Ініцыятыва — у руках моладзі

- 10:00Актуально, Апошнія запісы

Міністр адукацыі Ігар Карпенка сустрэўся з членамі Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў.

На пляцоўцы Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі адбыўся дыялог “Выбірай! Ініцыіруй! Дзейнічай!”. Удзел у сустрэчы прыняў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.

Маладзёжны парламент пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў у гэтым годзе адзначае 10-гадовы юбілей і да гэтай даты падышоў са значнай колькасцю маладзёжных праектаў і ініцыятыў. З 2019 года парламент уключае ў сябе дзве палаты: вучнёўскую і студэнцкую, што дазваляе акумуляваць усе праекты і аб’ядноўваць моладзь Гродзеншчыны.

На сустрэчу з міністрам адукацыі прыйшлі як навічкі, так і вопытныя парламентарыі. Маладыя людзі падзяліліся ўражаннямі аб тым, як у іх раёнах стартавала выбарчая кампанія 6-га склікання, расказалі пра рэалізацыю значных маладзёжных ініцыятыў. І, безумоўна, кожны хацеў атрымаць ад міністра адукацыі адказ на сваё пытанне.

— У рамках рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі мы падтрымліваем ініцыятывы маладзёжных парламентаў, — адзначыў падчас сустрэчы Ігар Карпенка. — Усіх маладых людзей, дзяцей і падлеткаў разглядаем як актыўных суб’ектаў адукацыйнага працэсу і рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Вельмі важна, каб вы самі імкнуліся прымаць удзел у мерапрыемствах, актыўна рэалізоўвалі свае праекты. Безумоўна, дзяржава вызначае прыярытэтныя кірункі, падказвае, на што звярнуць увагу. Ініцыя­тыва — у вашых руках. А мы вас будзем заўсёды падтрымліваць.

Міністр адукацыі падкрэсліў, што рух парламентарызму адыгрывае значную ролю ў пытаннях рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Гэты рух таксама дазваляе маладым людзям акумуляваць пытанні, праблемныя тэмы, якія яны могуць напрамую давесці да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутацкага корпуса і такім чынам садзейнічаць удасканаленню і маладзёжнай, і адукацыйнай палітыкі, і ўвогуле сацыяльнай палітыкі дзяржавы.

Адказваючы на пытанне пра адносіны да сацыяльных сетак, міністр адукацыі заўважыў, што можна выказваць словы адабрэння ці не, але яны ёсць. Даследаванні паказваюць, што большасць інфармацыі моладзь бярэ менавіта ў сацыяльных сетках. Але яны могуць несці як пазітыў, так і негатыў. Галоўнае, каб моладзь умела выбіраць неабходную інфармацыю і праца­ваць з ёй. І ўсё ж зносіны чалавека адно з адным ніякая сацыяльная сетка не заме­ніць.

— Карыстайцеся магчымасцю мець зносіны, — параіў Ігар Карпенка, звяртаючыся да маладых людзей. — У выніку выбараў у Маладзёжны парламент у вас скла­дзецца калектыў аднадумцаў, дзе вы будзеце не толькі абмяркоўваць сур’ёзныя пытанні, дзе ўстановяцца міжасобасныя адносіны, нехта пасябруе, і гэта таксама доб­ры сацыяльны вопыт, які дазво­ліць вам падрыхтавацца да самастойнага жыцця.

Маладых людзей цікавілі змяненні, унесеныя ў новы Кодэкс аб адукацыі, прэферэнцыі пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Яны нават пацікавіліся, якія ўспаміны ў міністра адукацыі звязаны з яго малой радзімай. Размова адбылася адкрытая і даверлівая.

— Прыемна адзначыць, што хлопцы і дзяўчаты, якія працавалі ў 5-м скліканні Маладзёжнага парламента, праяўляюць цікавасць да працягу гэтай дзейнасці, многія заявілі, што ўжо ўвайшлі ў выбарчую кампанію 6-га склікання. Выбары пройдуць па акругах, якія тэрытарыяльна супадаюць з адміністрацыйнымі раёнамі Гродзенскай вобласці, яшчэ чатыры акругі — УВА Гродна. На сустрэчы прагучала шмат прапаноў, якія будуць цікавыя для моладзі нашага рэгіёна і ў цэлым для краіны, — адзначыў Руслан Абрамчык.

Напрыканцы сустрэчы міністр адукацыі падарыў маладым людзям кнігі — новае выданне “99 знаменитых мест Беларуси”. Ігар Карпенка таксама азнаёміўся з работай аб’яднанняў па інтарэсах Гро­дзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтар
а.