Ініцыятыву і адказнасць дзяліць у роўнай меры

На сумесным пасяджэнні калегій Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму абмяркоўвалася пытанне, якое тычыцца больш цеснага ўзаемадзеяння органаў кіравання фізічнай культурай, спортам і турызмам з органамі кіравання адукацыяй, а таксама перспектывы далейшага ўдасканалення сістэмы фізічнага выхавання і спорту дзяцей і навучэнскай моладзі ў нашай краіне. У нарадзе прыняў удзел намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.А. Тозік. На пасяджэнні прысутнічалі міністр адукацыі С.А. Маскевіч, міністр спорту і турызму А.І. Шамко, намеснік міністра адукацыі В.В. Якжык, першы намеснік міністра спорту і турызму А.С. Гагіеў.

У аснове работы, накіраванай на аптымізацыю спорту ў нашай краіне, знаходзяцца Дзяржаўная праграма развіцця фізічнай культуры і спорту на 2011—2015 гады і праграма развіцця студэнцкага спорту да 2014 года.
Што тычыцца студэнцкага спорту, то сёння ва ўстановах вышэйшай адукацыі працуюць каля дзвюх з паловай тысяч выкладчыкаў фізічнага выхавання. З іх больш за 90% — з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Ва ўсіх УВА створаны кафедры фізічнага выхавання і спорту. Каб адабраць найбольш таленавітую ў спорце моладзь, вызначаны яго профільныя віды, пры гэтым большасцю ўстаноў абраны менавіта алімпійскія.
У мінулым годзе былі заснаваны студэнцкія лігі па гульнявых відах спорту. Для арганізацыі трэніровачных заняткаў па гэтых відах ва ўстановах вышэйшай адукацыі ўведзена 53 стаўкі трэнераў. Адметна і тое, што УВА актыўна вядуць работу па стварэнні клубаў (каманд) па гульнявых відах спорту.
— Выбіраючы стратэгію развіцця студэнцкага спорту, мы разглядалі спорт у нашых ўніверсітэтах у першую чаргу як кампанент выхавання, фарміравання асобы і сферы занятасці нашай моладзі, — адзначыў Віктар Віктаравіч Якжык. — Таму ў праграме рэспубліканскай універсіяды атрымалі развіццё 18 алімпійскіх і 11 неалімпійскіх відаў спорту. У канцы мінулага года створана Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту. Заснавальнікамі яе сталі ўсе 54 УВА.
Асновай студэнцкага спорту заўсёды было і застаецца развіццё фізічнай культуры і спорту ў школах. Наколькі яны папулярныя сярод школьнікаў, сведчыць той факт, што ўжо шмат гадоў выпускны экзамен па фізкультуры застаецца запатрабаваным сярод навучэнцаў старшых класаў.
Беларусь стала першай сярод краін СНД, дзе былі распрацаваны электронныя сродкі навучання па фізкультуры.

З бягучага навучальнага года прадугледжана гнуткая сістэма тэсціравання школьнікаў, якая дае права выбару альтэрнатыўных практыкаванняў пры вызначэнні ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці школьнікаў 5—11 класаў.
— Сёння для ўсіх навучэнцаў уведзены абавязковы трэці фізкультурны ўрок “Гадзіна здароўя і спорту”, які падаецца выхаванцам школ у выглядзе факультатыву, — паведаміў Віктар Віктаравіч. — Але адназначна, што факультатыўныя заняткі не могуць у поўнай меры замяніць паўнавартасны ўрок фізічнай культуры. Таму Міністэрства адукацыі прапаноўвае вярнуцца да трох фізкультурных заняткаў у школах.
На думку намесніка міністра, сёння адным з важных кірункаў развіцця фізкультуры і спорту з’яўляецца ўсенавуч па плаванні. У гэтай справе важна дасягнуць выкарыстання па максімуме 60 басейнаў сістэмы адукацыі і далучыць усе зацікаўленыя арганізацыі і структуры, якія маюць басейны.
— Адсутнасць басейнаў у асобных раёнах, складанасці ў арганізацыі падвозу вучняў да найбліжэйшых басейнаў ствараюць пэўныя цяжкасці ў арганізацыі сістэмнай работы па навучанні плаванні, — адзначыў В.В.Якжык. — Міністэрства адукацыі прапанавала органам кіравання на месцах разгледзець пытанне аб мэтазгоднасці распрацоўкі рэгіянальных праграм “Школьны басейн”, аднак ініцыятыва не была падтрымана.
Як было адзначана, для навучання школьнікаў плаванню неабходна выкарыстоўваць усе басейны, што ёсць у рэгіёнах, незалежна ад іх ведамаснай прыналежнасці, а таксама на ўзроўні мясцовай улады арганізаваць падвоз вучняў да найбліжэйшых басейнаў, у тым ліку ў суботнія дні. Для больш эфектыўнай работы ў гэтым напрамку ў наступным навучальным годзе будзе праведзены рэспубліканскі фестываль плавання “Залатая рыбка”.
Міністэрства адукацыі асабліва клапоціцца аб правядзенні шостага школьнага дня, які мае ў асноўным фізкультурна-спартыўную накіраванасць. Каля 60 % навучэнцаў школ задзейнічаны ў гэты дзень у спартыўных спаборніцтвах і гульнях. За апошнія пяць гадоў навучальныя ўстановы назапасілі ў гэтым кірунку багаты вопыт. Сёння ў рэгіёнах ёсць шмат школ з трывалымі спартыўнымі традыцыямі. Напрыклад, у сярэдняй школе № 14 Маладзечна адкрыты спартыўныя секцыі па 15 відах спорту, якія працуюць пераважна ў шосты школьны дзень. У школе № 7 Навагрудка па суботніх днях больш за палову навучэнцаў наведваюць секцыі, гурткі і факультатывы спартыўнай накіраванасці. І такія прыклады не адзінкавыя.

Намеснік міністра адукацыі заўважыў, што было б мэтазгодным сумесна з органамі фізкультуры і спорту распрацоўваць каардынацыйныя міжведамасныя планы дзейнасці кожнай ўстановы адукацыі ў шосты школьны дзень. Акрамя таго, не павінны заставацца ўбаку ад фізкультурна-спартыўнай работы і аддзелы культуры, аховы здароўя, МУС, МНС, грамадскія арганізацыі. Неабходна таксама арганізаваць больш цеснае супрацоўніцтва з федэрацыямі па відах спорту ў правядзенні сумесных мерапрыемстваў. (У гэтым навучальным годзе рэалізоўваюцца чатыры новых праекты.)
Самымі масавымі і маштабнымі не толькі ў нашай краіне, але і на постсавецкай прасторы, з’яўляюцца рэспубліканскія спартакіяды школьнікаў. 18 чэрвеня фінал VIII спартакіяды прыме Брэст.
Пераможцы гэтай спартакіяды прымуць удзел у сусветнай гімназіядзе, якая пройдзе ў Бразіліі. Гэта стала магчымым, пасля таго як Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Міністэрства адукацыі стаў паўнапраўным членам Міжнароднай федэрацыі школьнага спорта, куды ўваходзяць больш за 70 краін свету.
Па меркаванні намесніка міністра адукацыі, пры той папулярнасці спартакіяд, якая сёння існуе сярод школьнікаў, іх змест патрабуе некаторага абнаўлення. Важна павысіць ахоп дзяцей спаборніцкай дзейнасцю, а для гэтага неабходна, каб першы этап спартакіяды прайшоў у кожным раёне. Неабходна задзейнічаць школьныя гурткі і секцыі, фізкультурна-спартыўныя аб’яднанні дадатковай адукацыі і, вядома ж, дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы. На сёння ў падначаленні аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі рэгіёнаў знаходзяцца 36 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, дзе займаюцца больш за 15 тысяч чалавек, у тым ліку ў сельскай мясцовасці — амаль тысяча семсот школьнікаў.
Для развіцця масавасці фізкультуры і спорту ў сістэме адукацыі існуе сетка ўстаноў дадатковай адукацыі — фізкультурна-спартыўныя цэнтры. Сёння іх 24, і там займаюцца больш за 24 тысячы дзяцей і падлеткаў. У гэтых установах культывуюцца 50 відаў спорту, з якіх 23 алімпійскіх і 27 неалімпійскіх. Адметна, што сярод юных спартсменаў, якія наведваюць гэтыя цэнтры, нямала дзяцей-сірот, дзяцей са шматдзетных сем’яў, і тых, хто схільны да правапарушэнняў. Таму вельмі важна захаваць інтарэс у гэтай катэгорыі дзяцей да фізкультуры і спорту і тым самым заняць іх карыснай справай. Таму было б мэтазгодным развіваць сетку ўстаноў дадатковай адукацыі і адкрываць фізкультурна-спартыўныя цэнтры ў кожным раёне.
— Сусветная практыка паказвае, што дзіцяча-юнацкі спорт — аснова самых высокіх спартыўных дасягненняў, — падкрэсліў Віктар Віктаравіч. — Таму важна забяспечыць пераемнасць школьнага і студэнцкага спорту, тым больш, што звыш 70% членаў нацыянальных каманд — гэта студэнцкая моладзь. Пацвярджэннем паспяховай работы УВА з іх трывалым кадравым і матэрыяльным рэсурсам сталі высокія вынікі беларускіх студэнтаў-спартсменаў у міжнародных універсіядах, якія вызначылі сусветны рэйтынг нашай краіны і дазволілі Беларусі ўвайсці ў лік дваццаці пяці наймацнейшых краін свету.
Кіраўнікам рэгіёнаў, рэктарам УВА прапанавана распрацаваць на найбліжэйшыя гады перспектыўныя планы па развіцці профільных відаў спорту. У першую чаргу неабходна выкарыстоўваць магчымасці ўніверсітэтаў, якія рыхтуюць спецыялістаў па фізічнай культуры, а таксама ўсіх рэгіянальных УВА, якія маюць добрую спартыўную базу.
В.В.Якжык падкрэсліў, што ў нашай краіне сёння створана і функцыянуе сістэма падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву, аснову якой складае школа, установа дадатковай адукацыі, дзе адбываецца першаснае далучэнне дзяцей да фізкультуры і спорту, а настаўнік з’яўляецца ключавой фігурай у гэтым працэсе. Другое звяно ў гэтым ланцугу — спартыўныя школы, дзе ідзе далейшае далучэнне дзяцей да спартыўных заняткаў і ў ходзе іх адбываецца адбор найбольш таленавітых. Трэці этап — гэта пераход іх у найвышэйшае звяно спартыўнай падрыхтоўкі, дзе фарміруюцца нацыянальныя каманды.

Першы намеснік міністра спорту і турызму А.С.Гагіеў засяродзіў увагу на ўдасканаленні падрыхтоўкі спартсменаў і непасрэдна па развіцці студэнцкага спорту.
— Гэтыя напрамкі маюць цесную ўзаемасувязь, патрабуюць максімальнага выкарыстання ўсіх магчымасцей. Але складана чаго-небудзь дасягнуць без развіцця сістэмы фізічнага выхавання ва ўстановах адукацыі, — адзначыў Аляксандр Славіевіч Гагіеў. — Таму наша задача — працаваць у цесным узаемадзеянні, шукаць новыя падыходы і імкнуцца да іх паспяховай рэалізацыі.
Прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму прызнаў, што ў цэлым па краіне цікавасць у дзяцей і моладзі да фізічнай культуры і спорту нязменна расце. За апошнія гады забяспечанасць устаноў адукацыі спартыўнымі збудаваннямі павялічылася больш чым у два разы. З улікам аптымізацыі фонд спартыўных збудаванняў устаноў адукацыі папоўніцца яшчэ на 1,5 тысячы аб’ектаў, куды ўвойдуць лядовыя палацы, плавальныя басейны, комплексныя спартыўныя збудаванні. Мяркуючы па гэтых фактарах, спартыўна-аздараўленчую работу можна праводзіць больш маштабна, таму мэтазгодным было б увядзенне ў вучэбны працэс устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі трэцяга ўрока фізічнай культуры.
Як было адзначана, павелічэнне колькасці ўрокаў па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” дазволіць павысіць рухальную актыўнасць навучэнцаў, эфектыўнасць і якасць фізкультурна-аздараўленчай работы ва ўстановах адукацыі. Дарэчы, з мінулага навучальнага года ва ўсіх школах Расійскай Федэрацыі быў уведзены трэці ўрок фізкультуры, як абавязковая гадзіна да вучэбнай нагрузкі школьніка без шкоды для іншых агульнаадукацыйных прадметаў. Прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму адзначыў таксама, што школьныя спартакіяды не павінны быць абмежаваны раёнамі, ім трэба выходзіць на абласны і рэспубліканскі ўзроўні. Міністэрства спорту і турызму ўнесла прапанову аб арганізацыі рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод школьнікаў па тых відах спорту, якія ўпісваюцца ў вучэбную праграму і найбольш папулярныя сярод школьнікаў. Больш за тое, галіновае міністэрства гатова аказваць у гэтым фінансавую падтрымку.
А.С.Гагіеў адзначыў, што пры аптымізацыі сеткі навучальных і спартыўных устаноў, галоўным аспектам павінна стаць прадастаўленне дзецям максімальных магчымасцей для рэалізацыі ў выбраным відзе спорту ў раённых і гарадскіх фізкультурна-спартыўных клубах, цэнтрах фізкультурна-аздараўленчай работы і ўстановах дадатковай адукацыі. Аддзелы адукацыі, спорту і турызму гарадскіх і раённых выканкамаў павінны развіваць новыя напрамкі сваёй дзейнасці, у тым ліку правядзенне фізкультурна-аздараўленчай работы з насельніцтвам па месцы жыхарства, у працоўных калектывах прадпрыемстваў і арганізацый, даваць максімальную загрузку фізкультурна-спартыўных збудаванняў, развіваць турызм.

Важным напрамкам у сумеснай рабоце органаў кіравання адукацыяй, фізічнай культурай і спортам з’яўляецца арганізацыя падрыхтоўкі найбольш перспектыўнага рэзерву ў спецыялізаваных спартыўных класах. Пры параўнальна невысокіх выдатках такія класы павінны стаць значным звяном у падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву, але, на жаль, сёння гэтая форма не ў поўнай меры выкарыстоўваецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
У цэлым па краіне назіраецца нізкі ахоп падрыхтоўкай у спецкласах па вольнай барацьбе, боксе, веласпорце, веславанні на байдарках і каноэ, дзюдо, лёгкай атлетыцы, лыжных гонках, стральбе кулявой, таэквандо, тэнісе, настольным тэнісе, фехтаванні і цяжкай атлетыцы.
Найбольшыя праблемы па фарміраванні спецыяльных класаў узнікаюць на раённым узроўні. Напрыклад, са 118 раёнаў краіны толькі ў 10 ёсць такія класы.
— У новым фармаце ўзаемадзеяння органаў кіравання адукацыяй і органаў кіравання спортам мы павінны вывесці гэтую работу на новы арганізацыйны ўзровень, — падкрэсліў Аляксандр Славіевіч Гагіеў. — У гэтым пытанні павінна быць поўнае паразуменне на месцах. У арганізацыі спецыяльных класаў ініцыятыва і адказнасць у роўнай меры павінна зыходзіць як ад сістэмы спорту, так і ад сістэмы адукацыі.
На сумесным пасяджэнні калегій віцэ-прэм’ер Анатоль Афанасьевіч Тозік выказаўся аб тым, што трэба дакладна размежаваць функцыі паміж сістэмай адукацыі і сістэмай спорту і турызму. У сферу кампетэнцыі Міністэрства адукацыі трэба ўнесці пытанні фізічнага выхавання i масавага спорту дзяцей, навучэнцаў і студэнцкай моладзі, а ў сферу кампетэнцыі Міністэрства спорту і турызму — пытанні падрыхтоўкі спартыўнага рэзерву, спорту вышэйшых дасягненняў, прафесійнага спорту.

Ала КЛЮЙКО.