Інфармацыйнае ўзаемадзеянне пашырыцца

- 11:01Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Кыргызстан заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы інфармацыі. Подпісы пад дакументам паставілі міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч і намеснік міністра культуры, інфармацыі і турызму Кыргызстана Айнура Тэмірбекава.

Пагадненне заключана з мэтай заахвочваць рэгулярны абмен інфармацыйнымі матэрыяламі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным і культурным жыцці абедзвюх дзяржаў, а таксама развіваць супрацоўніцтва паміж рэдакцыямі і абмен дэлегацыямі.

“Мы хацелі б замацаваць пагадненне паміж міністэрствамі канкрэтнымі справамі. Перш за ўсё гэта тычыцца таго кантэнту, які хацелася б атрымліваць аб вашай краіне ў нас, а пра Беларусь — у Кыргызстане, каб чытачы бачылі, чым жывуць нашы дзяржавы, якія праекты рэалізуюцца. Гэта галоўная мэта пагаднення. Безумоўна, у рамках яго пройдуць прэс-туры, прадугледжаны ўдзел журналістаў Кыргызстана ў нашых мерапрыемствах, а беларускіх журналістаў — у іх творчых і медыйных праектах”, — адзначыў Аляксандр Карлюкевіч.

У сваю чаргу Айнура Тэмірбекава падкрэсліла: даўнія дамоўленасці паміж міністэрствамі сёння, нарэшце, набылі заканадаўчую аснову. “Мы даўно супрацоўнічаем з Міністэрствам інфармацыі Беларусі і сёння падпісалі пагадненне, якое дае магчымасць перавесці ў практычную плоскасць усе абмеркаваныя раней мерапрыемствы. У першую чаргу нам хочацца наладзіць непасрэднае ўзаемадзеянне паміж прафесійнымі арганізацыямі — тэлерадыёарганізацыямі дзвюх краін. Так, была дасягнута дамоўленасць паміж Белтэлерадыёкампаніяй і нашай Грамадскай тэлерадыёвяшчальнай карпарацыяй. Хочацца адзначыць высокі ўзровень ужо існуючага супрацоўніцтва паміж БелТА і нашым інфармацыйным агенцтвам Кабар”, — сказала яна.

Кыргызскі бок прапанаваў і новы напрамак узаемадзеяння ў сферы інфармацыі. У прыватнасці, размова ідзе аб супрацоўніцтве на ўзроўні рэгіянальнай журналістыкі. Аляксандр Карлюкевіч прапанову падтрымаў. “Сёння колькасць рэгіянальных выданняў у Беларусі ідзе на сотні. Хацелася б, каб еўразійская тэматыка — жыццё і дзейнасць у краінах Еўразійскай прасторы — была актуальнай для нашых масмедыя і, адпаведна, для чытачоў. Мы вырашылі, што пляцоўкай стане дадатак да газеты “Звязда” “Саюз — Еўразія”, — удакладніў ён.