Ініцыятыўныя і дасведчаныя

Лепшыя юныя знаўцы сучасных тэхналогій — навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Віцебшчыны — бяруць удзел у фінале рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі “JuniorSkills Belarus 2018”.

Рэгіянальны этап спаборніцтва, арганізатарамі якога выступілі ўпраўленне адукацыі аблвыканкама, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і абласны Палац дзяцей і моладзі, сабраў амаль 100 удзельнікаў ад 6 да 17 гадоў па 13 кампетэнцыях. У кожнай з іх былі прапанаваны арыентаваныя на практычнае прымяненне заданні. Напрыклад, у кампетэнцыі “Інжынерны дызайн CAD” патрабавалася з выкарыстаннем спецыяльных камп’ютарных праграм вырабіць чарцёж механізму дзвярнога замка, пабудаваць 3D-мадэль аб’екта і анімаваць яе па прапанаваных журы чарцяжах. У кампетэнцыі “Графічны дызайн” канкурсанты распрацоўвалі лагатып, афішу і флаер для XXI навукова-практычнай канферэнцыі “Квант”, а ў “WEB-дызайне” ў адпаведнасці з прапанаванымі журы скрыншотам галоўнай старонкі і кантэнтам стваралі сайт для аздараўленчых лагераў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Дзякуючы кампетэнцыі “Казачны свет” у фае абласнога палаца дзяцей і моладзі ажыла сапраўдная казка, сабраная з адукацыйных канструктараў LEGO. Навучэнцы дэманстравалі свае веды і магчымасці ў розных катэгорыях, сярод якіх графічны і інжынерны дызайн, мадэляванне адзення, нейратэхналогіі, сеткавае і сістэмнае адміністраванне, тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў, мультымедыйная журналістыка.

— Робататэхніка, прататыпаванне і іншыя IT-напрамкі дастаткова новыя ў дадатковай адукацыі, але яны вельмі папулярныя ў дзяцей, — падкрэсліла загадчык сектара навукова-тэхнічнай творчасці і інфармацыйных тэхналогій Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Таццяна Нарубіна. — Гэты конкурс — выдатная магчымасць яшчэ ў школьныя гады пазнаёміцца на практыцы з самымі запатрабаванымі прафесійнымі кампетэнцыямі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.