Інфармацыйна–аналітычным забеспячэннем дзейнасці дзяржорганаў зоймецца асобны інстытут

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 лютага падпісаў Указ № 49 “Аб стварэнні Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў”.

Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў ствараецца ў мэтах інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дзейнасці дзяржаўных органаў па стратэгічных напрамках знешняй і ўнутранай палітыкі.

У цэнтры ўвагі гэтай навукова-даследчай установы будзе правя­дзенне навуковых даследаванняў, вывучэнне тэндэнцый развіцця міжнародных, грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў, даследаванне рызык і выклікаў у інфармацыйнай сферы.

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў зоймецца выпрацоўкай рэкамендацый, накіраваных на ўдасканаленне дзяржаўнай палітыкі ў розных сферах, прыме ўдзел ва ўзгадненні дакументаў стратэгічнага планавання (дактрыны, стратэгіі, канцэпцыі), якія распрацоўваюць дзяржаўныя органы.

Для правядзення аналітычных даследаванняў па стратэгічных пытаннях устойлівага развіцця Беларусі плануецца прыцягваць вядучых экспертаў у сферы знешняй і ўнутранай палітыкі, інфармацыйных тэхналогій, нацыянальнай бяспекі. Больш паглыбленаму вывучэнню гэтых пытанняў будзе садзейнічац­ь цеснае супрацоўніцтва інстытута стратэгічных даследаванняў з дзяржорганамі, міжнароднымі арганізацыямі, айчыннымі і замежнымі аналітычнымі цэнтрамі (фабрыкамі думкі).

Дырэктарам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў назначаны Алег Макараў. Адпаведны ўказ № 50 12 лютага падпісаў кіраўнік дзяржавы.

Да гэтага Алег Макараў працаваў начальнікам інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі.