“IнФэст” — інклюзіўны фестываль пад Валожынам

- 11:38Сацыяльны ракурс

Прадуманыя маршруты для калясачнікаў, пандус каля сцэны і паўсюль белыя майкі валанцёраў, гатовых дапамагчы чалавеку з інваліднасцю — інклюзіўны фестываль “IнФэст” упершыню прайшоў у Налібоцкай пушчы ў суботу. Фудкорт, гульнявая і спартыўная зоны і, канечне, канцэрт беларускіх выканаўцаў сабралі на адной пляцоўцы людзей з інваліднасцю і без.

Разам з арганізатарамі фестываль рыхтавалі ўдзельнікі інклюзіўнага летніка: пад кіраўніцтвам трэнераў яны стварылі экалагічныя арт-аб’екты, раскіданыя па тэрыторыі. Тут і там прыхаваны невялікія кампазіцыі з камянёў і галінак: іх цікава не толькі разглядаць, але і проста знаходзіць. Іншая каманда разам з экспертам-заолагам будавала хаткі для птушак і насякомых. Група, што займалася пляценнем з лазы, усталявала вялізную фігуру чалавека, які абдымае дрэва, — выдатны сімвал для інклюзіўнай экасцежкі “Белакорац”, на якой размясціўся фестываль.

Летнік асаблівы тым, што ў адным палатачным гарадку сабраліся людзі з рознымі відамі і ступенямі інваліднасці і нават рознага ўзросту, сярод удзельнікаў былі і дзеці. Большасць з іх ніколі не спрабавалі жыць у палатцы, разам арганізоўваць побыт і знаходзіць узаемаразуменне.

Вялікую карысць лагер і фестываль прынеслі трэнерам, майстрам і партнёрам: большасць з іх ніколі не працавалі з людзьмі з інваліднасцю. Тут яны атрымалі свой першы вопыт, а значыць, цяпер будуць гатовы займацца з людзьмі з асаблівымі патрэбамі. Гэта як яшчэ адзін крок да безбар’ернага асяроддзя.

— Пакуль мы выкарыстоўваем тэрміны “інклюзіўная сцяжына”, “інклюзіўная школа”, “інклюзіўны барыста”, — заўважыла Наталля Стасевіч, прадстаўнік дэлегацыі Еўрапейскага саюза, спонсара праекта “Валожын без бар’ераў”, у рамках якога прайшоў фестываль. — Але калі ўмовы стануць роўныя, не будзе патрэбы гэта прагаворваць: калі гэта сцяжынка, то яна для ўсіх.

Для гасцей працавалі адукацыйныя пляцоўкі, праводзіліся майстар-класы і воркшопы. Можна было навучыцца рабіць гліняныя збаны і сувеніры, заняцца інклюзіўнай ёгай на свежым паветры. Дзецям даспадобы прыйшлося знаёмства з залацістымі рэтрыверамі — гэтых сабак выкарыстоўваюць у рэабілітацыі і падтрымцы людзей з інваліднасцю. Таксама маленькія гледачы паўдзельнічалі ў гульнях дзіцячага тэатра “Звар’яцелы калектыўчык “Гузікі” з Ракава.

Ніколі не пуставала і сенсорная сцежка, пракладзеная ўдзельнікамі летніка разам з дызайнерам Дзінай Лявонавай. Сцежка выкладзена рознымі матэрыяламі: ігліцамі, пяском, дрэвам, мохам. З заплюшчанымі вачыма дзеці і дарослыя праходзілі па сцежцы, спрабуючы праз дотык вызначыць, што ў іх пад нагамі.

Завяршылася свята выступленнямі беларускіх музычных калектываў, сярод якіх былі групы :B:N: і Acute.

У арганізацыі фестывалю прынялі ўдзел Валожынскі раённы выканаўчы камітэт, грамадскія аб’яднанні “Беларускае таварыства інвалідаў” і “Адпачынак у вёсцы”, мясцовы фонд садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва “Інтэракцыя”. Плануецца, што фестываль стане штогадовым і будзе толькі адной з актыўнасцей, якія ўдыхнуць жыццё ў інклюзіўную экалагічную сцежку. А каб маштабаваць удалы вопыт супрацоўніцтва раённага кіраўніцтва, грамадскіх арганізацый і мясцовых кампаній, арганізатары збіраюцца правесці семінары і адукацыйныя візіты ў Валожын для прадстаўнікоў органаў улады з іншых рэгіёнаў.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.