Інфарматыка без межаў

Як гэтаму чалавеку ўдалося “ўцалець” у школе, сказаць складана. Сацыяльна-эканамічныя працэсы, якія адбываліся ў нашай краіне, адзін за адным “вымывалі” з настаўніцкага асяроддзя мужчын. Мужчыны-настаўнікі ў большасці сваёй перакваліфікаваліся ў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, праграмістаў, інструктараў, індывідуальных прадпрымальнікаў, ператвараючы гэтую прафесію ў прэрагатыву жанчын, хаця слова “настаўнік” адносіцца да мужчынскага роду.

Юрый Іванавіч Лупякоў многа гадоў працуе ў сярэдняй школе № 2 Мсціслава настаўнікам інфарматыкі, стаж яго работы складае 25 гадоў. Пра свой прафесійны выбар ён ні разу ў жыцці не пашкадаваў. Яму як чалавеку і педагогу ўласцівы стан пастаяннага руху наперад, пошуку новых ідэй і падыходаў у рабоце з навучэнцамі. Яго вучні — пераможцы алімпіяд па інфарматыцы. У 2017 годзе навучэнец 11 класа Мікіта Цуранаў стаў пераможцам заключнага этапу Рэспубліканскай дыстанцыйнай алімпіяды па інфарматыцы, атрымаўшы ва ўзнагароду дыплом ІІ ступені.

З асаблівым энтузіязмам Юрый Іванавіч Лупякоў узяўся за рэалізацыю ідэі арганізацыі і правядзення Міжнароднага конкурсу Bebras (што ў перакладзе на беларускую азначае “бабёр”) — адзінага глабальнага анлайн-конкурсу па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы, які ператварыўся ў нашай краіне ў маштабны сеткавы інтэлектуальны рух. Анлайн-конкурс дазваляе стварыць роўныя магчымасці для развіцця, самарэалізацыі кожнага навучэнца без папярэдняга і наступнага адбору. У 2016 годзе па выніках Міжнароднага конкурсу “Бабёр” сярэдняя школа № 2 Мсціслава была адной з лепшых у краіне. У лістападзе 2017 года адбыўся чарговы конкурс, у якім прынялі ўдзел дзеці і моладзь больш як з 60 краін свету. 160 навучэнцаў 1—11 класаў нашай установы адукацыі таксама ўдзельнічалі ў спаборніцтвах, што на 40 чалавек больш, чым у мінулым годзе. Вынікі конкурсу таксама парадавалі, таму што 73% дыпломаў, якімі ўзнагароджаны навучэнцы Мсціслаўскага раёна, належаць нашым школьнікам. За значны ўклад у арганізацыю і правядзенне гэтага конкурсу М.П.Батура, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, уручыў Ю.І.Лупякову падзячнае пісьмо.

Юрый Іванавіч не ўяўляе сабе ход адукацыйнага працэсу без абнаўлення, таму ў 2017/2018 навучальным годзе арганізаваў навучанне дзяцей на факультатыўных занятках па вучэбных праграмах “Творчая дзейнасць у асяроддзі праграмавання Scrаtch” у 2 класе і “Стварэнне камп’ютарных гульняў на мове візуальнага праграмавання Scrаtch” у 6 класе. Аўтарам і распрацоўшчыкам гэтых праграм з’яўляецца адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій. Сёння ва ўсім свеце расце патрэба ў спецыялістах у сферы інфармацыйных тэхналогій, здольных ствараць сучасныя камп’ютарныя праграмы і аказваць інтэлектуальныя паслугі. На ўроках інфарматыкі навучэнцаў вучаць асновам праграмавання на мове Pascal з выкарыстаннем службовых тэрмінаў, што перашкаджае хуткаму асэнсаванню інфармацыі і прымяненню ведаў у практычнай дзейнасці. Навучаючыся праграмаванню ў Scrаtch, практычна немагчыма памыліцца, таму што тут няма неабходнасці вучыць на памяць словы штучнай мовы праграмавання і пісаць без памылак. Праграмы ў Scrаtch не пішуць, а збіраюць з гатовых блокаў каманд. Настаўнік арганізоўвае заняткі такім чынам, каб навучэнцы класа стваралі вучэбныя гульні і інтэрактыўную анімацыю па розных прадметах. Часам ён прапануе навучэнцам 6 класа ствараць праграмныя прадукты для работы з малодшымі школьнікамі.

Першым пробным вопытам стала стварэнне праграмнага прадукту для заняткаў з навучэнцамі дашкольнага ўзросту, якія вучацца ў суботняй школе па падрыхтоўцы да навучання ў 1 класе. Праводзіць фрагмент урока з выкарыстаннем праграмнага прадукту, створанага на факультатыўных занятках, было даручана навучэнцу 6 класа Д.Фёдараву, які паспяхова справіўся з задачай і прынёс асаблівую радасць дашкольнікам. Як сцвярджаюць распрацоўшчыкі, Scrаtch дапамагае дзецям вучыцца думаць творча і крытычна, працаваць разам, а гэта базавыя навыкі для жыцця ў ХХІ стагоддзі.

Юрый Іванавіч Лупякоў — асоба цікавая і рознабаковая. Ён удзельнічаў у абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, стаў дыпламантам у намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”. Захапляецца фота- і відэаздымкай, кіраваў школьным аб’яднаннем па інтарэсах “Юны фатограф”. У працэсе даследчай работы з навучэнцамі быў створаны “Віртуальны музей”, прысвечаны гісторыі малой радзімы — мсціслаўскай зямлі. Разам з калегамі распрацаваў каштоўную інфармацыйную праграму для правядзення краязнаўчай работы з навучэнцамі. Сёння побач з намі працуе і стварае сапраўды сучасны настаўнік, які здольны і гатовы вучыць і выхоўваць дастойную змену.

Ала ФАМІНОВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 2 Мсціслава.