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж, рэсурсны цэнтр-экатэхнапарк “Волма”, Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага і шэраг іншых навучальных устаноў, дзе яны сустрэліся з навучэнцамі і педагогамі, пазнаёміліся з вучэбна-матэрыяльнай базай.

Акрамя таго, заўважыў І.В.Карпенка, у ходзе візіту былі вызначаны перспектыўныя кірункі развіцця адносін паміж краінамі менавіта ў тых галінах, якія найбольш цікавяць абедзве краіны і па якіх найбольш за ўсё хацелася наладзіць самыя цесныя адносіны.

— Галоўныя нашы дзеянні скіраваны на тыя дамоўленасці, якія былі дасягнуты паміж кіраўнікамі нашых краін у час візіту Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі ў Індыю, — адзначыў Ігар Васільевіч.

Гэта перш-наперш наладжванне партнёрскіх сувязей у сферы адукацыі. У гэтым напрамку партнёрамі індыйскіх калег на ўзроўні прафесійнай адукацыі стаў РІПА, а на ўзроўні вышэйшай адукацыі — БНТУ. Такім чынам можна будзе рэалізаваць падрыхтоўку кадраў па шырокім тэхнічным профілі — пачынаючы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыяй і заканчваючы вышэйшай. Што тычыцца ўзаемадзеяння індыйскіх калег і РІПА, то ў інстытуце сёлета адбывалася навучанне 50 студэнтаў з устаноў адукацыі Індыі па праграме “Сучасны вытворчы менеджмент”. У гэтым жа годзе стажыроўку ў РІПА прайшлі яшчэ 6 грамадзян Індыі па напрамках інфармацыйных тэхналогій і аўтасэрвісу.

У мэтах вывучэння беларускага вопыту ў галіне арганізацыі рэсурсных цэнтраў прафесійна-тэхнічнай падрыхтоўкі Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі наведаў прадстаўнік кіраўніцтва Універсітэта Christ (Бангалор). Дасягнута дамоўленасць аб супрацоўніцтве ў галіне навучання і стварэння на базе вышэйзгаданага індыйскага ўніверсітэта рэсурснага цэнтра па аўтамабілебудаванні (вытворчасць электрамабіляў).

У сферы вышэйшай адукацыі рэалізоўваюцца 13 дагавораў паміж універсітэтамі Беларусі і Індыі, якія дазваляюць весці сумесныя навуковыя і навукова-тэхнічныя даследаванні на карысць абодвум бакам.

Як заўважыў Ігар Васільевіч Карпенка, падпісанне мемарандума адкрывае перад абедзвюма краінамі новыя перспектывы, дазваляе намеціць новыя кропкі судакранання і, безумоўна, умацоўвае адносіны паміж краінамі і іх народамі. Чаранджыт Сінгх Чані пагадзіўся з міністрам адукацыі Беларусі, выказаўшы надзею, што мемарандум стане вызначальным дакументам, на аснове якога будуць рабіцца канкрэтныя справы ў сферы прафесійнай адукацыі дзвюх краін.

В.М.Галубоўскі, рэктар РІПА, паведаміў, што ў Індыі рэалізоўваюцца дзве глабальныя праграмы, адна з якіх — далучэнне замежных краін да арганізацыі зборачных вытворчасцей. У рамках гэтай праграмы беларускія вытворчыя прадпрыемствы працуюць на тэрыторыі Індыі. Згодна з другой праграмай ажыццяўляецца падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, якія здольны працаваць на новых рабочых месцах. У гэтым кірунку Індыя выказала цікавасць да вопыту і патэнцыялу нашай краіны, пра што сведчыць і сённяшні візіт індыйскіх калег. Валерый Мікалаевіч падкрэсліў, што праграма візіту дазволіла дэлегацыі з Індыі пазнаёміцца не толькі са структурай нашай сістэмы адукацыі, але і з яе навукова-метадычным патэнцыялам. Згодна з гэтым быў вызначаны напрамак супрацоўніцтва па навукова-метадычным суправаджэнні ў пытаннях стварэння цэнтраў перадавога вопыту на тэрыторыі штата Пенджаб.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.