Ініцыятывам моладзі гарантавана падтрымка

Актуальныя пытанні маладзёжнай палітыкі міністр адукацыі Ігар Карпенка абмеркаваў са студэнтамі ў Гродне.

Кіраўнік ведамства прыняў ­удзел у дыялогавай пляцоўцы “Роля студэнцкага самакіравання ў развіцці інавацыйных форм выхавання студэнцкай мола­дзі”, якая праходзіла ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў рамках пашыранага пасяджэння Рэспубліканскага савета рэктараў і сабрала прадстаўнікоў студэнцкага самакіравання з усёй краіны. У гэты ж дзень ён сустрэўся са студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

Рабочую паездку міністр адукацыі пачаў з візіту ў аграрны ўніверсітэт. У гэты дзень ГДАУ святкаваў сваё 70-годдзе і прымаў шмат гасцей. Ігар Карпенка ў фармаце адкрытага дыялогу пагутарыў з будучымі аграрыямі.

— Не мог не скарыстаць выпадак сустрэцца з вамі, бо сёння пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу нельга вырашаць якасна без вашага актыўнага ­ўдзелу, — заўважыў міністр адукацыі, звяр­таючыся да студэнтаў. — Можна гадзінамі чы­таць вам лекцыі, але калі вы нічога не зробіце для таго, каб засвоіць веды і набыць практычны навык, выніку не будзе. Павінна быць зваротная сувязь. Пытанні развіцця ўніверсі­тэта заўсёды абмяркоўваюцца на савеце ўстановы адукацыі, у склад якога абавязкова ўваходзяць студэнты. УВА — зладжаны механізм. Мы разглядаем кожнага студэнта, выкладчыка і нават вашых бацькоў, грамадскасць, як актыўных удзельнікаў  адукацыйнага працэсу.

Кіраўнік ведамства расказаў пра перспектывы развіцця нацыя­нальнай сістэмы адукацыі, кан­цэпцыю развіцця адукацыі да 2030 года, пра практыка-арыентаваную падрыхтоўку ў сістэме вышэйшай адукацыі. Так, з прыняццем новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, абапіраючыся на праграмныя агульныя падыходы, УВА таксама атрымаюць магчымасць разам з заказчыкамі кадраў вызначаць змест адукацыі, што толькі будзе спрыяць хуткаму развіццю ўстаноў адукацыі. Потым міністр адказаў на пытанні студэнтаў.

У ГрДУ імя Янкі Купалы ­ўдзел у рабоце дыялогавай пляцоўкі прынялі прадстаўнікі Каардынацыйных студэнцкіх саветаў УВА краіны. Адкрываючы сустрэчу, старшыня Рэспубліканскага студэнцкага савета Іван Рыбнікаў заклікаў маладых людзей актыўна ўключыцца ў абмеркаванне пытанняў, якія хвалююць студэнтаў, а менавіта іх і прадстаўлялі лідары кожнай установы вышэйшай адукацыі рэспуб­лікі. Некаторыя з іх, у сваю чаргу, расказалі пра праведзеную ў мінулым годзе работу, рэалізаваныя ініцыятывы і планы на будучыню.

Ігар Карпенка адзначыў, што яму важна паслухаць, як лідары студэнцтва арганізоўваюць сваю работу, узаемадзейнічаюць з дэканатамі, рэктаратамі сваіх устаноў.

— Сістэмны дыялог са студэнцкай моладдзю ў нас заўсёды бу­дзе, — запэўніў Ігар Васільевіч. — І тое, што сёння ўпершыню студэнтаў у такім складзе запрасілі на савет рэктараў, сведчыць пра разуменне таго, што мы павінны стаць акадэмічнай супольнасцю, якая зацікаўлена ў якасці адукацыі. Для мяне важна адчуваць пульс студэнцтва. Яно павінна і можа аказ­ваць уплыў на сучасныя адукацыйныя працэсы.

Падчас сустрэчы ў ГрДУ імя Янкі Купалы міністр адукацыі таксама  адказаў на пытанні мола­дзі. Так, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту цікавіўся, ці прадоўжыцца  ў гэтым го­дзе рэспубліканскі праект цягніка “#Беларусь. Моладзь. Натхненне”, ­удзельнікам якога яму давялося стаць у мінулым годзе і ўражанні ад якога засталіся дагэтуль.

Ігар Карпенка адказаў, што цалкам падтрымлівае гэты ўнікальны праект. Сёлета цягнік адправіцца па абласцях рэспублікі 15 ліпеня, а стартаваць будзе ў маладзёжнай сталіцы — Гродне. У сваю чаргу, міністр прапанаваў актыўным студэнтам падумаць, як можна ўзняць прэстыж прафесіі настаўніка, магчыма, праз стварэнне добрых кінастужак пра школу.

У канцы сустрэчы Ігар Карпенка падкрэсліў, што заўсёды падтрымае здаровыя, сацыяльна значныя ініцыятывы моладзі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.