Ініцыятыва кіраўніка гарантуе поспех

На базе Мазырскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі прайшоў Савет дырэктараў шматпрофільных цэнтраў дадатковай адукацыі Гомельскай вобласці. Прааналізавана выніковасць дзейнасці шматпрофільных устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў 2020/2021 навучальным годзе.

Дырэктар абласнога Палаца творчасці Святлана Якіменка расказала пра ўдзел у выставах, конкурсах рознага ўзроўню, абазначыла актуальныя пытанні дзейнасці цэнтраў творчасці па рабоце з педагагічнымі кадрамі, звярнула ўвагу на перспектывы актывізацыі інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, стварэнне праграм з павышаным узроўнем вывучэння адукацыйных галін.

Шэраг кіраўнікоў з розных устаноў вобласці былі адзначаны за прафесіяналізм, высокую выніковасць і поспехі навучэнцаў. Маладым педагогам прадставілі мадэль самакіравання на аснове дзейнасці Маладзёжнага парламента Мазырскага цэнтра творчасці. Ён прызнаны лепшым на рэспубліканскім узроўні.

У межах савета ўдзельнікі наведалі вернісаж педагагічных знаходак: прэзентацыю праектаў па дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчым мастацтве, метадычны кейс, майстар-класы па музычнай творчасці, а таксама сталі гасцямі ясляў-сада № 41 Мазыра, дзе пазнаёміліся з сучаснымі падыходамі да арганізацыі дадатковай адукацыі выхаванцаў дашкольнай установы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.